Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сваім лісьце зь Вільні, апублікаваным у часопісе Foreign Affairs, Грэгары Файфэр апісвае атмасфэру ў сёньняшняй Літве, якая адчувае пагрозу з боку Расеі.

Гасьцям Літвы можна прабачыць, калі яны ня могуць асэнсаваць — як сур’ёзна тут успрымаюць Расею. Па ўсёй краіне — ад Клайпеды да Вільні — звычайныя літоўцы рыхтуюцца да таго дня, калі расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін ад Крыму і грамадзянскай вайны ва ўсходняй Украіне пяройдзе да іх або да іх суседзяў у Латвіі і Эстоніі. І іх хваляваньне можна зразумець; кожная сям’я ў балтыйскіх краінах мае непасрэдны досьвед расейскай акупацыі. Юргіта Людавічэне, выдавецкі рэдактар, расказала мне, што калі ў 1944 годзе, калі стала вядома аб набліжэньні савецкай акупацыі, у яе дзеда — афіцэра запасу літоўскай арміі — было толькі дзьве гадзіны на роздум што рабіць. Дзеля таго, што саветы амаль напэўна паслалі б яго ў ГУЛАГ, ён уцёк на Захад, пакінуўшы жонку і дзьвюх дачок. Яны яго больш ніколі не пабачылі.

Дрэнныя ўспаміны і страх перад Расеяй тут — прывычная справа. Некалі частка магутнай Рэчы Паспалітай, Літва ў XVIII стагодзьдзі была праглынутая Расейскай імпэрыяй. Пасьля кароткага пэрыяду незалежнасьці пасьля Першай сусьветнай вайны яна была занятая Савецкім Саюзам пасьля таго, як у 1939 годзе Масква падпісала зь Нямеччынай пакт Молатава-Рыбэнтропа. Пасьля вайны дзясяткі тысяч літоўцаў — гэтак як дзед Юргіты Людавічэне — уцяклі на Захад, а 250 тысяч былі забітыя або сасланыя ў лягеры.

Але, магчыма, ім давядзецца. Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце назвала вялізнага суседа з Усходу «тэрарыстычнай дзяржавай».

Спадарыня Людавічэне таксама будуе пляны. «Я не хачу, каб у мяне былі толькі дзьве гадзіны на роздум што рабіць, калі нападуць расейцы», — кажа яна. У яе самой двое дзяцей — абедзьве дзяўчаты, можна лічыць, што ёй пашанцавала.

«Іншыя спрабуюць прыдумаць, як зрабіць, каб іх сынам не давялося ваяваць».

Але, магчыма, ім давядзецца. Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце назвала вялізнага суседа з Усходу «тэрарыстычнай дзяржавай». Грыбаўскайце, просталінейны правацэнтрысцкі палітык, — адзіная з кіраўнікоў краінаў Эўразьвязу, хто адкрыта паабяцаў пастаўкі зброі ва Ўкраіну. Яна таксама ініцыявала законапраект аб аднаўленьні абавязковай вайсковай службы, каб абараніць краіну ад магчымай расейскай агрэсіі.

Тым часам, пакуль заходнія краіны вядуць дэбаты над тым, як супрацьстаяць Пуціну, гэтая былая савецкая рэспубліка з 3,5 мільёнамі насельніцтва — краіна-ўдзельніца Эўразьвязу, НАТО, а ад студзеня сёлета і эўразоны — першая заклікала да дзеяньня.

«Калі адкрытая агрэсія Расеі супраць суседняй краіны ня будзе спыненая, — папярэджвала нядаўна Грыбаўскайце, — дык гэтая агрэсія можа пашырыцца далей на Эўропу». Гэта зусім ня значыць, што літоўцы — нейкія зацятыя ястрабы. Яны збольшага абачлівыя ў сваёй занепакоенасьці і не хацелі б выглядаць беспадстаўна гістэрычнымі. Аднак яны лічаць, што стагодзьдзі існаваньня пад расейскай уладай і іх блізкасьць да Масквы даюць ім важнае разуменьне спосабу крамлёўскага мысьленьня, і яны непакояцца, што іх галасы застануцца непачутыя ў Заходняй Эўропе, ахопленай інэрцыяй і занятай сваімі карысьлівымі інтарэсамі.

З свайго боку Крэмль назваў літоўскую падтрымку Ўкраіны «правакацыяй», якая падрывае мірнае рашэньне канфлікту. Літва фактычна апынулася на лініі фронту новай Халоднай вайны Масквы з Захадам. За першыя дзесяць месяцаў 2014 году НАТО больш чым 130 разоў узьнімала па трывозе свае самалёты-зьнішчальнікі, каб перахапіць расейскія вайсковыя самалёты каля літоўскай мяжы — у 2010 годзе такіх выпадкаў было толькі чатыры.

Асаблівая небясьпека для Літвы палягае ў тым, што яна мяжуе з расейскім эксклявам — Калінінградзкай вобласьцю, разьмешчанай паміж Польшчай і Літвою. У часы Халоднай вайны гэта была закрытая вайсковая зона. Цяпер Масква выкарыстоўвае яе як базу для ракетаў, якія нацэленыя на Эўропу. У студзені расея правяла ў Калінінградзкай вобласьці вучэньні, у якіх узялі ўдзел каля 9 тысячаў вайскоўцаў і больш за 55 караблёў Балтыйскага флёту. Падобныя вучэньні папярэднічалі расейскаму нападу на Грузію ў 2008 годзе, а таксама анэксіі Крыму.

Ёсьць таксама небясьпека, што Крэмль спрабуе выкарыстаць актывістаў польскай меншасьці ў Літве, якія часта выступаюць супраць палітыкі літоўскіх уладаў.

Апрача грубай сілы літоўцы баяцца таксама менш заўважных аспэктаў расейскай «гібрыднай вайны». Расея прыгразіла аднавіць крымінальныя справы супраць некалькіх тысячаў літоўцаў, якія ўхіліліся ад прызыву ў савецкую армію ў 1990 і 1991 гадох. Ёсьць таксама небясьпека, што Крэмль спрабуе выкарыстаць актывістаў польскай меншасьці ў Літве, якія часта выступаюць супраць палітыкі літоўскіх уладаў. Ёсьць падазрэньні, што лідэр палітычнай арганізацыі Польска Акцыя Выборча, які часта падтрымлівае палітыку Масквы ў дачыненьні да Ўкраіны, мае сувязі з Крамлём.

Незалежна ад таго, ці такімі актывістамі ў Літве кіруе Масква або не, занепакоенасьць ростам прарасейскіх уплываў расьце. Нават арганізацыя нявіннага вулічнага праваслаўнага сьвята Масьленіцы ў Вільні выклікала ў жыхароў гораду падазрэньні. З дынамікаў даносілася музыка і заклікі з запрашэньнем да ўдзелу, але мала хто зь мінакоў на іх адгукнуўся.

Незалежна ад таго, ці такімі актывістамі ў Літве кіруе Масква або не, занепакоенасьць ростам прарасейскіх уплываў расьце.

Можа гэта й ня дзіўна ў краіне, дзе этнічныя расейцы складаюць менш за шэсьць працэнтаў насельніцтва. І хоць бальшыня літоўцаў, каму за 30, усё яшчэ гавораць па-расейску, амаль ніхто з маладзейшых ужо не зразумее гэтую былую мову «міжнацыянальнага абшчэньня». Аднак літоўцы непакояцца за суседнюю Латвію, дзе этнічныя расейцы складаюць чвэрць насельніцтва і дзе недасканалае заканадаўства дапамагло ператварыць краіну ў буйны асяродак адмываньня расейскіх грошай. Расейцы складаюць таксама чвэрць насельніцтва Эстоніі. Калі Пуцін вырашыць напасьці на адну з гэтых краінаў або на абедзьве пад старой зачэпкай «абароны правоў расейцаў за мяжою», наступнай напэўна будзе Літва.

Усё гэта не застаецца па-за ўвагай Захаду. У мінулым месяцы міністар абароны Вялікабрытаніі Майкл Фэлан папярэдзіў аб «рэальнай і непасрэднай небясьпецы» з боку Расеі, якая патэнцыйна спрабуе дэстабілізаваць балтыйскія краіны шляхам тактыкі, падобнай да ўжытай ва Ўкраіне. Ад пачатку таго крызісу НАТО імкнецца супакоіць сваіх самых усходніх удзельнікаў, абнаўляючы пляны дзеяньняў у адказ і абвяшчаючы аб стварэньні новых камандных цэнтраў у шасьці краінах для кантролю над разгортваньнем новых аддзелаў хуткага рэагаваньня сілаю каля 5 тысяч чалавек. Рыхтуючыся да такіх крокаў, у студзені Міністэрства абароны Літвы распаўсюдзіла інструкцыю для вайскоўцаў і цывільнага жыхарства з парадамі — што рабіць у выпадку замежнага ўварваньня. «Захойвайце здаровы розум, не паддавайцеся паніцы, ня страчвайце яснае мысьленьне, — гаворыцца там. — Артылерыйскія выбухі ў вас за акном — гэта яшчэ не канец сьвету».

Хоць літоўцы бачаць у НАТО найлепшага гаранта незалежнасьці, шмат хто сумняваецца, ці 5-ты пункт Статуту альянсу — у якім запісана, што ўзброены напад на адну краіну-ўдзельніцу разглядаецца як напад на ўвесь блёк — будзе выкарыстаны ў выпадку расейскага нападу на Літву. Многія ўспрымаюць маўклівае патураньне ЭЗ дзеяньням Масквы ва Ўкраіне як благі знак. Галоўны рэдактар навіннага сайту 15min.lt і адзін зь вядучых літоўскіх палітычных камэнтатараў Рымвідас Валатка вінаваціць Эўропу ў аддаваньні перавагі сваім прыватным інтарэсам, зьвязаным з энэргетычнымі і іншымі зьдзелкамі з Расеяй. «Зразумела, чаму Захад не пастаўляе зброю Ўкраіне — яны ня хочуць ўвязвацца там, дзе яны могуць гэтага пазьбегчы, — кажа ён. — Нават франкісцкая Гішпанія ня ўдзельнічала ў Другой сусьветнай вайне, дык нашто спадзявацца, што яны ўвяжуцца ў гэта цяпер?»

Зразумела, чаму Захад не пастаўляе зброю Ўкраіне — яны ня хочуць ўвязвацца там, дзе яны могуць гэтага пазьбегчы

Аднак пераважны настрой што да ўяўнага бязьдзеяньня Захаду ва ўкраінскім крызісе — хутчэй філязофская пакорлівасьць, чым гнеў. «Вядома, 28-мі краінам-удзельніцам цяжка прыйсьці да пагадненьня», — сказаў мне адзін студэнт. І хоць Валатка крытыкуе нямецкую канцлерку Ангелу Мэркель і іншых эўрапейскіх лідэраў за адмову ўзброіць Украіну, ён ня думае, што літоўскія палітыкі мусілі б выказваць адкрыты пратэст. «Іншых саюзьнікаў у нас няма, — кажа ён. — Калі разьвесьці спрэчкі, гэта толькі дапаможа расейцам падарваць эўрапейскае адзінства».

Пакуль што літоўцы бачаць сваёй галоўнай рольлю змаганьне з шматлікімі мітамі вакол дзеяньняў Масквы.

Валатка таксама ставіць пад сумнеў матывы Грыбаўскайце. За два гады да заканчэньня яе другога (і апошняга) тэрміну яна заслужыла мянушку «Жалезная лэдзі» за сваю бескампрамісную пазыцыю. Але яе вінавацяць у моцных камуністычных сымпатыях у маладосьці — гэтай тэме прысьвечана яе неаўтарызаваная біяграфія «Чырвоная Даля», экзэмпляры якой таямнічым чынам былі разасланыя дэпутатам Эўрапарлямэнту ў сьнежні летась. Грыбаўскайце ў 1980-х гадах вучылася ў Ленінградзе, а з кампартыі выйшла пазьней за бальшыню літоўцаў. «Дакладна не вядома, чым яна займалася ў апошнія гады камуністычнай улады, калі ўсе іншыя змагаліся супраць яе», — кажа Валатка. Цяпер яна або «занадта пратэстуе, або дэманструе запал нэафіта, — кажа ён пра яе супрацьстаяньне Расеі, — але прынамсі, яна на правільным баку».

Пакуль што літоўцы назіраюць за падзеямі ва Ўкраіне і спадзяюцца на лепшае.

Пакуль што літоўцы бачаць сваёй галоўнай рольлю змаганьне з шматлікімі мітамі вакол дзеяньняў Масквы. Крамлёўская прапаганда дапамагла ўзмацніць магутны паток аргумэнтаў, якія можна пачуць на Захадзе, што адзеяньні Пуціна апраўданыя, бо Ўкраіна і Расея належаць да адной культуры, і што сама Ўкраіна — дзяржава нежыцьцяздольная. І хоць некаторыя літоўскія палітыкі прапануюць забараніць каналы расейскай прапаганды, адна з сэкцыяў кніжнага кірмашу, на якім я пабываў у мінулым месяцы, была прысьвечаная тэме захаваньня «разнастайнасьці наратываў». Паважаны паэт і прафэсар Ейлскага ўнівэрсытэту Томас Венцлава выказаў агульнае меркаваньне, заявіўшы, што цэнзура — «шлях да загубы... Гэта лянівы адказ на вельмі цяжкае пытаньне». Іншыя пагаджаюцца, кажучы, што спэцыфічная прырода плюралізму Літвы дае сілу яе аргумэнтам. «Мы — гібрыднае грамадзтва, — сказаў мне вэтэран журналістыкі Рамунас Багданас. — Мы разумеем савецкую сыстэму, таму што мы былі часткай яе, а цяпер наша роля — казаць праўду Захаду, які не разумее пагрозы».

Пакуль што літоўцы назіраюць за падзеямі ва Ўкраіне і спадзяюцца на лепшае. «Мы плачам аб Украіне», — сказаў мне яшчэ адзін рэдактар. Яны таксама разумеюць, што канфрантацыя з Масквой патрабуе доўгай і цяжкай барацьбы. «Я ўжо не дажыву да таго дня, калі Расея перастане быць пагрозай, — кажа, качаючы галавой, Лаліта Варанавічэне, кіраўніца аднаго з найбуйнейшых выдавецтваў краіны. — Цяпер я гэта разумею».

Грэгары Файфэр

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG