Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто такія «крамлёўскія тролі»? «Міністэрства праўды» у Пецярбургу


"Міністэрства праўды"

"Міністэрства праўды"

Ужо трэці год, спачатку пад Пецярбургам — у пасёлку Ольгіна, а затым у самім горадзе, на вуліцы Савушкіна, у доме № 55 існуе таямнічая арганізацыя, якая афіцыйна мае назву Таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Інтэрнэт дасьледаваньні», а неафіцыйна празваная самімі яе супрацоўнікамі, так званымі «крамлёўскімі тролямі» — «Міністэрства праўды».

Афіцыйна заснавальнікам і генэральным дырэктарам гэтай арганізацыі зьяўляецца адстаўны палкоўнік міліцыі Міхаіл Быстроў, а фінансуецца яна па лініі холдынгу «Канкорд», які ўзначальвае сябар і кухар прэзыдэнта Ўладзіміра ПуцінаЯўген Прыгожын. З 2000 года гэты холдынг арганізуе банкеты ў Крамлі, а таксама супрацоўнічае з «Ваенгандаль» і Міністэрствам абароны Расеі.

У «Міністэрстве праўды» — прыкладна 400 чалавек, зьмяняючы адзін аднаго раз на 12 гадзінаў, яны кругласутачна сядзяць за кампутарамі і пішуць у блогі — у асноўным, у «ЖЖ», або «Укантакце». Аддзелаў некалькі. У адным займаюцца блогасфэрай, у іншым рыхтуюць ТЗ — тэхнічныя заданьні, у трэцім — камэнтуюць навіны ў расейскіх і замежных СМІ, у чацьвёртым — мантуюць у фоташопе малюнкі, прыстаўляючы, скажам, галовы Навальнага і Абамы да целаў жывёл, і гэтак далей. Галоўныя задачы «крамлёўскіх троляў» — стварэньне пазытыўнага вобразу Ўладзіміра Пуціна, Сяргея Шайгу, Дзьмітрыя Мядзьведзева і іншых расейскіх чыноўнікаў і нэгатыўнага — Украіны, Амэрыкі, Эўрапейскага Зьвязу і расейскай апазыцыі.


Карэспандэнт рускай службы Радыё Свабода Віктар Рэзункоў пагутарыў з супрацоўнікамі «Міністэрства праўды».

Тацяна Н. (Т. Н.), якая прасіла не называць яе сапраўднае прозьвішча, прапрацавала ў «Міністэрстве праўды» больш за паўгода. Ўладкавалася яна туды без праблем:

Людзей набіралі розных. Хто прыйшоў, той і пісаў. Ня правяраўся ні ўзровень пісьменнасьці, ні палітычны далягляд. Ўмее набіраць тэкст, і добра.

Т. Н.: Яны досыць адкрыта выстаўляюць вакансіі на HeadHunter. Праз HeadHunter я і знайшла працу. Проста патрабаваліся карэспандэнты, аніматары, яшчэ шэраг людзей, аж да прыбіральшчыц. Звычайны набор для кампаніі. Зарплата нядрэнная — 40 тысяч рублёў. Называецца гэтая арганізацыя «Інтэрнэт дасьледаваньні». Мне нешта падказвала, што гэта арганізацыя — фіктыўная. Не было ніякага афіцыйнага афармленьня. Хтосьці быў афіцыйна аформлены, але хто гэтыя людзі — незразумела. Я прыйшла туды. Мне ніхто не патлумачыў, што гэта за агенцтва, СМІ гэта ці не СМІ? Мяне, зразумела, прыцягнула зарплата, таму што мне, чалавеку, які здымае тут жыльлё, неабходна трохі больш, чым плацяць журналісту ў Пецярбургу. Прайшоўшыся да гэтага па розных рэдакцыям, я атрымала ад добрых, прыемных хлопцаў прапановы працаваць за 25-30 тысяч рублёў у месяц. Большую частку з гэтай сумы мне прыйшлося б плаціць за жыльлё. І я вырашыла паспрабаваць знайсьці працу з большай зарплатай. Знайшла, на сваю галаву. Прыйшла, і там мне далі тэставае заданьне, папрасілі напісаць тэкст з маім меркаваньнем пра навіны, правесьці гістарычныя паралелі.

Сябар Тацяны Н., Антон Н. (А. Н.), таксама які прасіў не называць яго сапраўдныя прозьвішча і імя, трапіў у «Міністэрства праўды» праз параду сяброў:

А. Н. : Я уладкаваўся туды праз сваіх таварышаў: яны там працавалі, запрашалі мяне. Я доўгі час не хацеў, але потым прыйшлося. Запоўніў анкету і ў той жа дзень адразу пайшоў працаваць. Спачатку мяне пасадзілі ў аддзел, у якім мне трэба было пісаць камэнтары на сайтах розных газэт і іншых СМІ. Іх было вельмі шмат. Я ўсё не памятаю, але там дакладна быў сайт «Эхо Москвы». Прычым, калі я спрабаваў зарэгістравацца на некаторых сайтах, каб пачаць там нешта пісаць, наш айпішнік ўжо быў забанены на многіх зь іх. Потым мяне забралі ў аддзел, дзе трэба было пісаць камэнтары для «ЖЖ». Таварышы пісалі пасты па ТЗ (тэхнічным заданьні), а мне трэба было гэтыя пасты камэнтаваць, каб гэта выглядала больш-менш жыва.

Супрацоўнікі агенцтва «Інтэрнэт дасьледаваньні» атрымлівалі так званыя ТЗ — тэхнічныя заданьні:

Гэта значыць, калі коратка: Нямцова забіў Нямцоў для таго, каб прыцягнуць увагу да сваёй пэрсоны і дадаткова прапіярыць «праклятую» апазыцыю, якая незразумела чаго хоча.

Т. Н.: ТЗ выглядала так: існавала нейкая тэма, напрыклад, «Пуцін наведаў нешта, сказаў ці зрабіў нешта». І далей ідзе тэкст. Ён, па большай частцы, скапіяваны з тэксту Russia Today. Яны пішуць пазытыўныя навіны пра Пуціна, адпаведна, адтуль бяруцца ТЗ ў выглядзе нейкіх тэзаў. Далей прыводзіцца сьпіс неабходнай для чытаньня літаратуры, як у дыплёмнай працы, спасылкі на артыкулы на гэтую тэму. Далей вынікала выснова, да якога трэба было прыйсьці. Гэта значыць, вы пішыце, пішыце, пішыце з пункту гледжаньня каго заўгодна, напрыклад, з пазыцыі хатняй гаспадыні, якая пячэ піражкі і раптам вырашае: «Напішу-ка я сваё меркаваньне наконт таго, што сказаў Пуцін!» І піша сваё меркаваньне, але пры гэтым — прытрымліваючыся палітыкі партыі і абапіраючыся на гэтую выснову. Тыпу, што «гэта дзеяньне Ўладзіміра Ўладзіміравіча ўратуе Расею». Менавіта ўратуе. Трэба да гэтага прыйсьці. Часам высновы адрозьніваліся ад таго, што было ў ТЗ. Я тлумачу гэта тым, што ТЗ рыхтавалі такія ж маладыя людзі, як і мы, якія цалкам не арыентаваліся ў палітыцы. Людзей набіралі розных. Хто прыйшоў, той і пісаў. Ня правяраўся ні ўзровень пісьменнасьці, ні палітычны далягляд. Ўмее набіраць тэкст, і добра.

Іншая былая супрацоўніца агенцтва «Інтэрнэт Дасьледаваньні», якая таксама просіць не называць яе сапраўднае імя і прозьвішча, Лена Н. (Л. Н.), сышла зь яго некалькі дзён таму, пасьля таго, як вырашыла адмовіцца пісаць у блогах тое, што ад яе патрабавалася ў чарговых тэхнічных заданьнях аб забойстве Барыса Нямцова:

Л. Н.: ТЗ, як я разумею, ўжо трапілі ў рукі журналістам. Хакеры, напэўна, папрацавалі. Я бачыла нямала ТЗ і працавала па іх. Якія там былі тэзісы? Абавязкова трэба было падвесьці людзей да думкі, што забойства Барыса Нямцова — правакацыя менавіта перад маршам, а забіты ён сваімі ж. Гэта значыць, калі коратка: Нямцова забіў Нямцоў для таго, каб прыцягнуць увагу да сваёй пэрсоны і дадаткова прапіярыць «праклятую» апазыцыю, якая незразумела чаго хоча. Гэта жудасныя рэчы... Адпаведна, пад кожнай навіной вядучых выданьняў зьяўляюцца сотні, тысячы камэнтароў, дзе гэтая думка даецца рознымі спосабамі. «Правакацыя! Апазыцыя забіла свайго!». Потым прыходзіць наступнае ТЗ, у якім паведамляецца, што трэба намякнуць: гэта ЗША забілі Барыса Нямцова. Пішам пасты, камэнтары пра тое, што яго забілі ЗША. Потым прыходзіць наступнае ТЗ, у якім патрабуецца ўжо намякаць на тое, што за гэтым забойствам — украінскі сьлед. Пішам пасты і камэнтары, намякаючы на Ўкраіну. У адпаведнасьці з патрабаваньнямі наступнага ТЗ, расхвальвалі Пуціна за тое, што ён выказаў спачуваньні маці Барыса Нямцова — малайчына, і за тое, што ён заклікае старанна расьсьледаваць яго забойства. Пахвалім заадно і Пуціна. Вось так. Я думаю, што і цяпер хто-то дасылае гэтыя ТЗ. Праца працягваецца.

Адразу пасьля забойства Барыса Нямцова тэхнічныя заданьні «крамлёўскім тролям» у асноўным былі прысьвечаны гэтай падзеі.

У распараджэньне Свабоды трапіў сьпіс тэхнічных заданьняў, які сьведчыць пра тое, у якіх кірунках «крамлёўскімі тролямі» ажыцьцяўлялася праца з грамадзкай думкай. ​Чытаць ТУТ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG