Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кожная краіна мае свае нацыянальныя асаблівасьці грамадзка-палітычных падзелаў. Западнікі і славянафілы ў Расеі, дэмакраты і рэспубліканцы ў ЗША, вігі і торы ў Брытаніі. З пэўным спазьненьнем да гэтай стадыі разьвіцьця грамадзтва (прынамсі сацыяльна-сеткава актыўнай яго часткі) прыходзіць і Беларусь.

У гарачых беларускіх спрэчках апошніх гадоў у друку і ў сетках заўважылася, што іх удзельнікі проста не чытаюць або чытаюць і не прачытваюць аргумэнты апанэнтаў, і рэч тут зусім ня ў нейкай спэцыфічна беларускай дысьлексіі, а ў тым, што пазыцыі ўжо загадзя занятыя, акопы выкапаныя, калючы дрот нацягнуты, паплечнікі і ворагі вызначаныя.

Усё, што адбываецца сёньня вакол ПЭНу пасьля прэс-рэлізу са згадкай пра «дыскрымінацыю» расейскамоўных пісьменьнікаў — зьява заканамерная, і справа тут зусім не ў няшчасным faux pas аўтара прэс-рэлізу Ціхана Чарнякевіча, бо каб ня гэта і не цяпер — знайшлося б нешта іншае. Дый сам той fauх pas таксама ня быў выпадковасьцю.

Рэч у тым, што ў беларускім грамадзтве (ня ведаю, як гэтую расплывістасьць лепш назваць, ну вы зразумелі пра што я) афармляецца, а можа ўжо і аформіўся вялікі ўнутраны ідэалягічны падзел — на лібэралаў і кансэрватараў. (Можна абвясьціць конкурс на «лякалізацыю» гэтых тэрмінаў у кантэксьце Беларусі.) Праявы гэтага падзелу — гэта і дыскусіі вакол «новай літаратуры», і розьніца ў стаўленьні да некаторых грамадзкіх зьяваў, карацей, праявы гэтыя — ва ўсіх тых беларускіх срачах, якія мы апошнімі гадамі назіраем у інтэрнэце.

Вось і цяпер: Ціхан зрэагаваў на нешта, нехта зрэагаваў на Ціхана — і пайшла страляніна. Цяпер усё папрыціхла, да наступнай нагоды — ва ўсіх рука на нагане.

Ясна, што лібэралы і кансэрватары — гэта не інстытуцыянальна аформленыя і выразна азначаныя супольнасьці з членствам і партбілетамі. Кожны канкрэтны чалавек можа прыхіляцца ў нечым да аднаго полюсу, у нечым да другога. Але гравітацыя існуе, і ўрэшце чалавек у дыскусіі заўсёды знойдзе свой акоп.

Зьявіліся яшчэ і нэакансэрватары — людзі, якія толькі ўчора пачулі беларускую мову, пабачылі вышыванку і прачыталі «Мову» — і сёньня гэта ўжо зубасты баявы атрад партыі.

Тым часам звонку — па-за ўтульнасьцю фэйсбукаў — працягваецца мэтадычнае зьнішчэньне ўсяго беларускага. Але змагацца з гэтым цяжка і нецікава, а галоўнае — каго ўзяць у саюзьнікі? Ну ня «гэтых» жа...​

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG