Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад такім загалоўкам брытанскі The Times у рэдакцыйным матэрыяле разважае, чаму прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін не паяўляўся ў жывым эфіры ад 5 сакавіка. Адсутнасьць Пуціна ў жывым эфіры расейскіх СМІ актыўна абмяркоўваецца і ў іншых выданьнях на Захадзе. Прапануем кароткі агляд такіх меркаваньняў.

«Пуцін вярнуў Захад ня толькі да канфрантацыі з Расеяй у стылі халоднай вайны, але таксама да „вучэньня пра Крэмль“ у стылі халоднай вайны. У Маскве пашыраюцца чуткі на тэму здароўя і бясьпекі прэзыдэнта, а здагадка, што аднаго зь яго найбольш бязьлітасных памагатых могуць пазбавіць кіраўніцтва адной з важнейшых дзяржаўных нафтавых кампаній толькі дадае няўпэўненасьці. Няяснасьць наўрад ці хутка расьсеецца», — піша The Times.

«Ясна адно: за крохкім фасадам уладнай структуры ў Крамлі расьце напружанасьць. І гэтую напружанасьць Захад павінен без хістаньняў выкарыстаць у рамках стратэгіі, рашуча накіраванай на тое, каб пакараць расейскага цара ХХІ стагодзьдзя і спыніць яго вайсковае ўмяшаньне ва Ўкраіне», — адзначаюць рэдактары The Times, заклікаючы «заходнія ўрады, якія валодаюць інфармацыяй пра велізарную маёмасьць блізкіх паплечнікаў Пуціна, пашырыць яе сярод простых расейцаў» і ўвесьці дадатковыя санкцыі супраць блізкага атачэньня расейскага прэзыдэнта.

Паводле Леаніда Бяршыдзкага, аўтара выданьня Bloomberg View, загадкавае зьнікненьне Пуціна з жывога эфіру сьведчыць пра тое, што Расея ператварылася ў сапраўдную дыктатуру, таму што «дзяржава любога іншага тыпу не была б настолькі непразрыстай, а грамадзяне не хваляваліся б за свайго кіраўніка да такой ступені».

«Пуцін — дыктатар, які кіруе Расеяй, абапіраючыся на страх і хітрасьць. Якія б ні былі прычыны ягонай адсутнасьці, краіна ня можа функцыянаваць, калі яго няма за стырном. Узьнікаюць ірацыянальныя страхі. І ірацыянальныя спадзяваньні — таксама», — канстатуе Бяршыдзкі.

«Крэмль, як здаецца, прыкладае вялікія намаганьні, каб схаваць любыя прыкметы таго, што Пуцін мог захварэць», — піша Алек Лун у брытанскім выданьні The Guardian.

«За 15 гадоў знаходжаньня ва ўладзе Пуцін стварыў імідж энэргічнага лідэра і актыўнага спартоўца пры дапамозе шматлікіх фотасэсій з аголеным торсам, а таксама піяр-хадоў, зьвязаных з баявымі мастацтвамі, экзатычнымі жывёламі, паляваньнем і рыбалкай. Як і ў савецкія часы, пэрыядычныя асьцярогі з нагоды здароўя кіраўніка дзяржавы ў Расеі сталі звычайнымі, не ў апошнюю чаргу з-за сакрэтнасьці, якая атачае асабістае жыцьцё Пуціна», — адзначае аўтар.

Аналітыкі амэрыканскага выданьня Stratfor, пішучы пра тыднёвую адсутнасьць Уладзіміра Пуціна ў жывым эфіры расейскіх радыё- і тэлеканалаў, зьвяртаюць увагу на некаторыя іншыя падзеі ў расейскім палітычным жыцьці, якія спадарожнічаюць гэтай адсутнасьці.

«Калі вы ня маеце паняцьця, што адбываецца — так як мы — тады зьвярніце ўвагу на ўсё астатняе, што таксама было дзіўным. Два дні таму зьявілася паведамленьне, што міністар абароны Расеі і кіраўнікі Фэдэральнай службы бясьпекі і Фэдэральнай службы аховы былі ў Крыме. Іх прысутнасьць, як здавалася, не была зьвязаная зь нейкай канкрэтнай падзеяй або якімі-небудзь вайсковымі вучэньнямі. Гэта не беспрэцэдэнтны выпадак, калі гэтая тройка выбывае з Масквы адначасова, але іх прысутнасьць ў Крыме, рэгіёне асаблівай важнасьці, не магла ня выклікаць здагадак. Яшчэ адно дзіўнае здарэньне: Канстанцін Рамчукоў, галоўны рэдактар „Независимой газеты“, напісаў у Твітэры, што падчас балету ў тэатры „Большой“ у сераду яму сказалі​, што заўтра будзе звольнены кіраўнік Роснефти Ігар Сечын. Роснефть запярэчыла гэтай чутцы», — піша Stratfor. І дадае:

«Нам яшчэ асабліва кінулася ў вочы фраза з паведамленьня Пяскова [наконт адкладзенай сустрэчы Пуціна з Назарбаевым і Лукашэнкам], дзе кажацца, што рашэньне аб адмене сустрэчы было прынята «кіраўніцтвам». У старым стылі «вучэньня аб Крамлі» адзначым, што Пяскоў не сказаў, што гэта Пуцін вырашыў пра адмену, але"кіраўніцтва«. У нармальных абставінах мы не зьвярнулі б на гэтую фразу ўвагі, але паколькі ў нас няма ніякай іншай інфармацыі, дык мы ламаем сабе галаву, ці «кіраўніцтва» адносілася да Пуціна і прэзыдэнтаў Беларусі і Казахстану, ці, можа, пра графік Пуціна вырашыла за яго нейкае іншае кіраўніцтва«.

Аналітык нашага радыё Браен Ўітмар лічыць, што тыднёвую адсутнасьць Пуціна ў публічным палітычным жыцьці Расеі можна растлумачыць або сур’ёзнай хваробай расейскага прэзыдэнта, або ягонымі «шалёнымі» закуліснымі намаганьнямі спыніць «кланавую вайну» ў расейскай уладнай эліце, якая нібыта пачалася пасьля забойства расейскага апазыцыянэра Барыса Нямцова.

XS
SM
MD
LG