Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакрат Яновіч як посткаляніяльны аўтар


«Sokrat Janowicz Pisarz transgraniczny; Studia, wspomnienia, materiały»; выдавецтва «Trans Humana», Беласток 2014; ст. 520.

«Няма сумневаў, што Яновіч пакінуў пасьля сябе вартасную літаратурную спадчыну. Пра яе мастацкі ранг вырашае аднак не адна ацэненая паводле мастацкіх крытэраў якасьць твораў, але прыналежнасьць пісьменьніка як да беларускай культуры, так і польскай, празьмежны (transgraniczny) характар Сакратавай творчасьці».

Гэтак напісала Альжбета Дамбровіч, прафэсар Унівэрсытэту ў Беластоку, ва ўводзінах да больш чым 500-старонкавага зборніка літаратуразнаўчых досьледаў, артыкулаў, інтэрвію і ўспамінаў, прысьвечаных постаці беларуска-польскага пісьменьніка Сакрата Яновіча (1936-2013). Я думаю, прыведзенае меркаваньне няблага адлюстроўвае польскі падыход да фэномэну творчасьці гэтага дзьвюхмоўнага аўтара. Пісаў бы Сакрат Яновіч выключна па-беларуску, палякі наўрад ці зьвярнулі б на яго ўвагу. Быў бы ён палякам і пісаў па-польску, яго, магчыма, і заўважылі б, але залічылі б у «сялянскую плынь» польскай прозы ды паставілі б у другі або і трэці шэраг гэткіх пісьменьнікаў.

Першарадную цікавасьць палякаў Яновіч прыцягнуў, па-першае, сваёй дзьвюхмоўнай творчасьцю (выпадак у Польшчы ўсё ж неардынарны) і, па-другое, сваім памкненьнем стварыць «беларускі дыскурс» у польскай культурнай прасторы, паспрачацца з палякамі «за гісторыю», то бок «выгарадзіць» у агульна прынятай польскай гістарычнай канцэпцыі «беларускі катух». Я маю на ўвазе перш за ўсё яго нашумелае польскамоўнае эсэ «Białoruś, Białoruś» з 1987 году, якое зьяўляецца найбольш вядомай польскаму чытачу публікацыяй пісьменьніка з Крынак.

Шмат хто ў той час успрыняў гэтае эсэ як антыпольскую правакацыю, як нахабную спробу «прысабечыць» польскую гісторыю беларусам. Такое ўспрыманьне Яновіча — ня рэдкасьць у Польшчы і цяпер. Яшчэ раз працытуем згаданую прафэсарку Дамбровіч зь Беластоку:

«Яновіч ішоў на сьвядомую правакацыю. Ад першай старонкі, ад экскурсіі ў Кракаў „Białoruś, Białoruś“ — што скрываць — твор антыпольскі. Ня мне вырашаць, колькі ў ім салідна пацьверджанай дакумэнтамі аргумэнтацыі, колькі рыторыкі, колькі адчаю, колькі надзеі. Гэта антыпольскі твор таму, што быў напісаны з гледзішча штораз меншай нацыянальнай меншасьці, якая працягвае раставаць».

Альжбета Рыбіцка зь Ягелёнскага Ўнівэрсытэту ў Кракаве, пішучы пра іншую польскамоўную кніжку Яновіча — «Dolina pełna losu», —зьвяртае ўвагу на парадаксальнасьць поглядаў аўтара, што тычыцца пэрспэктываў разьвіцьця беларусаў у Польшчы. З аднаго боку, крынкаўскі пісьменьнік ня бачыць шанцаў, каб наш вясковы народ хоць неяк паспрыяў працэсу высьпяваньня мадэрнай беларускай нацыянальнай сьвядомасьці. Ні вясковы фальклёр, ні гэтак званая «народная душа» ня маюць ніякай каштоўнасьці для такога працэсу. Вядомая формула Яновіча: «Нацыянальнасьць ёсьць катэгорыя культуры. Хам ня мае нацыянальнасьці». Культуру стварае толькі горад. Але горад — у гэтым выпадку: Беласток — стварае толькі польскую культуру, бо «беларускі хам» у Беластоку, паводле Яновіча, дашчэнту палянізуецца. Спадарыня Рыбіцка:

«Варта адзначыць, што роля Беластоку ў трактоўцы Яновіча выглядае неадназначна; ён выконвае ролю каляніяльнай сталіцы, якая высмоктвае сокі са сваёй пэрыфэрыі і зжырае яе, але адначасова ў пэрспэктыве ўсёй біяграфіі пісьменьніка зьяўляецца, парадаксальна, месцам, якое ўзмацняе беларускую тоеснасьць. (...) Аповесьць „Dolina pełna losu“ сьведчыць адначасова пра ўсьведамленьне пісьменьнікам таго, што ён зьяўляецца і ахвярай (палянізацыі, калянізацыі, мадэрнізацыі), і актыўным суб’ектам, які выпадае з роляў, прызначаных яму сыстэмай».

Пасьля прыведзеных мною цытатаў мала хто зьдзівіцца, што ў артыкуле Дануты Завадзкай з Унівэрсытэту ў Беластоку, прысьвечаным гістарычнай прозе Сакрата Яновіча, аналіз «гістарычнага дыскурсу» крынкаўскага пісьменьніка засяроджваецца на панятку мімікрыі (перайманьня), уведзеным клясыкам посткаляніяльных досьледаў Гомі Бгабгам. Як і трэба чакаць, прозьвішчы двух далейшых клясыкаў посткаляніялізму — Дзіпэша Чакрабарты і Гаятры Чакраворты Сьпівак — таксама зьяўляюцца ў тэксьце спадарыні Завадзкай. «Перайманьне дыскурсу польскай літаратуры дзеля таго, каб, з аднаго боку, прыпадобніцца да яго і заслужыць прызнаньня чытачоў з большасьці, як у выпадку польскіх пісьменьнікаў, а з другога, перайманьне, каб стварыць беларускую вэрсію такой літаратуры, адасобіцца ад польскай і выказацца/вызваліць сябе — гэткія жэсты выразна відаць у гістарычнай прозе Яновіча», — піша Данута Завадзкая ў тэксьце, які зьяўляецца адной са шматлікіх аздобаў гэтага літаратуразнаўчага зборніка.

Гэтыя тры тэксты з кнігі «Sokrat Janowicz Pisarz transgraniczny» я згадваю перш за ўсё"для затраўкі" беларускіх літаратуразнаўцаў і крытыкаў у Менску: паспрабуйце здабыць гэтую кніжку, каб пабачыць, як можна пісаць пра дзьвюхмоўных беларускіх пісьменьнікаў без фэйсбучнага і іншага «бульбасрацтва».

Асабіста лічу, што гэтая кніга — узорная, што тычыцца «манаграфічнага» падыходу да пісьменьніцкай творчасьці і жыцьця. Акрамя вельмі цікавых і з навуковага гледзішча беззаганна падрыхтаваных літаратуразнаўчых артыкулаў, кніга зьмяшчае архіўныя матэрыялы, успаміны пра пісьменьніка і вакол пісьменьніка ды інтэрвію зь ім асабіста і зь людзьмі, якія яго ведалі і зь ім супрацоўнічалі (не праміну пахваліцца, што ў кнізе апынуліся і пераклады двух маіх тэкстаў пра Сакрата Яновіча і ягоную творчасьць). Мае віншаваньні рэдактаркам зборніка — Гражыне Харытанюк-Міхей, Катажыне Савіцкай-Мяжынскай і Дануце Завадзкай з Унівэрсытэту ў Беластоку — за выдатную працу.

