Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Групоўка расейскіх вайскоўцаў, якія знаходзяцца тэрыторыі Ўкраіны, складае каля 10 тысяч чалавек - лічыць экспэрт брытанскага інстытуту абаронных дасьледаваньняў.

У баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны прымаюць удзел падразьдзяленьні расейскай арміі — у прыватнасьці тыя, якія ў мірны час базуюцца на Далёкім Усходзе Расеі. Пра гэта сьведчаць дадзеныя брытанскага Каралеўскага Аб’яднанага інстытуту абаронных дасьледаваньняў.

Супрацоўнік гэтага інстытуту Ігар Суцягін падрыхтаваў даклад «Расейскія войскі ва Ўкраіне», зь ім пра гэта пагаварыў супрацоўнік расейскай службы Радыё Свабода Андрэй Шары.

Дасьледаваньне, ў прыватнасьці, зьмяшчае пералік расейскіх частак і падразьдзяленьняў, якія дзейнічалі і дзейнічаюць у зоне канфлікту, а таксама зьвесткі аб іх канкрэтнай пастаяннай дысьлякацыі, прыкладных стратах і пра тое, дзе яны дзейнічалі ў зоне ўкраінскага канфлікту. Паводле дадзеных Суцягіна, у цяперашні час на паўднёвым усходзе Ўкраіны знаходзяцца ад 9 да 12 тысяч расейскіх вайскоўцаў:

Ігар Суцягін

Ігар Суцягін

— Гэта апісальна-аналітычны даклад: на працягу больш чым года, зь лістапада 2013 году да лютага 2015-га, я адсочваў падзеі ва Ўкраіне. Спачатку ўцягваньне «зялёных чалавечкаў» у сытуацыю ў Крыме, а потым і адкрыта расейскіх войскаў на ўсходзе Ўкраіны. Адзін з прадметаў майго прафэсійнага зацікаўленьня — выкананьне Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе. Гэтае пагадненьне накіравана на тое, каб прадухіліць ўзьнікненьне падобнага роду ваеннай небясьпекі. Таму сытуацыя ва Ўкраіне трапіла ў поле маёй увагі.

— Якая цяпер сытуацыя на ўсходзе Ўкраіны? Ці ёсьць падставы сьцьвярджаць, што значныя падразьдзяленьні расейскіх войскаў цяпер знаходзяцца на чужой тэрыторыі?

— Паводле стану на канец лютага (гэтым тэрмінам абмежаваны мой даклад) — так, у паўднёва-ўсходніх раёнах Украіны знаходзілася вельмі значная групоўка расейскіх войскаў. Ацэнкі НАТО нават перавышаюць тыя дадзеныя, якія я атрымаў. Камандуючы амэрыканскімі войскамі ў Эўропе, генэрал-лейтэнант Бэн Годжэс ацаніў колькасьць расейскіх войскаў, якія непасрэдна знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны, на 12 тысяч чалавек, гэтая заява зроблена 3 сакавіка. Праз два дні пасьля яго выступаў намесьнік генэральнага сакратара НАТО Аляксандр Вэршбоў — і ён называў падобныя лічбы. Мае ацэнкі паказвалі, што да апошняга тыдня лютага на тэрыторыі Ўкраіны было каля 9 тысяч расейскіх вайскоўцаў, але з тых часоў іх колькасьць вырасла на 1,5-2 тысячы чалавек. Парынамсі, інфармацыя аб тым, што 1,5-2 тысячы чалавек перасеклі расейска-ўкраінскую мяжу за апошнія дзесяць дзён, была.

— Аб прадстаўніках якіх родаў і відаў войскаў канкрэтна ідзе гаворка?

— Агульнавайсковыя злучэньні — гэта самае карэктнае вызначэньне. Гэта розныя роды сухапутных войскаў.

— Гаворка ідзе пра вайскоўцаў на кантракце або ў зоне баявых дзеяньняў ёсьць і прызыўнікі?

— Цяпер, наколькі я разумею, даволі цяжка падзяліць кантрактнікаў і прызыўнікоў. Пасьля хвалі публікацый аб тым, што прызыўнікоў — калі падманам, а калі запалохваньнем — ператваралі ў кантрактнікаў, складана сказаць, сапраўдныя гэта кантрактнікі ці перафарбаваныя прызыўнікі. Была інфармацыя аб тым, што і прызыўнікі ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях. У жніўні ўкраінскія вайскоўцы не аднаго расійскага прызыўніка ўзялі ў палон.

— Што вам кажа досьвед ваеннага аналітыка: на ўсходзе Ўкраіны будзе доўгая акопная вайна ці гэты канфлікт можа рассмактацца?

— Ну, рассмактацца гэты канфлікт ня зможа цяпер вельмі доўга. Для Ўкраіны страта Данбасу — вельмі лютае нацыянальнае прыніжэньне,

У нейкім сэнсе цяпер Данбас для Ўкраіны і Расеі — то самае, што штаты Джаму і Кашмір для Індыі і Кітаю.

якое вельмі цяжка забыць. Для жыхароў Данбасу тое, што адбылося — вельмі жорсткая псыхалягічная траўма. Пасьля доўгага пэрыяду баявых дзеяньняў на ўсю моц дзейнічае і «стакгольмскі сындром» шмат хто ў тым, што здарылася вінаваціць Украіну. Ніводзін бок другому не даруе. Наконт грамадзянскай вайны казаць цяжка, але тое, што канфлікт ператварыўся ў нешта накшталт братазабойчай вайны для вельмі значнай часткі насельніцтва (я не скажу, што большасьці) — сьведчаньне таго, што малая вайна можа зацягнуцца на гады. Выказваліся нават думкі, што ў нейкім сэнсе цяпер Данбас для Ўкраіны і Расеі — то самае, што штаты Джаму і Кашмір для Індыі і Кітаю.

Карта баявых дзеяньняў паводле стану на 12 сакавіка.

Карта баявых дзеяньняў паводле стану на 12 сакавіка.

Закід дывэрсійна-выведных груп на чужую тэрыторыю — гэта, хутчэй, не акопная вайна, а партызанская. Гэтым, падобна, займаўся расійскі бок, і ня выключана, што гэтым цяпер займаецца і ўкраінскі бок. Ня трэба забываць і аб псыхалягічных фактарах. У савецкай арміі старшынска-сяржанцкі корпус (асабліва звыштэрміновікаў) традыцыйна фармаваўся з украінцаў, і, напэўна, у гэтага былі нейкія прычыны. Псыхалягічна ўкраінцы гатовыя доўга ваяваць. А вось расейскі бок — на чужой тэрыторыі — доўга ваяваць ня вельмі гатовы.

— У якой ступені з моманту пачатку крымскага крызісу вырасла боегатовасьць ўкраінскай арміі?

— У вельмі вялікай. Год таму гэтая армія была не гатовая ваяваць у першую чаргу маральна, яна наогул не была гатовая да вядзеньня

Украінцы не былі гатовыя бачыць у расейцах ворагаў, але гэты рубеж пасьля першых месяцаў баёў быў пяройдзены.

якіх бы там ні было — ня тое што баявых, а наогул якіх бы там ні было дзеяньняў. У тым ліку таму, што вучэньняў фактычна не праводзілася, каля 70 адсоткаў бюджэту Міністэрства абароны ішло проста на выплату заробкаў. Закупак новай тэхнікі фактычна не было, вучэньняў па зладжваньні частак таксама не было. З іншага боку, для ўкраінскай арміі псыхалягічна было вельмі высокім бар’ерам — ваяваць супраць расейцаў. Украінскае насельніцтва не падвяргалася такой прапагандысцкай апрацоўцы, як вайскоўцы і наогул насельніцтва ў Расеі, украінцы не былі гатовыя бачыць у расейцах ворагаў. Вось гэты рубеж пасьля першых месяцаў баёў быў пяройдзены. Цяпер украінскія вайскоўцы сапраўды бачаць у расейцах ворагаў, і гэта найважнейшы этап ва ўзьняцьці баяздольнасьці арміі.

