Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэба быць ідыётамі, каб пры 40 мільярдах даляраў доўгу браць новы крэдыт МВФ, — Леанід Заіка


Леанід Заіка
Леанід Заіка

Сёньня ў Менску завяршае працу місія МВФ пад кіраўніцтвам Дэвіда Гофмана, перад прыездам якой беларускі ўрад заявіў, што хоча новага крэдыту МВФ.

Намесьнік міністра фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч на пачатку сакавіка заявіў, што Беларусь разьлічвае на перамовы пра новы крэдыт МВФ. Ён таксама паведаміў, што новая праграма супрацоўніцтва Беларусі зь Міжнародным валютным фондам ужо гатовая.

Ці можа Беларусь разьлічваць на новы крэдыт МВФ? Радыё Свабода зьвярнулася з гэтым пытаньнем да экспэртаў.

Валеры Палхоўскі
Валеры Палхоўскі

Фінансавы аналітык Валеры Палхоўскі заўважыў, што рабіць адназначныя прагнозы наконт новага крэдыту вельмі складана, тым больш без афіцыйнага заключэньня па выніках місіі МВФ.

«Праграма МВФ нам бы не пашкодзіла, калі б яны дапамаглі акуратна правесьці структурныя рэформы эканомікі. Але ўсё будзе залежаць ад настрою ўладаў: ці будуць яны гатовыя прымаць меры жорсткай бюджэтнай, сацыяльнай эканоміі? Мы бачым, што ў апошнія гады перамовы гэтыя паміж уладамі і МВФ працякалі досыць складана. Ці будзе цяпер новая праграма, сказаць вельмі цяжка, таму што зноў-такі ўстане тое ж самае пытаньне ўсіх гэтых сацыяльных плацяжоў у год прэзыдэнцкіх выбараў», — кажа ён.

Зь іншага боку, на рашэньне МВФ можа паўплываць і палітычная сытуацыя ў сьвеце — у прыватнасьці, супрацьстаяньне Расеі і Захаду,— прызнае экспэрт.

Шчыра кажучы, мы ўсе добра разумеем, што ў МВФ, нягледзячы на пастаянныя дэклярацыі пра тое, што яны арганізацыя выключна эканамічная, палітычныя рашэньні таксама прымаюць.

«Шчыра кажучы, мы ўсе добра разумеем, што ў МВФ, нягледзячы на пастаянныя дэклярацыі пра тое, што яны арганізацыя выключна эканамічная, палітычныя рашэньні таксама прымаюць. Казаць пра тое, што цяпер гэтая сытуацыя (супрацьстаяньне Расеі і Захаду. — РС) не адаб’ецца, усё ж складана. Мы бачым, як заходнія краіны даюць сыгналы, што яны гатовыя размарозіць адносіны зь Беларусьсю. І ў дадзеным выпадку нейкая праграма ад МВФ магла б выступіць пацьвярджэньнем гэтых намераў», — лічыць фінансавы аналітык.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка таксама зьвярнуў увагу на геапалітычны фактар і на магчымыя спробы Захаду адцягнуць Беларусь ад Расеі.

«Тут трэба тэлефанаваць Бараку Абаму і спытаць, ці будуць даваць амэрыканцы крэдыт. Гэта магчыма, калі будзе ісьці і далей палітычная гульня. Украіна атрымлівае крэдыт, Беларусь таксама можа атрымаць крэдыт. Але гэта, так бы мовіць, стратэгічная задума, яна не адносіцца да дзеяньняў чыноўнікаў, якія прыехалі ў Беларусь».

Паводле чыста фармальных эканамічных крытэраў Менск можа прасіць грошы ў МВФ, але, у адрозьненьне ад Палхоўскага, Заіка лічыць, што новы крэдыт Беларусі насамрэч непатрэбны:

«Трэба быць ідыётам, каб пры 40 мільярдах даляраў зьнешняга доўгу і абавязку штогод выплачваць 4 мільярды (то бок 300 мільёнаў на месяц) браць яшчэ грошы. Гэтыя грошы нас усё роўна не ўратуюць. Яны нічога ня зробяць, акрамя павелічэньня ўзроўню неэфэктыўнасьці».

Міжнародны валютны фонд — гэта камэрцыйная арганізацыя, якая не займаецца дабрачыннасьцю.

«Міжнародны валютны фонд — гэта камэрцыйная арганізацыя, якая не займаецца дабрачыннасьцю. Яна не займаецца нашымі з вамі праблемамі, яна дае грошы, каб зарабіць. На Беларусі можна зарабіць грошы — чаму б не? Але калі ў Беларусі дастаткова прымітыўнае эканамічнае кіраўніцтва, то такія беларусы грошы не аддадуць. І, мяркуючы па ўсім, беларусы ўлазяць у даўгі, таму што самі па 4 мільярды ў год аддаваць ня могуць, а калі будуць аддаваць самі, то толькі за кошт даходаў насельніцтва. А цяпер, „дзякуючы“ гэтым даўгам, беларусы сталі не 600 даляраў атрымліваць зарплату, а 400. Так трэба думаць далей. Калі ласка, бярыце яшчэ даўгі, але будзеце жыць на 300, а потым і на 200 даляраў зарплаты», — падкрэсьлівае Заіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG