Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін распавёў, як Расея анэксавала Крым


Уладзімер Пуцін

Уладзімер Пуцін

Каб заблякаваць і раззброіць украінскіх вайскоўцаў у Крыме, прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін у сакавіку 2014 году даручыў перакінуць на паўвостраў выведнікаў, пяхотнікаў і дэсантнікаў. Пра гэта сам ён распавёў у дакумэнтальным фільме «Крым. Шлях на радзіму», які ў нядзелю паказала расейскае тэлебачаньне.

Паводле словаў Пуціна, на момант расейскага ўварваньня на паўвостраве было 20000 украінскіх вайскоўцаў. Каб заблякаваць і раззброіць іх, неабходныя былі спэцыялісты, адзначыў кіраўнік Крамля.

«Таму я даў даручэньне міністэрству абароны, чаго тут хаваць, пад выглядам узмацненьня аховы нашых ваенных аб’ектаў у Крыме перакінуць туды спэцпадразьдзяленьні ГРУ і сілы марской пяхоты, дэсантнікаў», — распавёў Пуцін.

«Мы ператварылі Крым на крэпасьць — і з мора, і з сушы», — дадаў ён.

Уладзімер Пуцін таксама заявіў, нібыта расейскія ўлады «ніколі не выношвалі плянаў тых дзеяньняў, якія там адбыліся».

«Мы дзейнічалі, зыходзячы з сытуацыі», — адзначыў прэзыдэнт Расеі.

У гэтым жа фільме Ўладзімер Пуцін заявіў, што пасьля зьмены ўлады ва Ўкраіне зімой 2014 году Расея была гатовая прывесьці ў баявую гатоўнасьць свае ядзерныя сілы.

Ва ўкраінскім урадзе раней выказалі жаданьне перадаць фільм «Крым. Шлях на Радзіму» ў міжнародны трыбунал у Гаазе.

У МЗС Латвіі ў нядзелю заявілі, што фільм «Крым. Шлях на радзіму» фактычна пацьвярджае тое, што Расея плянавала анэксію паўвострава.

XS
SM
MD
LG