12 сакавіка каля 0:40 адбыўся выбух у бізнэс-цэнтры «Адміральскі», разьмешчаным на аднайменным праспэкце ў Адэсе. Як паведамляе сайт Міністэрства ўнутраных спраў Украіны, невядомыя ўсталявалі выбуховае прыстасаваньне ля ўваходных дзьвярэй арандаванага офісу арганізацыі палітычнай партыі «Аб’яднанне «Самадапамога».
У выніку выбухной хваляй пашкоджанае памяшканьне офісу і вокны суседніх памяшканьняў бізнэс-цэнтра. Ахвяраў і пацярпелых няма. На месцы працуюць спэцыялісты выбухатэхнічнай службы і сьледча-апэратыўная група міліцыі, паведамляюць праваахоўнікі.
Гэта ўжо ня першы выбух ці спроба нападу ў Адэсе за апошнія месяцы. Некалькі з такіх нападаў расьсьледуюць па артыкуле аб тэрарыстычным акце.