Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хвароба гісторыі

  • Аляксандар Лукашук

«Гліняны Вялес»

«Гліняны Вялес»

Андрэй Федарэнка ўганараваны сёлетняй прэміяй Таварыства Вольных Літаратараў «Гліняны Вялес».

Кнігі Андрэя Ф. не патрабуюць прадмовы.

Ах, а гэта адзінае, як акупацыйны мадзяр на веласіпедзе, які едзе-едзе ў галаве старога вяскоўца як адзіны ўспамін пра вайну, ад чаго я млею і растаю, устаю і станаўлюся, закіпаю, астываю, застываю і зноў разьліваюся, каб перацячы праз старонку ўступнага тэксту і пераліцца з аватара ў аўтара і ўведаць нарэшце, зь якой дрыгвы сочыцца падступная паводка яго прозы, чаму яго чытаюць ад Лісабона да Токіё, чаму так самотна на стромкім беразе яго герояў, чаму так соладка на нізкім беразе яго гераіняў, чаму вёска ня мае назвы, адрасу і часу, але ўся наша будучыня жыве ў ёй, як абкураная царэўна,

ніякая і таму ўсялякая, вусьцішная, палахлівая, запалоханая і палохаючая, бо гэта чытач сам такі і ведае, і хоча, і чакае яе як нажа пад рэбры на цёмнай вуліцы між гаражоў, дзе ягонае ўсё і нічога, дзе катуюць катоў, накідваюць помараку, выкалупваюць дзіцячыя ручкі з танкавых гусеніц, дзе сонца згортваецца веерам і няма розьніцы паміж японцам і ўзьбекам, дзе па-ўкраінску гавораць як на ідышы і бацькі б’юць дачок папругамі, дзе паміраць цікавей, чым кахаць, а кахаць чым жыць, дзе прастора бярэ аўтара за горла і сьціскае, пакуль паветра не набудзе апошнюю вартасьць сваёй праўдзівай цаны і ня высьветліцца, што нічога не вынікае зь нічога, што нічые нічые, што сетка, якой спутаныя няўклюдныя рухі, проста вонкавы шкілет душы, у якую заляцелі нашы бедныя целы і спрабуюць дакрычацца дапамогі тайнымі знакамі на невядомай мове: пеля, ксю, ціша, бляха, смута, мыла, і сказы ня ведаюць, як утрымаць словы на ланцугу сэнсу, які паварочваецца вакол сваёй восі, і вывіхнутыя абзацы аказваюцца мясцовасьцю, перасечанай і пасечанай вяскоўцамі, камісарамі, прастытуткамі, самагубцамі, пісьменьнікамі ды іншымі тутэйшымі, над якой любы палёт становіцца брыючым, бо толькі так ідзе адзіны маршрут літаратуры і ўсіх вартых падарожжаў, ад сябе да яе, ад яе да сябе, ад сябе да сябе.

Бедныя.​

XS
SM
MD
LG