Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААТ «Брэсцкае піва» — банкрут, яго прададуць


піва
піва

Пра пляны прадаць «Брэсцкае піва» распавёў старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс. Паводле ягоных словаў, аўкцыён адбудзецца ў сакавіку-красавіку і ўжо «ёсьць фірмы, вядомыя броварныя кампаніі, якія выказваюць жаданьне яго набыць».

Эканамічны суд прызнаў ААТ «Брэсцкае піва» банкрутам яшчэ ў лістападзе 2014 году. Не ўратавала і праведзеная ў 2004–2010 гадах мадэрнізацыя, калі набылі замежнае абсталяваньне.

Яшчэ на пачатку 2014 году ў СМІ трапіла скарга працаўнікоў заводу, якія выказвалі заклапочанасьць, што мадэрнізаванае прадпрыемства рыхтуюць да рэйдэрскага захопу:

«Пакуль справы робяцца толькі горш і горш. Гэта падобна да адмысловага давядзеньня прадпрыемства да банкруцтва з мэтай далейшага продажу за капейкі», — выказвалі меркаваньне працаўнікі заводу.

Дырэктар прадпрыемства Алег Кісель у лютым 2014 году ў інтэрвію газэце «Брэсцкі кур’ер» адкінуў такія абвінавачваньні, назваўшы іх беспадстаўнымі «чуткамі».

Пакуль не раскрываецца, якія канкрэтна кампаніі, паводле Анатоля Ліса, «выказваюць жаданьне набыць» ААТ «Брэсцкае піва». Вядома, што некалькі гадоў таму прадпрыемствам цікавіліся інвэстары з Чэхіі, аднак тады ні да чога не дамовіліся.

Два гады таму экспэрты выказвалі думку, што «Брэсцкае піва» магла б набыць украінская кампанія «Абалонь». Некаторыя гатункі піва гэтай маркі выпускаліся Берасьцейскім броварам па ліцэнзіі. Таксама выказваецца меркаваньне, што «Берасьцейскае піва» можа набыць кампанія з расейскімі каранямі «Аазіс груп», якая некалькі гадоў супрацоўнічае з прадпрыемствам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG