Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прымус да адзінства прывядзе ў Расеі толькі да супраціву, бунту і выхаду са складу дзяржавы — амэрыканскі экспэрт


Пол Гоўбл

Пол Гоўбл

«Той спосаб інтэграцыі расейскай нацыі, які спрабуюць насадзіць такія людзі, як патрыярх Кірыл, прывядзе да таго, што разваліцца расейская дзяржава», — камэнтуе Пол Гобл.

Ператварыць траціну нерасейскага насельніцтва Расеі ў этнічных рускіх немагчыма, таму спроба ўніфікацыі расейцаў, ператварэньне іх у нейкае новае аблічча «савецкіх людзей» па рэцэптах Савецкага Саюзу прывядзе да тых самых мізэрных вынікаў, папярэджвае вашынгтонскі экспэрт Пол Гоўбл, аўтар блога «Акно ў Эўразію» і былы шматгадовы аналітык Радыё Свабода, які спэцыялізаваўся на нацыянальных пытаньнях у Савецкім Саюзе.

Нашую гутарку мы пачалі з пытаньня, ці не зьдзіўляе яго, што сярод сэпаратыстаў у Данбасе ваююць ня толькі расейцы па пашпарце, але і прадстаўнікі іншых народаў Расеі, якіх самі ж расейцы да свайго «рускага сьвету» нават не адносяць. Што яны робяць на гэтай вайне?

— Думаю, трэба выразна ўсьведамляць, што сярод баевікоў у Данбасе ёсьць вялікая група чачэнцаў, верагодна, некалькі сотняў чалавек. Што да іншых нерасейцаў, то іх колькасьць адносна невялікая. Гэта ня нейкі масавы фэномэн. Само іх зьяўленьне там мяне не зьдзіўляе. Думаю, што для гэтага ёсьць некалькі прычын. Некаторыя, верагодна, спрабуюць атрымаць прыхільнасьць расейскіх уладаў, каго запалохалі, яшчэ адна катэгорыя — гэта людзі, для якіх гэта адзіная праца, за якую ім хтосьці гатовы заплаціць грошы. А яшчэ адна катэгорыя, як я гэта бачу, спрабуе атрымаць ваенны досьвед для таго, каб выкарыстаць яго дома, але ўжо не пад кантролем або з дазволу Масквы. Гэтак жа, як і этнічныя расейцы, якія прыбылі ў Данбас, каб навучыцца ваяваць і потым выкарыстоўваць яго ў сваім «антымайданным» руху ў Расеі.

— Некаторыя ўкраінскія аналітыкі тлумачаць ўдзел нерасейцаў у канфлікце за ўсталяваньне «рускага сьвету» той нацыянальнай палітыкай, якую праводзіў Савецкі Саюз, а затым, дый перад тым, расейская дзяржава. Яна палягала ў «русыфікацыі» нерасейцаў, пазбаўленьні іх магчымасьці вывучаць нацыянальную мову, літаратуру, культуру, вызнаваць сваю рэлігію. А потым, страціўшы павагу да сябе, гэтыя людзі, якія так і не станавіліся расейцамі, часта нават проста праз расавыя адрозьненьні, не знаходзілі сабе месца ў расейскім грамадзтве. А цяпер іх лёгка выкарыстоўваць у якасьці гарматнага мяса. Вы згодныя з такімі аргумэнтамі?

— Думаю, што гэта — толькі частка гісторыі, але ня ўся. Таму дэгенэрацыя, памяншэньне кошту чалавечага жыцьця закранула кожнага ў Расейскай Фэдэрацыі — і расейцаў, і не расейцаў. Зь некаторымі народамі ўдалося правесьці палітыку «манкуртызацыі», змусіць іх забыць сваю культуру. Але ёсьць і іншыя, якія, наадварот, усьведамляюць сябе часткай сваёй культуры больш, чым калі-небудзь раней. Напрыклад, чачэнцы, якія ваююць ва Ўкраіне, робяць гэта ў межах свайго разуменьня таго, што значыць быць чачэнцам у Чачні, якой кіруе Рамзан Кадыраў.

— Напрыканцы мінулага году Расейская праваслаўная царква вырашыла падтрымаць дзяржаву ў працэсе ўтварэньня нацыі ў Расеі і прапанавала сваё бачаньне, «Дэклярацыю расейскай ідэнтычнасьці». Гэта — дакумэнт, які паказвае, якой унутрана супярэчлівай ёсьць абраная Расеяй мадэль. Бо, з аднаго боку, там ідзе гаворка пра тое, што расейскі народ уключае ўсе этнасы, якія насяляюць Расею, а зь іншага, ад тых, хто хоча называцца расейцам, патрабуюць ня толькі веданьня расейскай мовы, але і адмовы сувязі са сваёй «нацыянальнай групай». А ўжо ў наступным абзацы гаворыцца пра тое, што «кожны расеец мае прызнаваць праваслаўнае хрысьціянства асновай сваёй нацыянальнай культуры». То бок усю культурную нацыянальную разнастайнасьць у Расеі спрабуюць уніфікаваць да нейкага аднаго ўзору. Чаму, у адрозьненьне ад Украіны і заходніх краінаў, разнастайнасьць у Расеі ўспрымаюць як пагрозу?

— Разнастайнасьць і плюралізм зьяўляецца асновай заходняй цывілізацыі, той цывілізацыі, да якой Украіна хоча належаць і чым мы ў Эўропе і Паўночнай Амэрыцы вельмі ганарымся. Расейскія кіраўнікі, такія як прэзыдэнт Уладзімір Пуцін і патрыярх Кірыл, супраць гэтага, таму што прызнаньне разнастайнасьці, плюралізму зьяўляецца першым крокам да такіх зьяваў, як кампраміс, адстойваньне розных пунктаў гледжаньня, калі ўрад ужо ня можа рабіць усяго, што ён хоча, і ігнараваць меркаваньне насельніцтва.

Думаю, што той спосаб інтэграцыі расейскай нацыі, які спрабуюць насадзіць такія людзі, як патрыярх Кірыл, прывядзе да таго, што разваліцца расейская дзяржава. Чым больш яны будуць настойваць на тым, што Расея — гэта этнічнае паняцьце, дзяржава этнічных рускіх, для якіх расейская мова зьяўляецца роднай, а самі яны зьяўляюцца вернікамі Расейскай праваслаўнай царквы, тым больш прадстаўнікі нерасейскіх народаў будуць абураныя сваім другарадным, ці трэцерадным, статусам. Наступствам гэтага абурэньня будзе жаданьне пакінуць Расейскую Фэдэрацыю, што прывядзе да яе распаду.

На працягу ўсяго постсавецкага пэрыяду, за выключэньнем кароткага часу за прэзыдэнта Барыса Ельцына, расейскае кіраўніцтва не было прыхільнікам плюралізму і спаборніцкай дэмакратыі, таму што яны яе баяцца. І паколькі яны яе баяцца, жаданьне адзінства прывядзе да таго, што яны спрабуюць папярэдзіць: супраціў, бунт і выхад з складу дзяржавы.

— На Вашу думку, гэта няправільныя высновы з распаду Савецкага Саюзу, які разламаўся па нацыянальных лініях разьмежаваньня?

— Думаю, што Пуцін і людзі вакол яго зусім не зразумелі прычынаў развалу Савецкага Саюзу, а зь іншага боку, зразумелі яго занадта добра. Тады, 25 гадоў таму, для многіх людзей было відавочна, што «лібэральны Савецкі Саюз» ёсьць відавочнай супярэчнасьцю. Бо, будучы герархічнай імпэрыяй, ён мог існаваць толькі пры ўжываньні экстрэмальнага гвалту, татальнага сачэньня і прыцэльнай працы тайнай паліцыі.

Уладзімір Пуцін хацеў бы вярнуцца менавіта да гэтага сьвету і спрабуе перазапусьціць нейкую новую вэрсію «СССР-2», але наступствам — і гэтага Уладзімір Пуцін не разумее — ёсьць тое, што, вяртаючы Савецкі Саюз, ён аднаўляе многія з тых самых праблем, якія развалілі СССР.

Ніводныя з мэтадаў, якія ужывае Ўладзімір Пуцін, ня змогуць ператварыць траціну насельніцтва Расеі ў этнічных расейцаў, якіх будуць успрымаць як такіх усе астатнія этнічныя расейцы. Нават калі яны будуць размаўляць па-расейску, яны інакш будуць выглядаць і мець іншую культуру.

Апроч таго, варта нагадаць, што сапраўдныя выклікі імпэрскай сыстэме ствараюць ня тыя людзі, якія размаўляюць толькі на сваёй мове і ведаюць толькі ўласную культуру, а тыя, хто вывучыў мову імпэрыі і зь яе дапамогай разваліў імпэрыю. Напрыклад, Брытанскую імпэрыю прывялі да развалу не індыйскія сяляне, якія размаўляюць на хіндзі, а індыец, які атрымаў найлепшую юрыдычную адукацыю ў імпэрыі, якога звалі Магатма Гандзі. Тое самае было і з Савецкім Саюзам. Усе лідэры тагачаснай імпэрыі выдатна гаварылі па-расейску. Некаторыя зь іх размаўлялі па-расейску нават лепш, чым на мове сваіх рэспублік. Узгадаем Іслама Карымава, якому пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Узьбекістану давялося браць урокі ўзьбецкай мовы.

І ўсё тое самае паўторыцца з Расеяй, нават тады, калі лідэры нацыянальных рэспублік ня змогуць размаўляць на мясцовай мове наогул. Ім, рана ці позна, давядзецца абараняць інтарэсы сваіх людзей, незалежна ад веданьня мовы.

XS
SM
MD
LG