Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўніцу пакараюць за расейскамоўны адказ грамадзянам


Ян Дзяржаўцаў

Ян Дзяржаўцаў

У Віцебску чыноўніцу раённай адміністрацыі, якая не дазволіла апазыцыйны пікет, пакараюць не за забарону акцыі, а за тое, што напісала заяўнікам адмову не на той мове, на якой яны зьвярталіся.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», скаргу на службовую асобу ў Віцебскі гарвыканкам падавалі сябры КХП-БНФ Ян Дзяржаўцаў, Пятро Сарапеня і Алег Емяльянаў.

Намесьніца старшыні адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебска Вольга Гурчанка адказала на іх заяўку на пікет, складзеную па-беларуску, на расейскай мове. Гэткім чынам, на думку скаржнікаў, чыноўніца парушыла Закон аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, які патрабуе ад службоўцаў адказваць на мове звароту.

Адказ на іх скаргу падпісаў намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Дзьмітры Шэрыкаў. Згодна з гэтым адказам, Гурчанка згаданы закон не парушыла, бо парадак падачы і разгляду заявак на правядзеньне масавых мерапрыемстваў рэгулюецца Законам аб масавых мерапрыемствах, а Закон аб зваротах грамадзян ня тычыцца тых зваротаў, у дачыненьні да якіх заканадаўчымі актамі вызначаны адмысловы парадак іх падачы і разгляду. Тым не менш гарвыканкам прызнаў, што чыноўніца парушыла іншы закон — аб мовах: «Артыкулам 5 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» гарантаванае права грамадзян атрымліваць адказ на мове звароту.

"За парушэньне гэтага артыкулу ў дачыненьні да намесьніцы кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебска Гурчанкі В.В. будуць прымененыя меры дысцыплінарнага характару",— паведаміў намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму.

XS
SM
MD
LG