Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусі выгадней прадаваць бэнзін ва Ўкраіну і на Захад, чым у Расею


Беларусь мае намер зьменшыць пастаўкі ў Расею нафтапрадуктаў, найперш бэнзіну. Пра гэта паведамляе расейская газэта «Ведомости».

Паводле расейскага выданьня, беларуская дэлегацыя на чале зь віцэ-прэм’ерам Уладзімерам Сямашкам сёньня павінна зноў прыехаць у Маскву, каб працягнуць адпаведныя перамовы. Аргумэнты афіцыйнага Менску наступныя: з-за дэвальвацыі расейскага рубля Беларусь губляе значныя сумы, і таму ёй нашмат выгадней прадаваць бэнзін у іншыя краіны.

Але Беларусь зьвязаная абавязаньнямі перад Расеяй. Паводле дамоўленасьцяў, Расея сёлета мусіць паставіць у Беларусь 23 мільёны тон сырой нафты. А Беларусь абавязалася за гэта перадаць на расейскі рынак 1,8 мільёна тон нафтапрадуктаў. Таму, калі Менск захоча прадаваць меней бэнзіну. Масква можа зьменшыць пастаўкі нафты.

«Ці ёсьць у беларускага боку падставы для гандлю з расейскім бокам, залежыць ад таго, што дакладна прапісана ў дамове. Але яна — закрыты дакумэнт», — кажа Свабодзе кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук:

Калі ў дамове прапісаныя дакладныя цэны, то тады Менск нічога ня зможа зрабіць. Калі ж гэтага няма, то тады ёсьць падстава для спрэчкі.

«Калі ў дамове прапісаныя дакладныя цэны, то тады Менск нічога ня зможа зрабіць. Калі ж гэтага няма, то тады ёсьць падстава для спрэчкі. Бо цяпер адна справа — прадаваць нафтапрадукты на Захад альбо ва Ўкраіну. І зусім іншая — у Расею. Калі прадаваць у Расею на расейскіх умовах пры іхняй дэвальвацыі, то гэта зусім ня той бізнэс, на які разьлічвае беларускі бок».

Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

Свае словы Яраслаў Раманчук падмацоўвае наступнай статыстыкай:

«Сярэдняя цана адной тоны нафтапрадуктаў у 2014 годзе была 723 даляры. Але цана тоны, якая пайшла ў Расею, складала 591 даляр. І туды мы прадалі крыху больш як на адзін мільярд даляраў. Ва Ўкраіну мы прадалі больш як на тры мільярды даляраў. Адна тона туды каштавала 924 даляры.

У Расею мы прадалі летась 1 мільён 802 тысячы тон. Калі гэты аб’ём памножыць на цану для Ўкраіны альбо нават на сярэднюю цану, можна падлічыць, колькі дадаткова валюты мела б Беларусь, калі б гандлявала з Расеяй па іншых цэнах».

XS
SM
MD
LG