Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвешчаны доўгі сьпіс Прэміі Стагановічаў


Сёньня адбылося пасяджэньне журы прэміі ў галіне непрыдуманай літаратуры (non fiction), на якім быў вызначаны доўгі спіс Прэміі імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў, куды ўвайшлі 15 кніг-прэтэндэнтаў.

У гэтым сьпісе апынуліся тры кнігі аўтараў Бібліятэкі Радыё Свабода: Альгерда Бахарэвіча, Сяргея Дубаўца і Сяргея Навумчыка.

Доўгі сьпіс выглядае наступным чынам:

1. Бахарэвіч, Альгерд. Гамбурскі рахунак Бахарэвіча. Радыё Свабода, 2012.

2. Бяляцкі, Алесь. Іртутнае срэбра жыцьця. Мінск, 2014.

3. Дашкевiч, Змiцер. Чарвяк. Вiльня, 2014.

4. Дубавец, Сяргей. Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду. Радыё Свабода, 2012.

5. Казлоўскі, Міхась. Да кніжных скарбаў дакрануся: Нататкі бібліяфіла. Мінск: Літаратура і Мастацтва, 2011.

6. Кісялёў, Генадзь. Смак беларушчыны. Мінск: Лімарыус, 2013.

7. Крэпак, Барыс. Вяртаньне імёнаў: Нарысы пра мастакоў. У 2 кн. Мінск: Мастацкая літаратура, 2013–2014.

8. Марціновіч, Дзяніс. Жанчыны ў жыцьці Ўладзіміра Караткевіча. Мінск: Чатыры чвэрці, 2014.

9. Навумчык, Сяргей. Дзевяноста першы. Год незалежнасьці вачыма ўдзельніка. Радыё Свабода, 2013.

10. Някляеў, Уладзімір. Знакі прыпынку. Мінск: Лімарыус, 2013.

11. Тамковіч, Аляксандр. Найноўшая гісторыя ў асобах. 2013.

12. Федарэнка, Андрэй. Сечка. Мінск: Галіяфы, 2012.

13. Харэўскі, Сяргей. ПраЧутае. Вільня: Беларускі Калегіюм, 2012.

14. Чыгрын, Сяргей. Слонімскі буквар. Мінск: Кнігазбор, 2013.

15. Шапран, Сяргей. Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным. Мінск: Логвінаў, 2011.

Кароткі сьпіс прэміі стане вядомы ў канцы сакавіка, ён будзе складацца з 7 пазыцый. Імёны трох пераможцаў будуць абвешчаны ў сярэдзіне красавіка 2015 году.

Трох пераможцаў конкурсу вызначыць журы ў складзе: старшыня секцыі непрыдуманай літаратуры ў Саюзе беларускіх пісьменьнікаў, сябра Управы ЗБС «Бацькаўшчына», галоўны рэдактар альманаха «Запісы БІНіМ», кандыдат гістарычных навук Наталля Гардзіенка; сябра Управы ЗБС «Бацькаўшчына», загадчык аддзела старадрукаў і рэдкіх выданьняў Прэзыдэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Валер Герасімаў; сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, кандыдат філялягічных навук Віктар Жыбуль; дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіву-музэю літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка; літаратуразнаўца, сябра Беларускага ПЭН-цэнтру, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтру дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАНБ, кандыдат філалагічных навук Ганна Кісліцына; літаратуразнаўца, сябра Беларускага ПЭН-цэнтру, супрацоўнік рэдакцыі часопіса «Маладосць» Ціхан Чарнякевіч; дырэктар выдавецтва «Лімарыус» Марына Шыбко.​

***

Прэмія імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў за кнігу ў галіне непрыдуманай літаратуры была заснаваная з ініцыятывы Тамары Стагановіч-Кольбы, дачкі беларускіх эмігрантаў Аляксандра Стагановіча (1890-1988) і Марыі Стагановіч (1898-1995), якая пажадала ўшанаваць памяць пра бацькоў і падтрымаць непрыдуманую літаратуру ў Беларусі. Успаміны Аляксандра і Марыі Стагановічаў выйшлі нядаўна асобнымі кніжкамі ў Беларусі.

Партнэрамі ў арганізацыі конкурсу і ўручэньні прэміі выступаюць: Беларускі інстытут навукі і мастацтва, ГА «Саюз беларускіх пісьменьнікаў», МГА «Згуртаваньне беларусаў сьвету Бацькаўшчына», выдавецтва «Лімарыус».

На прэмію могуць быць вылучаны кнігі, напісаныя ў галіне непрыдуманай літаратуры наступных жанраў: мэмуары, успаміны, дзёньнікі, эпісталярная спадчына; біяграфіі; травэлогі (падарожныя нататкі); дакумэнтальная проза.

На першую Прэмію імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў вылучаліся кнігі, апублікаваныя ў Беларусі на беларускай мове ў 2011-2014 гг.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG