Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель. Суд за інтэрвію


Ларыса Шчыракова

Ларыса Шчыракова

Гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову сёньня будуць судзіць за сюжэты пра незадаволеных прадпрымальнікаў.

Сёньня ў Гомелі ў судзе Цэнтральнага раёна пачынаецца разгляд адміністрацыйнай справы журналісткі Ларысы Шчыраковай. Яе абвінавачваюць у працы на замежны СМІ без акрэдытацыі.

8 сакавіка начальнік аддзелу аховы правапарадку Цэнтральнага РАУС, падпалкоўнік Юры Панін выклікаў журналістку Ларысу Шчыракову ў міліцыю і склаў у дачыненьні да яе адміністрацыйны пратакол паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП — «Парушэньне заканадаўства аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі». Яе абвінавачваюць у супрацоўніцтве з тэлеканалам «Белсат» без акрэдытацыі.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», 10 сакавіка Шчыракову выклікалі ў Рэчыцкі РАУС, дзе ў дачыненьні да яе склалі яшчэ два адміністрацыйныя пратаколы нібыта за парушэньне артыкулу 22.9 КаАП.

У Рэчыцы міліцыянты ў якасьці доказу віны ў зьдзяйсьненьні правапарушэньня прад’явілі гомельскай журналістцы сюжэты з тэлеканалу «Белсат» за 2 і 16 лютага, якія тычыліся пратэстаў прадпрымальнікаў на мясцовых рынках. Таксама міліцыянты азнаёмілі журналістку з апытаньнямі прадпрымальнікаў, якія пацьвердзілі, што Ларыса Шчыракова сапраўды здымала відэа на іх рынку.

Трэба адзначыць, што пратакол па артыкуле 22.9 КаАП, складзены 8 сакавіка ў Гомелі, таксама быў заснаваны на апытаньні прадпрымальнікаў гомельскага рынку «Цэнтральны». У сюжэце ішла гаворка пра падвышэньне падаткаў і стаўленьне да гэтага кроку прадпрымальнікаў.

Журналістка лічыць, што ўзмацненьне перасьледу незалежных журналістаў і СМІ наўпрост зьвязанае з прэзыдэнцкімі выбарамі, якія маюць адбыцца неўзабаве, і пагаршэньнем эканамічнай сытуацыі ў краіне:

«Я лічу, што такая масіраваная атака на незалежных журналістаў- фрылансэраў і СМІ ўсчалася таму, што рэзка пагоршылася эканамічная сытуацыя ў краіне. У Гомелі ад пачатку новага году працоўных выпраўляюць у прымусовыя адпачынкі, заробкі ўпалі, і, вядома ж, расьце незадаволенасьць сытуацыяй. Пра гэта даведваюцца журналісты — паказваюць, распавядаюць. Гэта й не падабаецца ўладам. Яны проста вырашылі закручваць гайкі, запужваць насельніцтва, у тым ліку й перасьледаваць журналістаў, якія пра гэта распавядаюць».

XS
SM
MD
LG