Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціхан Чарнякевіч

Дзіцячая хвароба навізны


Ціхан Чарнякевіч

Ціхан Чарнякевіч

Часам бывае цяжка прадугадаць, як адгукнецца шараговы напісаны табою прэс-рэліз Беларускага ПЭН-Цэнтру. Маю на ўвазе той абзац, што так гучна абмяркоўваецца днямі ў інтэрнэце: «Пазыцыя ПЭН-цэнтру, замацаваная ў статуце прэміі, дастаткова празрыстая: і рускамоўныя, і беларускамоўныя аўтары маюць роўныя правы ў літаратарскім спаборніцтве. Ніхто не зьбіраецца забываць пра няпростае становішча беларускай мовы ў грамадзтве, але і ўціск рускамоўных паэтаў і празаікаў быў бы зусім некарэктным крокам. Тым больш рускамоўныя аўтары ў Беларусі наагул ня маюць уласных літаратурных узнагародаў. Пастулюючы раўнапраўе моваў, перш за ўсё літаратурных моваў, Беларускі ПЭН-цэнтар зьвяртае ўвагу на пэўную дыскрымінацыю, якую варта пераадольваць».

Што і казаць, замест «дыскрымінацыі» мог быць (і напэўна, мусіў быць) іншы тэрмін. Магчыма, нейкая нэўтральная агульнаўжывальная лексэма. Аднак сутнасьці зьявы гэта б не адмяняла.

Тое, што літарацкая супольнасьць дастаткова расслоеная, ні ў кога, акрамя школьнікаў, сумневаў не выклікае. Адзінства ў эстэтычных поглядах наагул праблематычнае і наўрад ці павінна некага зьдзіўляць. Аднак пытаньне беларускамоўных / расейскамоўных пісьменьнікаў – плашчыня як быццам экстралітаратурная, якая выходзіць за межы самое творчасьці ў прастору палітыкі. Дамінантная расейская культура, якая навісае над Беларусьсю апошнія 200 гадоў, вядома, дэфармуе чулыя нацдэмаўскія сэрцы. У тым ліку і маё, грэшнае.

Тым ня менш, гэта не нагода ставаць у позу і перакручваць паняткі. Так, ПЭН-Цэнтар засноўвае прэмію, дзе ўпершыню ў незалежнай гісторыі Беларусі пастулюецца раўнапраўе карыстаных пісьменьнікамі моваў. Для мяне гэта зусім не азначае перамогу расейскай палітыкі ці расейскага ўплыву на беларускую культуру. Наадварот: гэты новы, рызыкоўны, можа быць, крок паказвае сьпеласьць сёньняшняй нашай літаратуры. Ужо можна не баяцца, як калісьці дзеячы-нашаніўцы, што пісьменства нашае не адродзіцца, згіне, захрасьне ў правінцыйным балоце. Беларускамоўная літаратура дастаткова багатая, каб вытрымаць добрасумленныя сяброўскія стасункі зь дзясяткамі файных рускамоўных літаратараў Беларусі. Каб не Галякост і савецкая палітыка, поруч зь імі, як тое было да вайны, стварылі б свае выданьні, суполкі і сэкцыі пры пісьменьніцкім зьвязе ідыш-моўныя літаратары. Ды і палеская мова, якою апякуецца Фёдар Клімчук, не была б страшэнным жупелам. Суседняй Беласточчыне ўрад штогод выдаткоўвае прыстойную суму грошай на падтрыманьне падляскамоўных асяродкаў: выдае часопісы, кнігі, кампакт-дыскі, праводзіць народныя фэсты. У нас жа кожнага, хто загаворыць пра ўнікальнасьць палескага рэгіёну ў складзе Беларусі, абвінавацяць у сэпаратысцкіх настроях.

Вядома, усё гэта праз расейска-ўкраінскую вайну. Нэрвы наструненыя. Аднак, калі сапраўды глядзець на ўкраінскі сэгмэнт СМІ, на ўкраінскую літаратуру, бачыш сапраўднае добрасуседзкае суіснаваньне ўкраінскай і расейскай мовы; сотні чалавек на абедзьвюх мовах штодзень пішуць камэнтары да акаўнтаў у фэйсбуку Пятра Парашэнкі, Арсенія Яцэнюка, Сямёна Сяменчанкі, Дмытра Тымчука, Сяргея Жадана, выказваюць сваю падтрымку, зьбіраюць дапамогу для ўкраінскай арміі і для параненых. Людзей там аб’ядноўвае не салідарнасьць мовы, а салідарнасьць галавы.

Паболей бы й нам такога: можа спатрэбіцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG