Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік ФСБ: падазраваных у забойстве Нямцова затрымалі


Мітынг памяці Барыса Нямцова ў Маскве 1 сакавіка

Мітынг памяці Барыса Нямцова ў Маскве 1 сакавіка

Затрыманыя двое падазраваных у забойстве Барыса Нямцова, заявіў кіраўнік Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі Аляксандр Бортнікаў. Ён назваў іх імёны ў прамым эфіры расейскага Першага тэлеканалу -- гэта Анзор Губашаў і Заур Дадаеў.

Кіраўнік ФСБ сказаў, што падазраваныя зьяўляюцца жыхарамі Каўказу і што пра затрыманьне паведамілі прэзыдэнту Расеі Ўладзімеру Пуціну.

Паводле Бортнікава, праца над раскрыцьцём злачынства працягваецца. Ніякіх вэрсій аб матывах забойства ён не назваў.

Пазьней афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Расеі Ўладзімір Маркін пацьвердзіў інфармацыю аб затрыманьні двух падазраваных у забойстве Нямцова. Маркін адзначыў, што затрыманыя падазраюцца ў дачыненьні як да арганізацыі, так і да выкананьня злачынства.

Чакаецца, што 8 сакавіка раённы суд у Маскве мае прыняць рашэньне пра афіцыйныя абвінавачаньні і магчымы арышт падазраваных.

Кіраўнік Савету па правах чалавека пры прэзыдэнце Расеі Міхаіл Фядотаў сказаў у інтэрвію агенцтву «Інтэрфакс», што важна, каб да адказнасьці былі прыцягнутыя як тыя, хто зрабіў забойства, гэтак і тыя, хто яго замовіў і арганізаваў.

«Інтэрфакс» таксама паведаміў са спасылкай на адваката Ганны Дурыцкай, якая была зь Нямцовым падчас забойства, што яе могуць выклікаць з Украіны для далейшых допытаў у сувязі з затрыманьнем падазраваных.

Адвакат Нямцова Вадзім Прохараў сказаў журналістам, што яго не праінфармавалі пра затрыманьне, але што гэта «добрая навіна».

Апазыцыйны палітык Барыс Нямцоў быў забіты чатырма стрэламі ў сьпіну ў цэнтры Масквы позна ўвечары 27 лютага.

Расейскі апазыцыянэр Ільля Яшын паведаміў, што перад сьмерцю Нямцоў рыхтаваў даклад з доказамі расейскай ваеннай прысутнасьці ва ўсходняй Украіне.

Яшын адзначыў, што адзіная поўная вэрсія дакладу захоўвалася на кампутары ў кватэры Нямцова. Пры гэтым жорсткі дыск кампутара пасьля гібелі палітыка забралі сьледчыя. Тым ня менш, паводле Яшына, усе сабраныя Нямцовым доказы захаваныя, і паплечнікі забітага палітыка паспрабуюць зь іх дапамогай аднавіць дакумэнт.

Расейскія сьледчыя агучылі некалькі вэрсій злачынства, але падрыхтаваны Нямцовым даклад у ліку магчымых матываў афіцыйна не фігураваў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG