Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нуланд: Крым і частка Данбасу жывуць ва ўмовах тэрору


Вікторыя Нуланд

Вікторыя Нуланд

На слуханьнях у Сэнаце намесьнік дзяржсакратара ЗША зноў ахарактарызавала прысутнасьць расейскіх войскаў ва Ўкраіне як уварваньне.

Нягледзячы на адвод некаторай часткі ўзбраеньняў з зоны канфлікту прарасейскімі сэпаратыстамі, ЗША могуць пацьвердзіць, што ў апошнія некалькі дзён Расея паставіла новыя танкі, бронетранспарцёры, цяжкую артылерыю і ракетныя ўстаноўкі сэпаратыстам, пераправіўшы ўзбраеньне праз расейска-ўкраінскую мяжу.

Пра гэта ў аўторак 10 сакавіка на слуханьнях у Сэнаце ЗША заявіла памочнік дзяржсакратара па справах Эўропы і Эўразіі Вікторыя Нуланд. Слуханьні пад назвай «Палітыка ЗША ва Ўкраіне: процідзеяньне Расеі і стымуляваньне рэформаў» прайшлі ў Камітэце па міжнародных справах верхняй палаты парлямэнту ЗША.

Вікторыя Нуланд

Вікторыя Нуланд

«У той час як Украіна будуе мірную, незалежную, дэмакратычную дзяржаву на 93 працэнтах сваёй тэрыторыі, Крым і асобныя раёны на ўсходзе Ўкраіны пакутуюць ад панаваньня тэрору», — падкрэсьліла прадстаўніца Дзярждэпартамэнта ЗША Вікторыя Нуланд, якая абвінаваціла Расею ў разьвязваньні ўзброенага канфлікту, які забраў тысячы жыцьцяў.

«Сёньня Крым застаецца незаконна акупаваным, і парушэньні правоў чалавека там зьяўляюцца нормай, а не выключэньнем, для многіх групаў рызыкі», — дадала Вікторыя Нуланд. На яе думку, пад пагрозай перасьледу — крымскія татары, украінцы, якія адмовіліся здаваць свае пашпарты, журналісты.

«На ўсходзе Ўкраіны Расея і яе сэпаратысцкія марыянэткі разьвязалі кампанію нябачанага гвалту і рабаваньняў»

«На ўсходзе Ўкраіны Расея і яе сэпаратысцкія марыянэткі разьвязалі кампанію нябачанага гвалту і рабаваньняў», — заявіла Вікторыя Нуланд. На думку прадстаўніцы Дзярждэпартамэнту, канфлікт на ўсходзе Ўкраіны зьяўляецца сфабрыкаваным, ён кантралюецца Крамлём і падсілкоўваецца пастаўкамі расейскіх танкаў і цяжкіх узбраеньняў, а фінансуецца за кошт расейскіх падаткаплацельшчыкаў, але пры гэтым ён ужо забраў жыцьці ня толькі больш чым 6 тысяч украінцаў, а і сотняў маладых расейцаў, якіх адправілі ваяваць, сказала Нуланд на слуханьнях у Сэнаце ЗША, паведамляе «Нямецкая хваля».

Адказваючы на пытаньне старшыні сэнацкага Камітэта па міжнародных справах Боба Коркера пра тое, колькі салдат расейскай арміі загінула на тэрыторыі Ўкраіны, Вікторыя Нуланд адказала, што Масква працягвае адмаўляць факт прысутнасьці сваіх вайскоўцаў у Данбасе. ЗША не валодаюць дакладнай лічбай загінулых расейскіх салдат, аднак, паводле слоў Нуланд, выведдадзеныя сьведчаць аб, што як мінімум 400-500 расейскіх вайскоўцаў загінулі ва Ўкраіне.

Рамін Талуі

Рамін Талуі

Між тым прадстаўнік Міністэрства фінансаў ЗША Рамін Талуі заявіў, што толькі ў апошнія некалькі месяцаў міжнародная супольнасьць прыняла рашэньне павялічыць падтрымку Ўкраіны і вылучыць дадатковыя 10 мільярдаў даляраў для падтрыманьня яе эканомікі ў сьвятле працяглай агрэсіі з боку Расеі.

Талуі таксама заявіў, што ў другой палове гэтага году ЗША дадуць украінскаму ўраду дадатковы крэдыт у памеры мільярда даляраў.

Па словах Талуі, Масква пакуль не сьпяшаецца патрабаваць ад Украіны вяртаньня крэдыту ў памеры 3 мільярдаў даляраў, дадзеных Кіеву ў апошнія тыдні кіраваньня экс-прэзыдэнта Віктара Януковіча, які ўцёк у Расею.

Перамовы пра фармат вяртаньня гэтых сродкаў вядуцца з МВФ, заявіў прадстаўнік Мінфіна ЗША.

Між іншым, памочнік дзяржсакратара ЗША Вікторыя Нуланд зноў ахарактарызавала прысутнасьць расейскіх войскаў ва Ўкраіне як уварваньне.

Па словах Нуланд, у некаторых раёнах Усходняй Украіны ўсталяваўся адносны спакой, аднак, спасылаючыся на даклад назіральнікаў АБСЭ, Нуланд заўважыла, што ў асобных частках Данецкай вобласьці ў кірунку Марыюпаля абстаноўка па-ранейшаму застаецца напружанай.

Нуланд таксама нагадала сэнатарам, што з пачатку канфлікту ЗША далі Ўкраіне дапамогу ў памеры 355 мільёнаў даляраў. І цяпер, па словах прадстаўніка Дзярждэпартамэнта, гаворка ідзе пра 25-гадовыя амэрыканскія інвэстыцыі ў будаўніцтва свабоднай, мірнай і адзінай Эўропы.

Робэрт Мэнэндэс

Робэрт Мэнэндэс

На думку Робэрта Мэнэндэса, сябра Камітэта па міжнародных справах Сэнату ЗША, Злучаныя Штаты павінны ўвесьці дадатковыя санкцыі ў дачыненьні да энэргетычнага сэктару Расеі. Паводле слоў амэрыканскага заканадаўца, Расея ўжо страціла каля 140 мільярдаў даляраў з-за заходніх санкцыяў, якія былі ўведзеныя ў дачыненьні да Крамля пасьля анэксіі Крыма і працяглай падтрымкі сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны.

Адмірал Франк Пандольфэ лічыць, што галоўная мэта Ўладзімера Пуціна — дэстабілізацыя Ўкраіны, з тым, каб яна не магла стаць часткай Захаду. Па словах Пандольфэ, Пуцін «лічыць пагрозай прагрэсіўныя дэмакратыі», якія фарміруюцца ля яго межаў, і ўсяляк спрабуе гэтаму перашкодзіць.

У сваю чаргу першы памочнік намесьніка міністра абароны па палітычных пытаньнях Браян Макеан заявіў на слуханьнях, што расейскія спэцыялісты і салдаты прымаюць актыўны ўдзел у ваенных дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны. Паводле яго слоў, яны актыўныя ў камандаваньні, кіраваньні СПА, а таксама ваююць бок у бок з сэпаратыстамі.

«Як ужо заявіла памочнік дзяржсакратара, яны перапраўляюць празь мяжу значную колькасьць адзінак ваеннага абсталяваньня і вайскоўцаў, аднак цяпер складана прадказаць, калі яны зробяць дадатковыя крокі», — заявіў Макеан, паведамляе «Голас Амэрыкі».

XS
SM
MD
LG