Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Альбомы «Tonqixod» і «Port Mone» — найлепшыя музычныя выданьні 2014 году


10 сакавіка ў менскай страўні «Камяніца» адбылася цырымонія ўзнагароджаньня найлепшых альбомаў беларускай музыкі па выніках 2014 году.

Ужо ў сёмы год запар пераможцаў вызначае сайт experty.by на падставе выдадзеных альбомаў, якія былі прэзэнтаваныя слухачам і спэцыялістам музычнага рынку краіны. Па выніках мінулага году лідэрамі зрабіліся дзьве менскія каманды — «Tonqixod» і «Port Mone», якія і забралі большасьць узнагародаў.

Сёлета пад разгляд экспэртаў сайту патрапіла больш за 100 выдадзеных альбомаў беларускіх выканаўцаў у розных стылях музыкі. Гэтым разам асноўная барацьба за галоўны прыз вылілася ў спаборніцтва дзьвюх менскіх каманд — «Tonqixod» і «Port Mone».

Калі першая зь іх выконвае ў нечым артадаксальную музыку ў стылістыцы прагрэсаў-рок, якая ўзыходзіць да першай паловы 70-х, дык «Port Mone» прадстаўляе выключна інструмэнтальную музыку (акардэон, бас-гітара, перкусія), якую можна далучыць да актуальных распрацовак world music.

Альбом «Thou» быў запісаны музыкамі «Port Mone» пазалетась пад Менскам у лесе жыўцом, і на гукі музыкі наклаліся розныя прыродныя шумы. Выдадзены ж гэты альбом быў у Славакіі, а дзьве папярэднія праграмы «Port Mone» ў 2009 і 2011 гадах прызнаваліся найлепшымі паводле меркаваньняў замежных экспэртаў на апытаньнях сайту experty. by.

«Tonqixod» перамагла ў намінацыях «Найлепшы дэбютны альбом», «Найлепшы рок-альбом» і «Найлепшы беларускамоўны альбом» (падтрымка сольнага канцэрту «Будзьма беларусамі»), а таксама атрымала прыз штатных экспэртаў сайту за альбом «Прадмова». Тым часам як «Port Mone» сабраў большасьць галасоў у намінацыі «Найлепшы інструмэнтальны альбом», атрымаў прызы журы народных экспэртаў, прыз вялікага журы і быў названы альбомам году (падтрымка сольнага канцэрту «Атлант Тэлекам»).

Дзьмітрый Безкаравайны, заснавальнік сайту experty.by, адзначыў:

— Пашырылася стылістычная разнастайнасьць беларускай музыкі, што прывяло да заснаваньня новай намінацыі «Індзі-поп/электронны альбом». Па выніках мінулага году як ніколі была вельмі моцная канкурэнцыя, ажно да таго, што такія выканаўцы, як Макс Корж, «Akute» ці «Крама», не трапілі ў лік намінантаў. Хіба што гурт «Vuraj» выступаў у сваёй намінацыі па-за канкурэнцыяй. І калі ў мінулыя гады мы часам адмянялі намінацыю «Лепшы поп-альбом», таму што не было з чаго выбіраць, дык па выніках 2014 году рэальная канкурэнцыя таксама была. Цягам гэтых сямі гадоў я магу адзначыць ня толькі ўзрост якасьці айчыннай музыкі, але, што галоўнае, — яе разнастайнасьці.

Пераможцы за 2014 год

Найлепшы дэбютны альбом — «Tonqixod» («Прадмова»)
Найлепшы поп-альбом — «Iowa» («Export»)
Найлепшы індзі-поп/электронны альбом — «Mustelide» («Secret»)
Найлепшы інструмэнтальны альбом — «Port Mone» («Thou»)
Найлепшы фолк-альбом — «Vuraj» («Раёк»)
Найлепшы рок-альбом — «Tonqixod» («Прадмова»)
Найлепшы беларускамоўны альбом — «Tonqixod» («Прадмова»), прыз «Будзьма беларусамі».
Прыз народных экспэртаў — «Port Mone» («Thou»)
Прыз замежных экспэртаў — (((О))) («Motherland»)
Прыз штатных экспэртаў — «Tonqixod» («Прадмова»)
Прыз вялікага журы — «Port Mone» («Thou»)

Альбом году — «Port Mone» («Thou») і галоўны прыз ад «Атлант Тэлекам».

XS
SM
MD
LG