— Наколькі вялікая групоўка ўкраінскіх войскаў сканцэнтравана на ўсходзе краіны? Я бачыў дадзеныя — каля 50 тысяч. Гэта праўда?

— Падобна на тое, што прыблізна так яно і ёсьць, дзе-небудзь у раёне 40-50 тысяч. Але трэба ўлічваць тую акалічнасьць, што ўкраінскія войскі разгрупаваныя па трох накірунках. Яны вымушаныя трымаць на поўдні нейкія сілы для таго, каб перакрываць выхад з Крыму. Яны вымушаныя трымаць сілы, каб прыкрываць індустрыйныя цэнтры і сталіцу з поўначы. Вось супраць Харкава канцэнтруюцца расейскія войскі, там чарговыя вучэньні. І, нарэшце — Данбас.

— Калі азірнуцца на шматмесячную ўжо гісторыю вайны, то высьвятляецца, што ўкраінцы паступова цярпяць больш ці менш адчувальныя паразы: «Ілавайскі кацёл», Дэбальцава, данецкі аэрапорт. Я не бяруся судзіць аб ваенным значэньні гэтых бітваў, але з пункту гледжаньня прапагандысцкай і палітычнай гэта — даволі істотныя паразы. Можна сказаць, што Ўкраіна прайграе вайну на сваёй тэрыторыі?

— Я ня стаў бы так казаць. Справа ў тым, што гэта пакуль такая несапраўдная вайна, гэта вайна, якую расейскі бок таксама шмат у чым стрымлівае. А маглі б тэарэтычна рвануць ужо ў бок Кіева. Але Крамлю гэтага не трэба. Галоўная стратэгічная задача складаецца ў тым, каб кантраляваць Украіну. А для таго, каб кантраляваць Украіну, прымяняецца свайго роду бізнэс-падыход. Вы ня можаце кантраляваць усю велізарную краіну з насельніцтвам больш за 40 мільёнаў чалавек і ствараеце нешта накшталт блякавальнага пакета акцый. Гэта — нейкая структура ва ўкраінскай палітычнай сыстэме, якую Кіеў альбо будзе высока цаніць, альбо да якой вымушаны ў любым выпадку прыслухоўвацца. У сілу гэтых абставін дэ-факта Масква будзе мець права вэта на рашэньні Кіева, якія не задавальняюць Крэмль. Каб гэтая схема эфэктыўна працавала, Масква павінна прымусіць Украіну гэтую палітычную структуру, гэтую тэрытарыяльную адзінку ў сябе прыняць. Такая, думаю, была першапачатковая задума вакол Крыму. Але ня здолелі спыніцца перад спакусай, рушылі далей, анэксавалі паўвостраў. Добра, але Украіну неяк кантраляваць трэба! Прыйшлося ствараць нешта іншае — паўсталі гэтыя самыя «данбаскія рэспублікі». Можна давесьці сітуацыю да таго, што Ўкраіна прызнае Данбас акупаваным і скажа: «Добра, гэта таксама ваша». Але тады, значыць, Маскве яшчэ нешта ствараць прыйдзецца. Госпадзе, ну, колькі ж можна старацца? Таму тармозім коней, з тым каб не забегчы занадта далёка наперад.

— Менавіта таму Расея не прызнае незалежнасьць сэпаратысцкіх рэспублік?

— І таму таксама. Ёй не патрэбныя гэтыя незалежныя рэспублікі, ня толькі эканамічна (уявіце сабе, пракарміць яшчэ 4 мільёны чалавек), але і палітычна. Ну, добра, Расея прызнае іх незалежнымі. Калі яны незалежныя ад Украіны, то, значыць, і Украіна ад іх незалежная. Значыць, Расея праз гэтыя рэспублікі ўплываць на рашэньні Ўкраіны не можа. А тады дзеля чаго ўсё гэта пачыналася? — задае пытаньне лёнданскі ваенна-палітычны экспэрт Ігар Суцягін, аўтар дакладу «Расейскія войскі ва Ўкраіне».

Інтэрвію поўнасьцю - тут.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG