Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін хоча стварыць валютны саюз зь Беларусьсю і Казахстанам


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін даў даручэньне Цэнтральнаму банку Расеі і расейскаму ўраду вызначыць мэтазгоднасьць і магчымасьць стварэньня валютнага саюзу ў рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу. Дададзены камэнтар Багданкевіча.

На нарадзе ў Маскве Пуцін даручыў расейскаму ўраду і цэнтрабанку да 1 верасьня "прапрацаваць пытаньні валютнай і фінансавай інтэграцыі зь дзяржавамі-сябрамі Эўразійскага эканамічнага саюзу", паведаміў расейскі Першы канал.

Акрамя Расеі, у Эўразійскі эканамічны саюз уваходзяць Беларусь, Казахстан і Армэнія.

Дамова аб Эўразійскім эканамічным саюзе была падпісана ў Астане 29 траўня 2014 году кіраўнікамі Расеі, Беларусі і Казахстану і ўступіла ў сілу з 1 студзеня 2015 году.

«5–10 гадоў пройдзе, і пытаньне аб увядзеньні адзінай валюты будзе дакладна вырашана, зьявяцца эмісійныя цэнтры і адзіная валюта», — раней сьцьвярджаў першы віцэ-прэм’ер расейскага ўраду Ігар Шувалаў.

Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

Багданкевіч: «Пуцін баіцца, каб Беларусь і іншыя краіны ня выпалі з зоны ягонага ўплыву»

Экс-старшыня Нацыянальнага банку Беларусі прафэсар Станіслаў Багданкевіч пракамэнтаваў заяву Ўладзімера Пуціна пра магчымасьць стварэньня валютнага саюзу Эўразійскага эканамічнага саюзу:

«Гэтае пытаньне даўно ставіцца Пуціным у межах Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. А зараз ён ставіць гэтае пытаньне ўжо ў межах Эўразійскага эканамічнага саюзу, спрабуючы канчаткова аб’яднаць гэтае ўтварэньне адзінай валютай.

Маё меркаваньне заўсёды было такое, што трэба арыентавацца ўсё ж такі на разьвіты цывілізаваны сьвет. Таму прывязка эканомікі Беларусі і банкаўскай сыстэмы выключна да ўсходу — шкодная для Беларусі. Аднак, калі выбар арыентацыі на ўсход канчатковы, то стварэньне агульнай валюты, стварэньне валютнага саюзу ўяўляецца цалкам рэальным.

Іншае пытаньне: пераход на адзіную валюту быў бы зразумелы, калі б мадэль эканамічнага разьвіцьця, эканамічная палітыка ўсіх гэтых краінаў была цалкам інтэграваная. Пакуль гэтага няма. Таму стварэньне адзінай валюты — гэта вяршыня інтэграцыі.

Але, магчыма, Пуцін кажа на гэтым этапе пра іншы валютны саюз — пра стварэньне ўзгодненых валютных курсаў, валютнай і грашова-крэдытнай працэнтнай палітыкі пры наяўнасьці нацыянальных валют. Гэта таксама магчыма. Беларусь і Расея даўно ўжо па лініі цэнтральных банкаў маюць такое пагадненьне, такі саюз. Таму трэба ведаць дэталі — якую мэту Пуцін паставіў перад сабой. Альбо ціснуць, каб Беларусь і іншыя краіны ня выпалі з зоны ягонага ўплыву, і ён хоча неадкладна стварыць адзіную валюту. Альбо Пуцін хоча рухацца ў кірунку стварэньня валютнага саюзу пры наяўнасьці нацыянальных валют — фармальна. Жыцьцё пакажа».

XS
SM
MD
LG