Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 год таму — спачатку ў кулюарах, рашэньнем дзясятка членаў Палітбюро, палова якіх ужо адной нагой былі ў магіле, а потым парафіраваная некалькімі сотнямі міністраў, генэралаў і сакратароў абкамаў — адбылася падзея, якая вызначыла лёс народаў. Можна сказаць і менш пафасна: паўплывала на лёс кожнага з нас.

11 сакавіка 1985 году Міхаіл Гарбачоў быў абраны Генэральным сакратаром ЦК КПСС. Ён пакуль яшчэ кляўся імем Леніна, але ўжо разумеў, што так, як было пры ягоных папярэдніках — Сталіне, Хрушчове, Брэжневе — заставацца ня можа. Так, ён не жадаў адмаўляцца ад камуністычнай сыстэмы — ён проста выняў цагліну з фундамэнту. І пабудова — абрынулася. Абрынулася не сама па сабе, тут былі намаганьні і антыкамуністычных, нацыянальных рухаў, але бяз дзеяньняў Гарбачова тая сыстэма мела даволі трывалыя шанцы на існаваньне.

І калі мне кажуць: ды ну, нікуды б не падзеўся Гарбачоў, нафта падала, эканоміка развальвалася — адказваю: пры жаданьні Гарбачоў мог бы кіраваць і да сёньня, абапіраючыся на войска і КГБ.

І прыгадваю успамін маці, як у яе вёсцы пад Магілёвам у дзень, калі абвясьцілі пра сьмерць Сталіна, павыходзілі з хатаў жанчыны з ручнікамі — выціраць сьлёзы. Тыя самыя, што елі траву ў пасьляваенныя галодныя гады.

Дык вось: і сёньня б елі траву — а цярпелі. Можа, і не баяліся б, як Сталіна, а сьмяяліся, як над нямоглым Брэжневым — але цярпелі б. Так, утрымаць імпэрыю можна было толькі коштам тысячаў ахвяраў — ну але калі ў Савецкім Саюзе лічылі чалавечыя жыцьці (Хто цяпер падлічыў колькасьць загіблых ва Ўкраіне расейскіх салдатаў? Расейскае грамадзтва? Расейская прэса? Крэмль — падлічыў і абнародаваў? Выведка ЗША падлічыла — а Дзярждэп абнародаваў. І гэтыя паўтысячы маладых жыцьцяў ніяк не скалыхнулі Расею).

Так, быў Чарнобыль, і ў першыя дні пасьля катастрофы Гарбачоў маўчаў. Але несумненна: пры Андропаве (калі б ён жыў) ці пры Грышыне (калі б ён быў абраны) мы б не даведаліся пра рэальныя наступствы Чарнобылю вельмі доўга, як дзесяткі гадоў ня ведалі пра Сяміпалацінск.

Гарбачоў даў нам тое, што для чалавека зьяўляецца галоўным (пасьля ўмоваў фізычнага існаваньня) — свабоду. Як ужо народы распарадзіліся гэтым — не яго віна (як і не ягоная заслуга). Распарадзіліся па-рознаму, у залежнасьці ад гістарычнага вопыту, ступені нацыянальнай сьвядомасьці і — што таксама істотна — нацыянальнага характару.

Удзячнасьць — ня самая характэрная нацыянальная рыса беларусаў. Таму я вельмі задаволены, што сказаў Гарбачову — і прычым не аднойчы — словы ўдзячнасьці за вясну 85-га.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG