Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І калі застаўся апошні беларускамоўны, то яму сказалі — «А чаго гэта ты нас дыскрымінуеш? Гаворыш на той мове, якую ўсё роўна ніхто не разумее?»

Уявім сабе краіну, у якой на 99 працэнтаў пануе адна мова. Хоць на самой справе юрыдычна ў гэтай фантастычнай уяўнай краіне дзейнічае 2 дзяржаўныя мовы. Проста — такі вось дзіўны парадокс — другая знаходзіцца ў поўным заняпадзе. Аднак існуе нейкі астравок, на якім жыве 1 працэнт насельніцтва, што карыстаецца менавіта той, другой мовай — назавем яе «беларуская».

І вось у пэўны час некаторым самым прагрэсіўным і сучасным жыхарам астраўка раптам прыйшла ў галаву думка — «А чаму гэта на нашым востраве пануе выключна беларуская мова? Гэта ж няправільна, гэта дыскрымінацыя. Трэба роўнасьць!» А іншыя адказалі ім — «Дык а там, на тэрыторыі 99 працэнтаў, няма ж роўнасьці моваў». А гэтыя, прагрэсіўныя, кажуць — «Дык што зь іх узяць, яны ж адсталыя, на іх мы паўплываць ня можам. А мы павінны быць прагрэсіўнымі, за роўнасьць і справядлівасьць. Мы ж ня нейкія пячорныя нацыяналісты?» І ўсе, уздыхнуўшы, пагадзіліся — «Так, мы ж не пячорныя, мы за роўнасьць». І ўвялі ў сябе на востраве — напалову — іншую мову.

Няма цяпер цалкам беларускамоўнага вострава, і першая дзяржаўная пануе ўжо не на 99-ці, а на 99,5 працэнтах.

Але ж гэта не канец прыпавесьці. Бо сярод тых 0,5 працэнта, якія засталіся беларускамоўнымі, таксама знайшліся свае прагрэсіўныя людзі, якія запыталіся — «А чаму ў нас пануе толькі беларуская? Гэта ж несправядліва». Распалавінілі і тых. А потым яшчэ. І яшчэ. І калі застаўся апошні беларускамоўны, то яму сказалі — «А чаго гэта ты нас дыскрымінуеш? Гаворыш на той мове, якую ўсё роўна ніхто не разумее?»

А цяпер ад прыпавесьці да рэальнасьці. Менавіта пад лёзунгам роўнасьці дзьвюх дзяржаўных моваў у рэальнай краіне з назвай Беларусь адбывалася русыфікацыя пасьля рэфэрэндуму 1995 году. «Чаму раёнка выходзіць толькі на беларускай мове? У нас роўнасьць моваў, давайце зробім яе дзьвюхмоўнай». Роўнасьць дык роўнасьць. Рабілі дзьвюхмоўнай, а праз колькі гадоў беларускай засталася толькі шыльда. «А чаму па БТ навіны толькі на беларускай мове?» Зьмянілі. У выніку амаль цалкам выгналі белмову з БТ — усё ж дзеля «роўнасьці».

І тыя дэмакраты, якія ў сярэдзіне 90-х выступалі за «роўнасьць» і дзьвюхмоўе — Абрамава, Букчын — пасьля 95-га ўбачылі, што робіцца зь беларускай мовай, і пачалі абурацца: «Мы ня гэтага хацелі, мы супраць дыскрымінацыі беларускай мовы». Хачу спадзявацца, што яны сапраўды ня ведалі, да чаго прывядзе «дзьвюхмоўе».

Гадамі чую пытаньне, нават ад нібыта адэкватных і дэмакратычных асобаў — а чаму Радыё Свабода толькі па-беларуску? Вакол сотні расейскамоўных крыніцаў, «Наша Ніва» і «Эўрарадыё» даўно маюць расейскамоўныя вэрсіі сайтаў — і вось для поўнага шчасьця людзям не хапае, каб Свабода, амаль апошні выключна белмоўны СМІ, стала дзьвюхмоўнай.

І калі я сёньня бачу, як недзе застаецца астравок беларускасьці (0,001 працэнта насельніцтва, гэта акурат сто чалавек), і да яго ўзьнікаюць пытаньні «а чаму ў вас усё па-беларуску?» — то я разумею, да чаго гэта прывядзе і чым скончыцца. Бо я ведаю гісторыю, бо я бачу мэханізм і бачу, што «благими намерениями вымощена дорога в ад» (можа, не выпадкова слова «благія» па-беларуску мае адваротны ад расейскай мовы сэнс?).

Віктар Марціновіч

Віктар Марціновіч

Як слушна напісаў Віктар Марціновіч: «Мова, нацыянальная літаратура важнейшыя за творчы эгаізм... Нас хутка ня стане, пакуль вы бароніце расейскамоўных. Гэта мой хіба што адзіны аргумэнт».

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG