Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакраты і рэспубліканцы хочуць даць зброю Ўкраіне — справа за Абамам


Дэмакратычныя і рэспубліканскія заканадаўцы сёньня ў Вашынгтоне падзеленыя як ніколі раней, але пагаджаюцца ў адным пытаньні: ЗША павінны даць баявую зброю Ўкраіне.

Праблема толькі ў тым, што ў гэтым дзьвюхпартыйным кансэнсусе ня ўдзельнічае найважнейшая асоба: прэзыдэнт ЗША Барак Абама.

«Гэта вялікая пляма на нас, — кажа кангрэсмэн Эліёт Энгел (дэмакрат, Нью-Ёрк) пра нежаданьне Белага дому паставіць зброю Кіеву ў яго супрацьстаяньні з Масквой і прарасейскімі сэпаратыстамі ва Ўсходняй Украіне. — Я думаю, што гэта страшна неадэкватны падыход і што ў будучыні гэта будзе мець наступствы і па-за межамі Украіны».

Энгел, найстарэйшы рангам дэмакрат у Камітэце па замежных справах Палаты прадстаўнікоў, зьяўляецца адным са шматлікіх амэрыканскіх заканадаўцаў, якія заяўляюць аб штораз большай незадаволенасьці нежаданьнем Белага дому ўзброіць Украіну.

Энгел кажа, што амэрыканская небаявая дапамога памерам мільёнаў даляраў, прызначаная для Кіева да гэтага часу — у тым ліку пакет дапамогі, зацьверджаны 11 сакавіка — мала ў чым дапаможа Ўкраіне абараніць сябе ад сэпаратысцкіх сілаў, якія Масква падтрымлівае зброяй і людзьмі.

Новы пакет ўключае ў сябе тое, што Белы дом называе «небаявой абарончай дапамогай»: супрацьартылерыйскія радары, самалёты-бесьпілётнікі, сродкі сувязі, прыборы начнога бачаньня і машыны хуткай дапамогі.

Энгел прызнае, што Кіеву патрэбныя гэтая тэхніка і абсталяваньне. Але ён дадае: «Гэта насамрэч не дапаможа ім у доўгатэрміновай пэрспэктыве».

На слуханьнях у Камітэце па зьнешніх сувязях Сэнату 10 сакавіка старшыня Боб Коркер (рэспубліканец, Тэнэсі), сказаў: «Адмова адміністрацыі павялічыць падтрымку для Украіны і далейшы ціск на Расею — гэта загніваньне амэрыканскай палітыкі».

«Любая стратэгія ня будзе эфэктыўнай, калі Злучаныя Штаты не дадуць Украіне магчымасьці наносіць сур’ёзныя страты з дапамогай абарончых узбраеньняў тысячам расейскіх вайскоўцаў, якія дзейнічаюць ва ўсходніх рэгіёнах Украіны» — лічыць Коркер.

На мінулым тыдні Энгел і 10 іншых кангрэсмэнаў — у тым ліку рэспубліканскі сьпікер Палаты прадстаўнікоў Джон Бэйнэр з Агаё — падпісалі ліст, які заклікае Абаму «хутка ўхваліць дадатковыя захады, каб падтрымаць намаганьні Ўкраіны па абароне яе сувэрэннай тэрыторыі, у тым ліку шляхам перадачы баявых абарончых сыстэмаў зброі для ўкраінскай арміі».

Энгел адзначыў, што падчас слуханьняў у Камітэце па зьнешніх адносінах Палаты прадстаўнікоў па Ўкраіне ў гэтым месяцы «пераважала пачуцьцё», што ЗША павінны паставіць абарончыя ўзбраеньні Ўкраіне.

«Гэта адносілася як да дэмакратаў, так і да рэспубліканцаў. Я не хачу сказаць, што гэты погляд быў падтрыманы аднадушна, але за ім была выразна пераважная большасьць галасоў».

У сьнежні Барак Абама падпісаў закон, прыняты пры падтрымцы абедзьвюх партый, які дазваляе прэзыдэнту ЗША — але не патрабуе ад яго — аказаць баявую вайсковую дапамогу Ўкраіне.

Але Абама супраціўляецца аказаньню такой дапамогі, нягледзячы на ціск з боку заканадаўцаў і публічныя заявы вышэйшага камандаваньня амэрыканскай арміі, у тым ліку міністра абароны Эштана Картэра, якое падтрымлівае ідэю такой дапамогі.

Белы дом, аднак, сутыкаецца з націскам ключавых эўрапейскіх саюзьнікаў, якія выступаюць супраць паставак зброі ў Кіеў. Саюзьнікі баяцца, што пастаўкі зброі могуць нанава давесьці да эскаляцыі канфлікту ва ўсходняй Украіне, дзе ад 15 лютага захоўваецца крохкае перамір’е, цаванае мірным пагадненьнем у Менску.

Амбасадар Нямеччыны ў ЗША Пэтэр Віціг сказаў у інтэрвію агенцтву Associated Press 9 сакавіка, што ў лютым Абама і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель дамовіліся не пастаўляць баявую абарончую зброю Ўкраіне.

Сэнатар Боб Коркер у сувязі з гэтым абвінаваціў адміністрацыю Абамы ў двудушнасьці.

Сэнатар Боб Мэнэндэс (дэмакрат, Нью-Джэрсі) заявіў, што дыпляматычнае рашэньне канфлікту ва Ўкраіне будзе магчымае толькі тады, калі прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін «палічыць, што кошты далейшага спусташэньня Ўкраіны занадта высокія».

Тым часам прэс-прадстаўнік Белага дому Джош Эрнэст заявіў журналістам у Вашынгтоне 11 сакавіка, што баявая вайсковая дапамога «амаль па вызначэньні прывядзе да большага кровапраліцьця».

Паводле Эрнэста, малаверагодна, што Злучаныя Штаты «будуць устане забясьпечыць дастатковую вайсковую падтрымку ўкраінскай арміі, каб яна здолела справіцца з ваеннымі апэрацыямі, якія ў цяперашні час падтрымлівае Расея».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG