Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці хочуць рускія вайны


Валер Карбалевіч.
Валер Карбалевіч.

МЗС Расеі заявіла, што Масква прыпыняе ўдзел у пасяджэньнях Сумеснай кансультатыўнай групы па Дамове аб звычайных узброеных сілах у Эўропе (ДЗУСЭ). РФ папрасіла Беларусь прадстаўляць яе інтарэсы ў гэтай міжнароднай структуры.

Кароткая гісторыя. Гэтую дамову падпісалі яшчэ ў 1990 годзе, калі працягвалася супрацьстаяньне двух ваенна-палітычных блёкаў: НАТО і Арганізацыі Варшаўскай дамовы. Каб зьменшыць пагрозу вайны, зьнізіць патэнцыял для раптоўнага нападу, праціўнікі ў «халоднай вайне» дамовіліся аб раўнавазе звычайных узброеных сілаў, прычым на ніжэйшым узроўні і асабліва ўздоўж лініі судакрананьня паміж блёкамі. Абмежаваньні тычыліся танкаў, артылерыі, авіяцыі.

Паколькі пасьля 1990 году геапалітычная сытуацыя ў Эўропе радыкальна памянялася, распаліся і Арганізацыя Варшаўскай дамовы, і СССР, давялося падпісваць дадатковыя дамовы, пераразьмяркоўваць квоты ўзбраеньняў паміж дзяржавамі. Беларусі, на тэрыторыі якой засталося ад Савецкага Саюзу шмат узбраеньняў, давялося рабіць вялікія высілкі, каб ліквідаваць лішнія танкі.

Найбольш важны дакумэнт у разьвіцьцё Дамовы ад 1990 году быў падпісаны 19 лістапада 1999 году на Стамбульскім саміце АБСЭ. Гэта пагадненьне аб адаптацыі ДЗУСЭ. Аднак яно так і не ўступіла ў сілу, бо не было ратыфікавана заходнімі краінамі. Справа ў тым, што Захад увязвае гэтую ратыфікацыю з выкананьнем Расеяй рашэньняў, прынятых на саміце АБСЭ ў Стамбуле ў 1999 годзе, якія тычацца вываду расейскіх войскаў і вайсковых базаў з Грузіі і Малдовы. Масква ж выступае супраць такой увязкі. А што тычыцца тэрмінаў выкананьня Расеяй «стамбульскіх абавязаньняў», то гэта, лічыць РФ, прадмет двухбаковых пагадненьняў з Грузіяй і Малдовай.

Расея пачала выхад з ДЗУСЭ яшчэ ў 2007 годзе і скончыла толькі цяпер. Гэты крок цалкам лягічны і чаканы на тле той новай халоднай вайны паміж РФ і Захадам, якая разгортваецца на нашых вачах, і «гарачай» вайны ва Ўкраіне.

Крэмль бярэ выразны курс на мілітарызацыю. 32,2% дзяржаўнага бюджэту РФ ідзе на абарону і сілавыя структуры. Расея павялічыла дзяржпраграму ўзбраеньня ў 1,5 раза. Такую вялікую долю трацяць на абарону толькі краіны, якія ваююць. То бок Расея не хавае, што рыхтуецца да вайны. Зразумела, што міжнародныя пагадненьні, якія абмяжоўваюць працэс мілітарызацыі РФ, Крамлю не патрэбныя.

Гэта адбываецца ў момант, калі Расея знаходзіцца ў эканамічным крызісе. Яшчэ ў 2013 годзе, то бок да падзеньня цэнаў на нафту, урад РФ прызнаў, што да 2030 году краіна будзе адставаць ад сярэдніх у сьвеце тэмпаў эканамічнага разьвіцьця, а яе доля ва ўсясьветнай эканоміцы будзе скарачацца. За два гады сытуацыя значна пагоршылася. Абвал расейскага рубля напрыканцы мінулага году толькі пацьвердзіў гэтую тэндэнцыю. І ў такой сытуацыі расейскія ўлады павялічваюць выдаткі на абарону. Гарматы замест масла.

80% расейцаў падтрымліваюць такі курс. Тых, хто супраць вайны, называюць ворагамі, некаторых забіваюць. Звонку здаецца, што расейскае грамадзтва раптам зьехала з глузду.

Расейскія афіцыйныя асобы цьвердзяць, што рост ВПК стане адным з сродкаў эканамічнага пад’ёму. Тут варта ўзгадаць сумны досьвед Савецкага Саюзу. Бо мілітарызацыя СССР была адным з чыньнікаў яго краху. Краіна ня вытрымала гонкі ўзбраеньняў. У крамах не было каўбасы, але СССР меў самую вялікую колькасьць ракет і ядзернай зброі ў сьвеце. Савецкі Саюз называлі «Верхняя Вольта з ракетамі».

Рэсурсы цяперашняй Расеі значна меншыя, чым у СССР. Яе тэхналягічнае адставаньне ад Захаду відавочна большае, чым было ў часы Савецкага Саюзу. Павялічыўся сыравінны складнік яе эканомікі. Нічым добрым гэта скончыцца ня можа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG