Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: у Беларусі і далей будзе ўсё даражэць


Леў Марголін

Леў Марголін

Эканаміст Леў Марголін камэнтуе афіцыйныя зьвесткі пра інфляцыю ў Беларусі.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, інфляцыя ў лютым параўнальна са студзенем склала 101,7%. А параўнальна са сьнежнем мінулага году — 104,1%.

«Ад пачатку 2015 году інфляцыя ў Беларусі, калі верыць афіцыйнай статыстыцы, склала 4,1%, — адзначае Леў Марголін. — Аднак людзям цяжка прызнаць такія лічбы праўдзівымі.

Найбольш падаражэлі паслугі. Але якім чынам яны ўлічваюцца ў агульным кошыку выдаткаў, сказаць цяжка. Нешта тут канцы з канцамі не сыходзяцца. Адно можна сказаць: народ адчуў большае падаражэньне, чым налічыла яго статыстыка.

Што будзе далей? Далей усё будзе даражэць. Тыя 40% дэвальвацыі беларускага рубля, якія прыйшліся на сьнежань-студзень,звычайна адбіваюцца на коштах праз пару-тройку месяцаў. Нават калі ўлады не дазваляюць падвышаць цэны. Можна часткова „прышчаміць“ імпарт. Аднак толькі часткова. Бо імпартны складнік у многіх айчынных таварах вельмі вялікі.

Насельніцтва Беларусі падаражэньне заўважыць. А вось ці заўважаць яго сапраўднае значэньне дзяржаўныя статыстыкі, сказаць цяжка. Падобна, што іх галоўная роля — супакоіць насельніцтва».

Беларуская эканоміка сапраўды перапрацоўвае істотную колькасьць імпартаваных рэсурсаў, прызнаў днямі першы намесьнік міністра эканомікі Аляксандар Забароўскі. Ён сказаў, што гэта «прымушае вытворцу падвышаць канчатковую цану тавару».

Нацыянальны банк Беларусі вызначыў «мэтавы арыенцір па інфляцыі» ў 2015 годзе на роўні 18% з адхіленьнем у 2%.

У 2014 годзе інфляцыя ў краіне склала 16,2%, у 2013-м — 16,5%.

У лютым Аляксандар Забароўскі казаў, што ўрад Беларусі хоча «ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве» выйсьці на інфляцыю менш як 10% за год. Але які канкрэтна тэрмін разумецца пад «сярэднетэрміновай пэрспэктывай», першы намесьнік міністра эканомікі не патлумачыў.

XS
SM
MD
LG