Наколькі я зразумеў, Унівэрсытэт у Беластоку гэтай кнігай пра Сакрата Яновіча запачаткаваў сэрыю літаратуразнаўчых і культуразнаўчых выданьняў пра Беласточчыну і моўна-культурна-нацыянальнае памежжа, якое ўяўляе сабою гэты рэгіён. Я асабіста падпісваюся на ўсе далейшыя выданьні гэтай сэрыі, ня толькі з прычыны свайго рэгіянальнага патрыятызму, але і таму, што сама кніга чыталася мне зь вялікім задавальненьнем і асалодай. Так бы мовіць, Беласток — гэты, паводле непаліткарэктнага Сакрата Яновіча, «байструк капіталізму» і «выебак лодзінскіх фабрыкантаў, якія перлі на ўсход» ;) — вырас у маіх вачах удвая пасьля чытаньня...

На заканчэньне мне хацелася б хоць адну сваю ступню замачыць у «бульбасрачы», разьляпаным вакол апошняга сходу ПЭНу ў Менску і пытаньня, куды паслаць расейскамоўных аўтараў зь Беларусі. Лічыцца (ня мною, зразумела), што нацыянальная літаратура ў Беларусі можа быць толькі на беларускай мове. Пакуль аднак нікому не прыходзіла ў галаву думка (пытаньне?), ці на беларускай мове можа ўзьнікнуць яшчэ адна літаратура, асобная ад літаратуры ў Рэспубліцы Беларусь. Што і ня дзіўна: беларусы — не імпэрская нацыя, якая нікога не заваявала і мовы сваёй нікому не накінула. Але такая думка прыйшла ў галаву Сакрату Яновічу, які недзе ў пачатку 1990-х выступіў з тэзісам, што беларускамоўная літаратура ў Польшчы — яна і ёсьць асобнай беларускай літаратурай, якую нельга блытаць зь літаратурай у БССР і РБ. Польшча — краіна дзьвюх літаратураў: польскай і беларускай, казаў Сакрат палякам. А потым паехаў з гэтай думкай і ў Беларусь. Слабо?

Пытаньне, як кваліфікаваць беластоцкую беларускамоўную літаратуру, сёньня ўжо мала істотнае. Гэта і колькасна невялікая літаратура, і ўжо амаль нежыцьцяздольная (мала хто піша па-беларуску ў Польшчы, яшчэ менш чытаюць на гэтай мове). Але сама праблема, пагадзіцеся, нетрывіяльная. Беларускамоўная літаратура ў Польшчы ўзьнікла пасьля 1956 году, у палітычных і культурных абставінах моцна адрозных ад тых, што былі ў БССР. Супольнай для пісьменьнікаў зь Беластоку і Менску была насамрэч толькі мова, хоць і яна розьнілася , крыху лексыкай, значна больш — сынтаксісам. Мэнталітэт, арыентацыя на культурныя і літаратурныя каштоўнасьці, адукацыя, гістарычная памяць — у беластоцкіх беларускіх аўтараў былі выразна іншыя, чым БССР. Ці гэтага не дастаткова, каб назваць беларускамоўную літаратуру ў Польшчы асобнай?

Каб талкова адказаць на гэтае пытаньне, трэба ясна сфармуляваць сабе дэфініцыю нацыянальнай літаратуры. У гэтай дэфініцыі мусіць знайсьці сваё адлюстраваньне і тое, што ў сьвеце адна мова ў змозе абслугоўваць розныя літаратуры (прыкладам, ангельская, француская, гішпанская, партугальская). Маўчу пра расейскую :) А вось беларуская — why not?

Сакрат Яновіч быў якраз такім чалавекам, які мог ставіць такія нечаканыя пытаньні. Магчыма, ягоныя ўласныя адказы нас не задавальняюць. Але важна тое, што пытаньні застаюцца і калісьці камусьці давядзецца на іх усё ж адказаць.​

XS
SM
MD
LG