Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падазраваныя ў забойстве Нямцова адмаўляюць віну


Заур Дадаеў
Заур Дадаеў

Яшчэ двое падазраваных у забойстве Барыса Нямцова абскардзілі свой арышт.

Як паведаміла прэс-сакратар Басманнага суду Масквы Ганна Фадзеева, у суд паступілі скаргі ад адвакатаў Анзора Губашава і Тамэрлана Эскерханава. Раней у аўторак быў абскарджаны арышт Хамзата Бахаева.

Усяго па справе аб забойстве Барыса Нямцова арыштаваныя пяць чалавек. Учора меркаваны выканаўца злачынства Заур Дадаеў адмовіўся ад прызнальных паказаньняў. Праваабаронцам, якія наведалі яго ў СІЗА, ён распавёў, што пагадзіўся ўзяць віну на сябе дзеля выратаваньня свайго падначаленага.

Ён паведаміў, што два дні правёў у кайданах на руках і нагах і з пакетам на галаве, чакаючы суду, каб заявіць аб сваёй невінаватасьці. Але судзьдзя нават слова яму ня даў. Словы Дадаева цытуе газэта «Маскоўскі камсамолец», карэспандэнт якой прысутнічаў пры зносінах абвінавачанага з праваабаронцамі.

Двое іншых абвінавачаных — браты Анзор і Шагід Губашавы таксама паскардзіліся на катаваньні і збіцьцё пры затрыманьні. Яны адмаўляюць сваё дачыненьне да забойства.

Інфармацыя пра тое, што да затрыманых Дадаева і Губашава ўжываліся катаваньні, паступіла з некалькіх крыніц на гарачую лінію «Гулагу.нет».

Тым часам, Сьледчы камітэт Расеі мае намер выклікаць на допыт сябраў Грамадзкай назіральнай камісіі Андрэя Бабуліна і Еву Меркачову, якія паведамілі аб скаргах на катаваньні падазраваных у забойстве Барыса Нямцова.

На думку ведамства, іх умяшальніцтва ў расьсьледаваньне справы можа быць расцэнена як крымінальнае злачынства. Сьледчыя сьцьвярджаюць, што праваабаронцы ня мелі права пытацца абвінавачанага ні пра што, акрамя ўмоваў яго ўтрыманьня ў сьледчым ізалятары.

Андрэй Бабулін заявіў РБК, што ўсё было ў межах закону.

Сябры Грамадзкай назіральнай камісіі ня ўмешваліся ў расьсьледаваньне, яны наведалі арыштаваных, убачылі і распавялі, якія ў дачыненьні да іх былі праведзеныя супрацьпраўныя дзеяньні, паведаміў праваабаронца. Журналіст «Маскоўскага камсамольца» Вольга Маркачова лічыць, што ўсе абвінавачваньні абсурдныя і надуманыя і накіраваны на паралізацыю працы праваабаронцаў, каб не дапускаць іх да затрыманых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG