Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз можа палепшыць адносіны зь Беларусьсю — латвійскі міністар


Эдгарс Рынкевічс

Эдгарс Рынкевічс

Эўразьвяз бачыць магчымасьць палепшыць адносіны зь Беларусьсю пасьля многіх гадоў праблемаў у стасунках.

Міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс заявіў пасьля нарады кіраўнікоў МЗС краін Эўразьвязу ў Рызе 7 сакавіка: «Мы бачым магчымасьць пашырыць і паглыбіць адносіны зь Беларусьсю».

Рынкевічс сказаў, што ў Эўразьвязу застаюцца праблемы ў адносінах зь Беларусьсю — у прыватнасьці, тое, што ў Беларусі за кратамі застаюцца палітзьняволеныя — але ёсьць магчымасьць для паляпшэньня адносінаў.

У сувязі з наяўнасьцю палітвязьняў, адсутнасьцю і свабодных выбараў і парушэньнямі правоў чалавека Эўразьзвяз захоўвае сьпіс неўязных беларускіх чыноўнікаў і бізнэсоўцаў, блізкіх да ўлады.

Латвія цяпер старшынюе ў Эўразьвязе. Менавіта ў латвійскай сталіцы 21–22 траўня мае адбыцца чарговы саміт «Усходняга партнэрства».

21 студзеня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску генэральны сакратар Міністэрства замежных спраў Латвіі Андрэйс Пілдэговічс заявіў, што латвійскі бок хацеў бы бачыць прадстаўніцтва Беларусі на гэтым форуме «на, магчыма, самым высокім узроўні». На пытаньне журналістаў, ці зьвязаны магчымы ўдзел Аляксандра Лукашэнкі ў рыскім саміце з пытаньнем палітвязьняў, генэральны сакратар МЗС Латвіі заявіў, што ў сучаснай Эўропе ня можа быць такога паняцьця, як палітычны вязень.

Пазьней Рынкевічс заявіў, што ўдзел Лукашэнкі ў саміце ў Рызе — адкрытае пытаньне. «Запрашэньняў яшчэ нікому не дасылалі. Гэта адбудзецца толькі напрыканцы сакавіка — пачатку красавіка. Запрашэньне трапіць у Беларусь. Паглядзім, як будзе разьвівацца сытуацыя», — сказаў міністар замежных спраў Латвіі ў канцы лютага падчас дыскусіі, арганізаванай брусэльскім офісам нямецкага Фонду Конрада Адэнаўэра.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG