Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарэлка ў таблетках ці віскі з пакеціка? У ЗША будуць прадаваць парашковы алькаголь


Продаж такіх напояў можа пачацца ўжо ўлетку.

Амэрыканскае Бюро па падатках і гандлі алькагольнымі і тытунёвымі вырабамі ўхваліла дызайн этыкетак для парашковага алькаголю, піша амэрыканская газэта «Wall Street Journal».

«Palcohol» (скарочаная амэрыканская назва ад словазлучэньня «парашковы алькаголь») легалізавалі яшчэ летась увесну, калі Ўпраўленьне па сацыяльным наглядзе за якасьцю харчовых прадуктаў і мэдыкамэнтаў ЗША заявіла, што ня бачыць падстаў для блякаваньня гэтай прадукцыі. Разам з тым, дзяржава пакідае за сабой права рэгуляваць продаж гэтага віду алькаголю.

Кампанія-вытворца абяцае, што зьявяцца парашковыя вэрсіі гарэлкі, рому і папулярных кактэйляў «Касмаполітэн», «Леман дроп», а таксама «Паўдэрыта», якая па смаку будзе нагадваць кактэйль «Маргарыта».

Пры гэтым на сайце, прысьвечаным парашковаму алькаголю, адзначаюць, што 100-грамовыя пакецікі з парашком можна будзе зьмяшаць з вадой або дадаць у гарбату ці безалькагольны напой. Вытворца, аднак, ня раіць дадаваць яго ў ежу або нюхаць.

Некалькі амэрыканскіх штатаў ужо заявілі пра намер забараніць парашковы алькаголь, у тым ліку заканадаўцы з Каларада, якія ў мінулым месяцы прынялі папраўкі ў мясцовае заканадаўства, каб часова спыніць яго продаж. Іх занепакоенасьць выкліканая тым, што парашковы алькаголь могуць бескантрольна ўжываць непаўналетнія, а таксама тым, што «Palcohol» змогуць праносіць на грамадзкія мерапрыемствы.

Заснавальнік кампаніі і вынаходнік «Palcohol» Марк Філіпс у відэа, апублікаваным на YouTube, кажа, што стварыў гэты прадукт дзеля таго, каб «атрымаць асалоду ад алькагольных напояў пасьля доўгіх пешых шпацыраў ці іншай фізычнай актыўнасьці, падчас якой ён ня мусіў бы цягаць з сабой цяжкіх заплечнікаў з бутэлькамі».

XS
SM
MD
LG