Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветныя СМІ: У ваенным сутыкненьні НАТО і Расеі пераможа Захад


Амэрыканскія СМІ ў Рызе
Амэрыканскія СМІ ў Рызе

У поўнамаштабнай вайне паміж НАТО і Расеяй на тэрыторыі Ўкраіны, пераможа, хутчэй за ўсё, Захад, піша аналітычная арганізацыя Stratfor.

А выданьне Foreign Policy адзначае, што з увядзеньнем энэргетычных рэформаў Украіна знаходзіцца на шляху уцёкаў ад «расейскага прэсінгу». Пра тое, ці зможа Ахмэтаў аднавіць сваю палітычную і эканамічную сілу, і ці зможа «Шахцёр» застацца найбуйнейшым футбольным клюбам Украіны, піша openDemocracy.

Патэнцыйныя адказы НАТО і ЗША на магчымую эскаляцыю агрэсіі Расеі ва Ўкраіну вывучала прыватная амэрыканская аналітычная арганізацыя Stratfor. Экспэрты лічаць, што найхутчэй даставіць агнявую моц на поле бою можна з дапамогай авіяцыі, бо, нягледзячы на тое, што НАТО мае істотныя сухапутныя войскі ў Эўропе, іх перадыслякацыя заняла б шмат часу.

Пры ідэальных умовах поўнае разгортваньне прыкладна 22 эскадронаў зойме каля 11 дзён

Аднак, для пачатку поўнамаштабнай ваеннай апэрацыі супраць расейскіх сілаў, ЗША і НАТО павінны разгарнуць вялікую колькасьць зьнішчальнікаў ля Ўкраіны, каб перамагчы войска, якое будзе атакаваць як з неба, так і зь зямлі. «Эўрапейскія ваенна-паветраныя сілы ўжо разьмешчаныя адносна блізка да патэнцыйнага поля бою, аднак перадыслякацыя бліжэй да Ўкраіны спатрэбіцца ўсё роўна, каб абмежаваць час палёту да мэты і паменшыць колькасьць дазаправак», — гаворыцца ў справаздачы. Шэсьць амэрыканскіх эскадронаў з эўрапейскіх базаў могуць быць на ўкраінскім поле бою на працягу 48 гадзінаў, астатнім жа спатрэбіцца больш часу.

«Пры ідэальных умовах поўнае разгортваньне прыкладна 22 эскадронаў зойме каля 11 дзён, — лічыць Stratfor. — Так што амэрыканскім зьнішчальнікам спатрэбіцца шмат часу на разгортваньне, поўнамаштабная апэрацыя рэалістычна можа пачацца ўжо пасьля таго, як расейскі наступ дасягне большасьці сваіх мэтаў. Гэта значыць, Расея пасьпее разьмясьціць супрацьпаветраную абаронную тэхніку на полі бою. Такім чынам, паветраная кампанія будзе накіравана на пагаршэньне расейскай абараназдольнасьці ва Ўкраіне, а не на адлюстраваньне атакі».

Прагназаваць наступствы падобнай бітвы складана, аднак Stratfor лічыць, што перавагу, хутчэй за ўсё, будуць мець сілы НАТО, якія зьяўляюцца больш шматлікімі і прасунутымі. Акрамя таго, варта памятаць, што Захад пасьпее прыцягнуць яшчэ і ўласныя сухапутныя войскі. «Такім чынам, расейскія ваенныя стратэгі ўлічыць: калі адказ на іх атаку будзе ваенным, тады атака расейцаў ня будзе непахіснай», — заключае сваю справаздачу Stratfor.

Foreign Policy: «Украінскія энэргетычныя рэформы зьяўляюцца менавіта тым, што лекар і МВФ прыпісаў»

Украіна правяла мужныя энэргетычныя рэформы, хоць яны і не зьяўляюцца папулярнымі сярод украінцаў, піша журналіст амэрыканскага часопісу Foreign Policy Кіс Джонсан. Сярод практычных наступстваў гэтых рэформаў — захаваньне неабходнай для ўраду гатоўнасьці, зьнішчэньне сувязі энэргетычнага сэктара з карупцыяй, якая гадамі атручвала ўкраінскую палітыку, і зьніжэньне спажываньня газу і, такім чынам, залежнасьці ад Расеі.

«Зьмяненьне сыстэмы цэнаўтварэньня на газ ўскладніць куплю газу па заніжаных цэнах і яго перапродаж. Паводле расьсьледаваньня агенцтва Reuters ад 2014 года, алігарх Дьзмітрый Фірташ зарабіў мільярды даляраў на арбітражных апэрацыях на ўкраінскім энэргетычным рынку і фінансаваў прарасейскіх палітыкаў», — піша Джонсан.

Акрамя таго, экспэрт Андэрс Ослунд сьцьвярджае, што камбінацыя зьніжэньня спажываньня, павелічэньне хатняй прадукцыі і выкарыстаньне альтэрнатыўных энэргетычных крыніцаў у Эўропе можа паскорыць ўцёкі Ўкраіны ад «энэргетычных ціскаў» Расеі.

Разам з інфраструктурай на Данбасе пацярпелі яшчэ і футбольны клюб «Шахцёр», а таксама яго ўладальнік, заможны ўкраінец Рынат Ахмэтаў, паведамляе журналіст брытанскага сайта openDemocracy Мануэл Вет. «Шахтцёр» быў вымушаны пераехаць на захад Украіны, дзе клюб пакуль дзеліць стадыён з футбольным клюбам «Карпаты». Хоць «Шахцёр» нават у Львове зьбірае больш фанатаў, чым мясцовы клюб (у сярэднім 8417 супраць 6300 заўзятараў), ён ўсё роўна губляюць грошы. Львоўская арэна можа прымаць толькі 34 000 фанатаў, у той час, як Данецкая — 58 000.

Аднак, ледзь ня самым вялікім стрэсам для каманды можа стаць палітычны і эканамічны ціск на Ахмэтава, які пачынае губляць свой уплыў ва Ўкраіне. Так, былога прэзыдэнта Фэдэрацыі футбола Ўкраіны Анатоля Канькова лічылі «чалавекам Ахмэтава», піша Вет. «Акрамя таго, з пачатку канфлікту на Данбасе Ігар Каламойскі змог аднавіць большую частку свайго ўплыву, які ён страціў падчас кіраваньня Партыі рэгіёнаў. З таго часу ён узяў у свае рукі кіраўніцтва многімі галінамі, якімі традыцыйна кіраваў Ахмэтаў. Перад Майданам менавіта Каламойскі перажываў эканамічны спад, у той час як бізнэс Ахмэтава, здавалася б, кантраляваў краіну», — лічыць журналіст.

Такім чынам, невядома, ці зможа Ахмэтаў аднавіць сваю палітычную і эканамічную сілу, і ці зможа «Шахцёр» застацца найбуйнейшым футбольным клюбам Украіны, заключае Вет.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG