Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Застрэліўся экс-кіраўнік Запарожжа Аляксандар Пеклушэнка


Аляксандар Пеклушэнка

Аляксандар Пеклушэнка

Ва Украіне — яшчэ адно гучнае самагубства, сёмае за апошнія некалькі месяцаў.

У Запарожжы застрэліўся былы кіраўнік Запароскай аблдзяржадміністрацыі Аляксандар Пеклушэнка, паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Украіна» крыніцы ў ГУ МУС у Запароскай вобласьці.

«Некалькі хвілін таму пад Запарожжам у пасёлку Сонечным учыніў самагубства былы кіраўнік Запароскай аблдзяржадміністрацыі Аляксандар Пеклушэнка Па папярэдніх дадзеных, Пеклушэнка зрабіў стрэл у шыю. На месца здарэньня прыбыла хуткая дапамога. Падрабязнасьці ўдакладняюцца...» - паведамілі ў міліцыі.

Пеклушэнка (1954 года нараджэньня) быў дэпутатам Вярхоўнай Рады IV, V, VI скліканьняў ад Партыі рэгіёнаў. Зь лістапада 2011 году да сакавіка 2014 году ўзначальваў Запароскую абласную дзяржаўную адміністрацыю.

Паводле дадзеных УНІАН, былы старшыня Запароскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі і былы народны дэпутат Украіны Аляксандар Пеклушэнка знойдзены мёртвым ва ўласным доме, паведамленьне пра здарэньне паступіла ў міліцыю 12 сакавіка каля 13.00.

Паводле суразмоўцы агенцтва, папярэдняя вэрсія таго, што адбылося — самагубства, адназначна назваць прычыну сьмерці можна будзе пасьля правядзеньня ўсіх неабходных сьледча-апэратыўных дзеяньняў і экспэртыз.

Гэта яшчэ адно гучнае самагубства ў Украіне сярод буйных прадпрымальнікаў і чыноўнікаў, якія займалі адказныя пасады, лік такіх здарэньняў дасягнуў сямі за апошнія некалькі месяцаў.

Раней у сваім доме быў знойдзены павешаным мэр Мелітопалю Сяргей Вальтэр. Літаральна празь дзень нібыта ад сардэчнай недастатковасьці ў тым самым горадзе памёр кіраўнік міліцыі Аляксандар Бардзюг. З сабой пакончыў таксама былы народны дэпутат Міхаіл Чэчэтаў, атрымаўшы ад сьледчых паведамленьне аб падазрэньні ў злоўжываньні ўладай і службовым падлогу: ён выпаў з 17-га паверха жылога дома. 26 студзеня застрэліўся з паляўнічага карабіна былы першы намесьнік начальніка «Укрзалізныці» 57-гадовы Мікалай Сергіенка, а 29 студзеня ў сваім доме павесіўся былы старшыня Харкаўскай абласной адміністрацыі Аляксей Калесьнік.

Апошняе такое здарэньне адбылося 9 сакавіка: у Кіеўскай вобласьці скончыў жыцьцё самагубствам народны дэпутат V і VI скліканьняў Партыі рэгіёнаў Станіслаў Мельнік: ён пакінуў перадсьмяротную запіску, у якой папрасіў ва ўсіх прабачэньня.

XS
SM
MD
LG