Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Браян Уітмар: Затрыманьне чачэнцаў падазрона зручна і выгадна для Крамля


Браян Уітмар

Браян Уітмар

Затрыманьне ў гэтыя выходныя пяці падазраваных ў забойстве Барыса Нямцова з Паўночнага Каўказу выглядае падазрона зручна для Крамля, камэнтуе аналітык Радыё Свабода Браян Уітмар.

Усе пяцёра затрыманых — з Паўночнага Каўказу, і прынамсі трое — чачэнцы. Гэта, вядома, зручна.

Заўсёды выгадна абвінаваціць чачэнцаў. Пачынаючы з выбухаў жылых дамоў у 1999 годзе да забойства ў 2006 журналісткі Ганны Паліткоўскай, іх заўсёды выстаўлялі як злачынцаў.

Большасьць расейцаў глядзела на іх скептычна, мякка кажучы, іх было лягчэй за ўсё зрабіць ахвярнымі казламі ў якім-небудзь злачынстве.

Зручная таксама новая вэрсія, якая ўжо пачала рабіцца інтэрнэт-мэмам, пра тое, што прычынаю забойства Нямцова сталі яго заўвагі наконт расправы над журналістамі ў рэдакцыі сатырычнай газэты Charlie Hebdo ў Парыжы, у якой былі апублікавана карыкатуры на прарока Мухамада.

Калі гэта было забойства на рэлігійнай глебе, а не палітычна матываваная расправа, зьнікае неабходнасьць шукаць замоўцаў. Няма грандыёзнай змовы. Няма палітычных прычынаў.

Чачэнскі лідэр Рамзан Кадыраў ужо заявіў, што галоўны падазраваны Заур Дадаеў быў «глыбока рэлігійным чалавекам», які быў занепакоены зьяўленьнем карыкатур, апублікаваных у Charlie Hebdo.

«Так што справа закрытая», — піша ў Фэйсбуку Шон Гілары (Sean Guillory) з Цэнтру расейскіх і ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў Унівэрсытэту Пітсбургу:

«Няма неабходнасьці шукаць далей, і, магчыма, няма неабходнасьці шукаць замоўцаў. Аспэкт Charlie Hebdo робіць праўдападобным ініцыятыву з боку групы пакрыўджаных мусульман і выключае шырэйшую змову».

Нарэшце, меркаваньне, што забойства Нямцова было матываванае ісламам, упісваецца ў апавяданьне, якое прадае Крэмль з пачатку канфлікту ва Ўкраіны год таму.

Гаворка пра тое, што рэальная пагроза для ўсяго сьвету зыходзіць ад ісламскага экстрэмізму, а не расейскага экспансіянізму, і Захад мусіць больш дапамагаць Маскве.

Гэта ўсё вельмі акуратна. Гэта ўсё вельмі чыста. І ўсё цудоўна сыходзіцца. Калі так бывае, я, натуральна, стаўлюся да такога скептычна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG