Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе ў Магілёве набярэжная імя Тараса Шаўчэнкі?


У Магілёве аднавілі пашкоджаны бюст Тараса Шаўчэнкі. 14 сакавіка ля яго сабраліся прадстаўнікі мясцовай ўкраінскай дыяспары, каб адзначыць гадавіну нараджэньня свайго земляка, літаратара ды грамадзкага дзеяча.

Да грамады магілёўскіх украінцаў далучыліся прадстаўнікі іншых нацыянальных і грамадзкіх аб’яднаньняў гораду. Была агучаная прапанова надаць частцы набярэжнай Дняпра імя Тараса Шаўчэнкі.

Бюст пашкодзілі ў другой палове студзеня. З пастамэнту невядомыя садралі надпіс з каляровага мэталю. Зламысьнікаў ня знайшлі. Паводле кіраўніка культурна-асьветніцкага аб’яднаньня «Дніпро» Генадзя Гузія скрадзены элемэнт помніка аднавілі зь іншага, не каштоўнага матэрыялу напярэдадні сёньняшняй імпрэзы.


Ля помніка сабралася каля двух дзясяткаў чалавек, пераважна сталага веку. Пасьля ўскладаньня кветак грамада накіравалася на вечарыну, арганізаваную мясцовымі ўкраінцамі.

Генадзь Гузій і Валер Беразіенка (зямляк Шаўчэнкі).

Генадзь Гузій і Валер Беразіенка (зямляк Шаўчэнкі).


Радыё Свабода: Зь якім настроем адзначаюць магілёўскія ўкраінцы гадавіну нараджэньня Шаўчэнкі?

Генадзь Гузій: З надзеяй на найлепшае нашай незалежнай Украіны. У сваіх пропаведзях Тарас Рыгоравіч Шаўчэнка марыў пра незалежную і вольную Ўкраіну — гэтак яно і будзе. Цяпер Украіна на пераломе. Мы пераможам! Ва Ўкраіне адбываюцца структурныя рэформы, ідзе вайна з карупцыяй. Пачалі даймаць алігархаў пакрысе, бо ня можна ўсё жыцьцё красьці і быць не пры справах.

Радыё Свабода: Як вы лічыце, як мяняюцца меркаваньні беларусаў адносна сытуацыі ва Ўкраіне?

Генадзь Гузій: Шмат украінцаў у Беларусі жывуць даўно, я напрыклад, з 1972 году. Мне ўжо кажуць, што я бульбы зьеў больш, чым сала. "Ты ўжо, кажуць, беларус, а не ўкраінец. Ніколі ў нас у Беларусі праблемаў не было. У нашых народаў дужа вялікая сумесная гісторыя. У Вялікім Княстве Літоўскім мы доўга жылі разам. Нават нашы ручнікі, вышыванкі падобныя — крыху адрозьніваюцца арнамэнтам. Мы заўжды сябравалі і адзін аднаму дапамагалі. І цяпер тое ж бачым.

Што да аднаўленьня помніка, то Генадзь Гузій зазначыў, што гэтае пытаньне было пад кантролем старшыні гарвыканкаму Ўладзімера Цумарава. Магілёўскі ўкраінец падзякаваў журналістам, якія ўзьнялі праблему і прыцягнулі да пашкоджаньня бюста Шаўчэнкі ўвагу грамадзкасьці і сілавых структураў гораду.


Прапанова назваць мясьціну, дзе цяпер стаіць бюст, імем Тараса Шаўчэнкі, ужо ўздымалася. Гадоў пяць таму магілёўскія ўкраінцы прапаноўвалі назваць сквэр і прыпынак грамадзкага транспарту ў гонар украінскага літаратара. Тады гэтая ідэя не была рэалізаваная. Магілёўскія ўкраінцы не знайшлі сродкаў, каб упарадкаваць сквэр. Цяпер ініцыятыву наданьня імя Шаўчэнкі частцы набярэжнай Дняпра зьбіраюцца вынесьці на абмеркаваньне тапанімічнай камісіі гарвыканкаму.

XS
SM
MD
LG