Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З днём шахцёра, архівіста, работніка культуры. Паштоўкі ад Лявона Вольскага


Як з гумарам павіншаваць з днём вынаходніка і рацыяналізатара, сельскай прамысловасьці ці дэсантніка — у новым цыклі паштовак «Ад Лявона».

Пры дапамозе ініцыятывы «Будзьма» ўжо зьявіліся 28 паштовак, якія можна знайсьці ў кнігарнях ня толькі Менску, а таксама іншых гарадоў, а таксама ў сеціве. Лявон Вольскі распавядае, што пры дапамозе ягоных паштовак людзі з пачуцьцём гумару змогуць віншаваць сваіх сяброў, якія, што праўда, таксама мусяць разумець жарты. Бо шмат якія сьвяты часам гучаць даволі абсурдна ці засталіся ў спадчыну яшчэ з савецкіх часоў.

«Мы спачатку задумвалі гэта як іронію з савецкіх сьвятаў. У гурту „Крамбамбуля“ былі такія песьні „23 феўраля“ і „Дарагія жэншчыны“, я тады зрабіў дзьве такія паштоўкі, а пасьля да іх далучыліся іншыя сьмешныя і прафэсійныя сьвяты», — распавёў Лявон Вольскі.

Як кажа Лявон Вольскі, калі ён пачаў шукаць, што яшчэ можа апынуцца на ягоных паштоўках, музыка знайшоў цэлы шэраг сьвятаў, якія адзначаюць у сучаснай Беларусі. Таму віншаваць і сьвяткаваць можна ледзь не штодня.



Дзень міліцыі, 23 лютага і 8 сакавіка ўжо прайшлі, а да дня шахцёра, вынаходніка і рацыяналізатара, бібліятэкаў ці работніка культуры яшчэ некалькі месяцаў, але ўжо цяпер можна пачаць рыхтавацца. Зрэшты, нагоду для сьвяткаваньня можна знайсьці і раней. Лявон Вольскі прапануе з гумарам павіншаваць нават са Сьвятам працы. На «першатравеньскай» паштоўцы Лявон Вольскі ўвасобіў, як ён кажа, тыповых пралетарыяў: з гаечным ключом, вядром і памялом. Травень увогуле будзе багаты на сьвяты:


«У Дзень друку на паштоўцы Скарына трымае плякат са сваёй выявай. Вось Дзень работнікаў фізычнай культуры і спорту — там, напрыклад, такі шарж Сталонэ і Арнольд Шварцнэгер. Дзень памежніка — яшчэ адно савецкае сьвята. Тут на сваім працоўным месцы стаіць пагранічнік і салютуе, тое самае робіць ягоны сабака. То бок пільна сочаць, каб нічога не праскочыла варожае празь мяжу — ня тое, што асоба, а інфармацыя нейкая, не патрэбная беларускаму чалавеку», — распавёў Вольскі.


Падрыхтаваў Лявон Вольскі таксама паштоўкі і на дзень работнікаў гандлю ці грамадзянскай авіяцыі, сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасьці, будаўніка, міліцыі ды іншыя.

XS
SM
MD
LG