Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэцыя вылучыць крэдыт Украіне ў 175 мільёнаў даляраў


Пятро Парашэнка

Пятро Парашэнка

Пра гэта сёньня ў Кіеве заявіў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі з прэм’ерам Швэцыі Стэфанам Лёвэнам.

Пятро Парашэнка сказаў, што падчас атакі сэпаратыстаў на Дэбальцава загінулі 66 ўкраінскіх вайскоўцаў, больш за 300 атрымалі раненьні.

Паводле ўкраінскага прэзыдэнта, ён праінфармаваў Лёвэна пра тое, што ўкраінскіх закладнікаў выкарыстоўваюць у зьневажальных працах.

Ён адзначыў, што на сёньняшні дзень значная частка закладнікаў у парушэньне менскіх дамоўленасьцей усё яшчэ застаецца на акупаванай тэрыторыі.

Паводле Парашэнкі, у межах супрацы паміж Украінай і Швэцыяй украінскаму боку цягам сямі гадоў будзе выдзелена 175 мільёнаў даляраў. Парашэнка таксама сказаў, што ўрад Швэцыі вылучыць Украіне пазыку на суму ў сто мільёнаў даляраў, адсоткі па якіх бярэ на сябе швэдзкі бок.

Стэфан Лёвэн заявіў падчас прэсавай канфэрэнцыі, што яго краіна гатовая прадставіць сваіх вайскоўцаў для міратворчай місіі на ўсходзе Ўкраіны, але адзначыў важнасьць грашовай падтрымкі для Ўкраіны.

Стэфан Лёвэн

Стэфан Лёвэн

«Гэта каб Украіна была ў стане абараніць сябе, каб захаваць межы і цэласнасьць краіны. Але ў той жа час мы павінны вельмі, вельмі ясна разумець, што важна дапамагаць Украіне таксама выжыць у фінансавым сэнсе. Калі будзе перамога ў адным сэнсе, то можна страціць у іншым. Мы мусім гэта разумець, таму я заклікаю іншыя краіны зрабіць тое ж самае», — сказаў Стэфан Лёвэн.

Стэфан Лёвэн дадаў, што Швэцыя падтрымае пашырэньне санкцый супраць Расеі ў выпадку працягу эскаляцыі сытуацыі ў Данбасе. Швэдзкі прэм’ер таксама заявіў, што на Расеі ляжыць адказнасьць за сьмерць больш як шасьці тысяч чалавек і за тое, што амаль паўтара мільёна чалавек былі вымушаныя пакінуць свае дамы.

XS
SM
MD
LG