Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аркуш і Мудроў таксама пакінулі Беларускі ПЭН-цэнтар


Алесь Аркуш

Алесь Аркуш

Літаратары Алесь Аркуш і Вінцэсь Мудроў заявілі пра свой выхад з Беларускага ПЭН-цэнтру.

«Яшчэ летась мы з Вінцэсем Мудровым былі не зусім задаволеныя дзейнасьцю арганізацыі. ПЭН-цэнтар павінен быць праваабарончай арганізацыяй, якая абараняе правы пісьменьнікаў. Але апошнім часам ён ператварыўся ў нейкую кармушку, арганізацыю, дзе проста дзеляць гуманітарку, а не змагаюцца за пісьменьнікаў, чым павінны былі найперш займацца. Навошта быць статыстам арганізацыі, якая дзейнічае ня так, як павінна?», — сказаў у інтэрвію БелаПАН Алесь Аркуш.

Ён лічыць, што знаходзіцца ў складзе ПЭН-цэнтра, значыць «даваць магчымасьць яго кіраўніцтву рабіць усё што заўгодна», бо «зь сябрамі арганізацыі ніхто не раіцца», не пытаецца іх меркаваньня па тым ці іншым пытаньні.

«Гаворыцца, што ў Беларусі ўшчамляюцца рускамоўныя пісьменьнікі. А як жа беларускамоўныя, ім жа проста дыхаць няма чым — перакрылі кісларод, закрываюць кнігарні, а гэта шляхі рэалізацыі беларускамоўных кніг. Што гэта, калі не дыскрымінацыя?» — заявіў Аркуш.

Ён лічыць, што калі ідэя аб дыскрымінацыі рускамоўных аўтараў у грамадзтве возьме верх, то гэта «выльецца ў зьнішчэньне апошніх астраўкоў беларускасьці».

Аркуш паведаміў пра намер аднавіць дзейнасьць «Таварыства вольных літаратараў», вядомага з 1993 года.

Вінцэсь Мудроў

Вінцэсь Мудроў

Вінцэсь Мудроў так патлумачыў карэспандэнту Свабоды сваё рашэньне: «Нумар майго пасьведчаньня 29, г. зн. уступіў даволі даўно, і за ўвесь гэты час мяне толькі раз, на самым пачатку, запрасілі на мерапрыемства. А потым ані разу не запрасілі нават на агульны сход. Хаця я не эгацэнтрыст, а пагатоў не нарцыс, але мусіць жа ў мяне быць нейкая самапавага. Праўда, сяброўскія складкі не плаціў. Так што разышліся з той арганізацыяй па ўзаемных антыпатыях. ПЭН даўно ператварыўся ў вузкае кола літфункцыянэраў, якім на шараговых сябраў з правінцыі, мякка кажучы, напляваць. Яны часьцяком спэкулююць на Гедройцы, а самі нават не парупіліся сабраць залю на апошніх ганараваньнях».

Раней пра свой выхад з Беларускага ПЭН-цэнтру заявіў пісьменьнік Сяргей Дубавец.

Напярэдадні старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч папрасіў прабачэньня за спрэчныя выказваньні ў прэс-рэлізе аб’яднаньня пра дыскрымінацыю расейскамоўных літаратараў у Беларусі.

Спрэчка ўзьнікла пасьля зьяўленьня на сайце ПЭН-цэнтру прэс-рэлізу пра агульны сход аб’яднаньня 28 лютага ў Менску, на якім быў прадстаўлены праект «Кніга году».

У гэтай сувязі ў прэс-рэлізе было сказана: «Пазыцыя ПЭН-цэнтру, замацаваная ў статуце прэміі, дастаткова празрыстая: і рускамоўныя, і беларускамоўныя аўтары маюць роўныя правы ў літаратарскім спаборніцтве. Ніхто не зьбіраецца забываць пра няпростае становішча беларускай мовы ў грамадзтве, але і ўціск рускамоўных паэтаў і празаікаў быў бы зусім некарэктным крокам. Тым больш рускамоўныя аўтары ў Беларусі наагул ня маюць уласных літаратурных узнагародаў. Пастулюючы раўнапраўе моваў, перш за усё літаратурных моваў, Беларускі ПЭН-цэнтар зьвяртае увагу на пэўную дыскрымінацыю, якую варта пераадольваць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG