Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрнэт-супольнасьць беларускіх літаратараў мала калі гаворыць пра расейскіх пісьменьнікаў. Зрэшты, пра саміх пісьменьнікаў то яшчэ хай сабе — бо даюць нагоду для выказваньня, падпісваючы рознага кшталту калектыўныя лісты. А вось творы не абмяркоўваюцца зусім. Шкада, бо і днр-аўца, і лдпр-аўца і іншых «аўцаў» варта ведаць у твар. Нават калі і глядзець на гэты твар не заўжды хочацца.

Як паведамляюць расейскія СМІ, у бібліятэках Масквы найбольш папулярныя аўтары — Віктар Пялевін і Захар Прылепін. І калі першага ў Беларусі ведаюць даволі добра, то другі неяк знаходзіцца ў ценю і змроку, адкуль выйшаў параўнальна нядаўна, калі перамог беларускую пісьменьніцу Сьвятлану Алексіевіч у змаганьні за прэмію «Вялікая кніга». Прылепін ад пачатку падтрымлівае сэпаратыстаў, і тую ж прэмію раздаў на «дапамогу Наваросіі». Творчасьць і асобу аўтара прынята разасабляць. Тым ня менш, апошні склад гэтага дзеяслова штораз узлазіць на язык, калі чытаеш пра чарговую хрэнь, куды ўлез культурны дзеяч, чымсьці табе прыемны. Да таго ж, пры «імпэрскай доўгатэрміновасьці» Расеі ясна, што чакаць эзрапаўндаўскага ці то кнутагамсунаўскага пакаяньня ня варта. Яны й за Курапаты яшчэ прабачальнай тэлеграмы не дасылалі.

Пакуль зьбіраўся з думкамі, зьявілася й чарговая калёнка Віктара Марціновіча, дзе апошні безапэляцыйна абвясьціў пра сваё цяперашняе нежаданьне знаходзіцца ў адной літаратуры з Прылепіным. Узьнікае справядлівае пытаньне, у якой літаратуры ён знаходзіўся раней і нашто яму далі тады прэмію імя Максіма Багдановіча (яраслаўскага жыхара, для якога падобная праблема не была характэрнай). Зрэшты, у выпадку з калёнкай Марціновіча імя Прылепіна ёсьць чарговай чырвонай анучай, вірусным элемэнтам, на якую кінуцца камэнтатары. Да таго ж, робячы прыгожы жэст, ён адначасна ставіць сябе і Прылепіна на адны вагі, пастулюючы поўную роўнасьць, а сям-там і перавагу над расейскім аўтарам. Што, па-мойму, рабіць яму яшчэ ранавата.

Прылепін — пісьменьнік, безумоўна, марціновічаўскага гатунку. Але са знакам якасьці. Гаворачы пра ягоны новы раман «Абіцель», я бы ня стаў так лёгка адкідваць яго ўбок, як гэта робіць Віктар Марціновіч, прыкалупаўшыся да нейкіх там клапоў у дзённым сьвятле. Раман нядрэнны, і праца туды ўкладзена немалая. Пра Украіну і Пуціна там ні слова няма.

Крыху перадгісторыі для паспалітага чытача. Захар Прылепін зьвярнуў на сябе чытацкую ўвагу пасьля свайго першага раману «Паталёгіі», дзе апісваў уласны досьвед удзельніка чачэнскай кампаніі, навабранца, які ўпершыню ваюе, забівае і страчвае баявых сяброў. Бадай што гэты твор з усіх прачытаных мною кніжак Прылепіна пакінуў найбольшае ўражаньне. Шлейф ад «Паталёгій» цягнецца за Прылепіным дагэтуль. Найперш гэта псыхалягічныя якасьці героя ягонай прозы: жорсткасьць, вытрымка, цярплівасьць, пэўная чэрствасьць характару, маскуліннасьць, любоў да гарэлкі, імгненная гатоўнасьць страляць па загадзе, яўная ксэнафобія і сьлязьлівы, сэнтымэнтальны лірызм у адносінах да жанчыны (мэлядраматычная калізія — стрыжнявая для ягоных раманаў, даволі розных па сюжэце). У нейкім сэнсе гэта абагулены партрэт «рускага мужыка», знаёмы беларусам з маршруткавых галашэньняў маскоўскага шансону рознай ступені цяжкасьці. Нягоды, празь якія праходзіць кожны герой Прылепіна, як быццам выйшлі з таго турэмнага ці то аўганскага, а можа, і народнага фальклёру — зь мяшчанскіх рамансаў, напрыклад. Тым ня менш, самая фактура ў ягонай прозе вельмі часта ўнікальная.

Большасьць пісьменьнікаў прыходзіць у літаратуру з гуманітарнай сфэры. Прылепін жа прыйшоў амаль ад сахі, хіба толькі ў яе сучасным разуменьні: то бок ад гумовага мянтоўскага дручка. І досьвед спэцназаўца-нацбола-амапаўца-чачэнскага «міратворца» ён і выклаў у сваіх раманах. Я б не сказаў, што гэта проза вышэйшай якасьці. Але яна няблага зробленая і справу сваю робіць: інакш бы яе не чыталі (гэта не дэтэктыў, не жаночы раман і наагул не масліт).

«Абіцель» — спроба выйсьці за межы іміджу і часу (прылепінскія кнігі найчасьцей пра «ліхія» 1990-я). Месцам дзеяньня абраны Салавецкі лягер пры канцы 1920-х гадоў. Тут ужо з дручком не разгуляесься, бо трэба апісаць псыхіку вязьня. Якасьці асноўнага героя (гл. вышэй) нікуды не падзеліся, аднак маўленчае поле, на якім ён дзейнічае, значна шырэйшае. Аўтар нядрэнна ўзнаўляе лягерны побыт і моўнае рознагалосьсе вязьняў: сялянаў, блатных, былых афіцэраў і арыстакратаў, сьвятароў, гарадзкіх інтэлігентаў. Назіраць за гэтымі лексыка-сынтаксычнымі перападамі даволі прыемна, бо часьцей празаікі лянуюцца займацца гэтым і зьліваюць усе дыялёгі ў адзіны аднатонны маналёг. Добра аўтар разрабляе і псыхічны стан камфорту/дыскамфорту героя, паказваючы яго хутчэй як жывёлу, што супраціўляецца зьменам, якія спрабуюць яму навязаць (як фізычным, так і духоўным — рэлігійным, напрыклад). Ён ня хоча ні ў стан інтэлігенцыі, ні імпэрскіх чыноўнікаў, ні сьвятароў. Супрацьстаіць усім, каб застацца статычным. І гэтым зьдзіўляе кожнага.

Абсалютызацыя жывёльнага пачатку нагадвае апавяданьні Міхася Зарэцкага 1920-х гадоў: такія героі былі для беларускага аўтара тыповымі. Але ў Зарэцкага яны былі нібыта носьбітамі новага мысьленьня, прадуктыўнага, перадавога. У Прылепіна гэта хутчэй як філязофія жыцьця, якая арганізуе ўвесь раман (і ня толькі «Абіцель», але і «Чорную малпу», і тыя ж «Паталёгіі»).

Вайну можна перажыць, але выціснуць зь сябе — не. Мне думаецца, якраз праз сваё чачэнскае мінулае Прылепін і прыходзіць да падтрымкі ДНР. Гэты смак вайны, смак сьмерці і «лёгкасьці быцьця» — дзе найважнейшае: пачувацца «мужыком», а не чалавекам — ён неадчэпны. Прылепін уважае сябе за «місыянэра» і правадыра імпэрскіх поглядаў, ён ганарыцца ўласнымі прынцыпамі, але мне чамусьці бачыцца далёка не бяздарны аўтар, якога гэтая імпэрыя зжэрла і ператравіла.

І сьмяяцца тут няма з чаго.​

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG