Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напярэдадні 8 сакавіка Фонд ААН у галіне народанасельніцтва падрыхтаваў агляд па гендэрнай сытуацыі ў Беларусі.

Жанчыны ў Беларусі маюць вышэйшы ўзровень адукацыі, чым мужчыны, але пры гэтым яны занятыя ў найменш аплатных прафэсіях. Вышэйшую альбо сярэднюю спэцыяльную адукацыю маюць 55% жанчын, якія працуюць, і 38% мужчын.

Паводле дадзеных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, сярод занятых на працы 54% — жанчыны. Суадносіны заработнай платы жанчын да заработнай платы мужчын складаюць 74,5%.

Жанчыны рэдка займаюць топ-пазыцыі. На дадзены момант толькі тры жанчыны ачольваюць рэспубліканскія органы кіраваньня: міністар працы і сацыяльнай абароны, міністар інфармацыі, старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

Такім чынам, тэма няроўнасьці па-ранейшаму актуальная. Гендэрныя перакосы прысутнічаюць ва ўсіх сфэрах жыцьця. Нярэдка адзінае тлумачэньне гэтых перакосаў — традыцыя, якая склалася ў Беларусі, лічаць экспэрты Фонду ААН у галіне народанасельніцтва.

Ва ўсім сьвеце абаронай правоў жанчын займаюцца шматлікія фэмінісцкія арганізацыі.

Экспэрт у гендэрных праблемах Юлія Міцкевіч кажа, што сур’ёзнага, уплывовага фэмінісцкага руху ў Беларусі няма. Жаночыя праблемы наагул недзе ў андэграўндзе. Ёсьць асобныя жанчыны, якія гэтымі праблемамі займаюцца, ёсьць асобныя жаночыя рухі, які рэалізуюць канкрэтныя праекты. Але вялікая праблема тая, што ў самім беларускім грамадзтве дагэтуль пануюць стэрэатыпы наконт месца і ролі жанчыны: месца — на кухні, а роля — маці і жонкі, кажа Юлія Міцкевіч:

Юлія Міцкевіч

Юлія Міцкевіч

«У саміх беларускіх жанчын не хапае інфармацыі, ведаў, асэнсаваньня, што ў іх ёсьць правы і яны не павінны быць парушаныя.

Лідэры апазыцыйным партыяў часам узгадваюць пра гендэрнае пытаньне, гендэрную роўнасьць, таму што гэта цяпер модна — калі ты ў „мэйнстрыме“ эўрапейскіх каштоўнасьцяў, ты павінен гэта ўзгадваць. Але я ня ведаю ніводнага мужчыны — лідэра сярод палітычнай апазыцыі, для якога б гендэрная роўнасьць і правы жанчыны былі сапраўднай каштоўнасьцю. І гэта таксама праблема».

Паэтка, перакладчыца, гендэрны дасьледчык Вольга Гапеева кажа, што найперш трэба дамагацца, каб у жанчын былі тыя самыя правы, якія маюць і мужчыны:

Вольга Гапеева, фота: bybooks.eu

Вольга Гапеева, фота: bybooks.eu

«Напрыклад, доступ жанчын да так званых „мужчынскіх“ прафэсіяў. Машыністам электрацягніка мэтро ці пілётам можа быць толькі мужчына. Нядаўна рабілася дасьледаваньне — сапраўды, ёсьць у нас шэраг прафэсіяў, на якія ня могуць прэтэндаваць жанчыны. Гэта і ёсьць дыскрымінацыя. Ёсьць розныя жанчыны, ёсьць розныя мужчыны, і трэба глядзець не на полавую прыналежнасьць, не на гендэр, а на тое, якія ў чалавека здольнасьці і магчымасьці (фізычныя, псыхалягічныя, маральныя), кім ён хоча быць. Проста часам гэтыя рэчы не залежаць ад гендэру, як соцыюм прывычна думае пра гэта.

Другое — гэта, канечне, аплата працы. Таксама тут ёсьць дыскрымінацыя. За адну і тую ж працу мужчыны і жанчыны атрымліваюць рознае фінансавае ўзнагароджаньне. Часьцяком мужчынам плацяць больш.

Сярэдні заробак у сфэры адукацыі ў студзені 2015 году — 4 млн 439 тысяч, у ахове здароўя — 4 млн 497 тысяч

У Беларусі ёсьць цэлыя сфэры, як правіла, малааплатныя, у якіх занятыя ў асноўным жанчыны: гэта адукацыя, мэдыцына, культура, сацыяльная сфэра. У дзіцячых дашкольных установах, у пачатковай школе мужчын наагул няма.

Хацелася б, каб кіраўнічыя пасады аддаваліся жанчынам, каб не было такога перакосу, які існуе цяпер».

Заснавальніца фэмінісцкага праекту «Гендэрны маршрут» Ірына Саламаціна кажа, што калі глядзець на лічбы наконт удзелу жанчын у розных сфэрах жыцьця, многае выглядае прыгожа. Але лічбы трэба аналізаваць:

Ірына Саламаціна

Ірына Саламаціна

«Паводле апошняга дасьледаваньня Міжнароднай арганізацыі працы, 46% жанчын кіруюць якім-небудзь бізнэсам. Вельмі прыгожая лічба — шмат жанчын на кіраўнічых пасадах. Але калі паглядзім зь іншага боку — то толькі 5% жанчын ачольваюць буйны бізнэс. Гэта азначае, што фінансавыя рэсурсы ўсё яшчэ застаюцца ў руках мужчын, на жаль. А жанчыны занятыя ў сфэры дробнага ці сярэдняга бізнэсу. Таму захоўваецца такі панятак, як «шкляная столь».

Нашы жанчыны занятыя ў такіх традыцыйных «жаночых» сэктарах, як адукацыя, ахова здароўя. Гэта сьведчыць пра тое, што ў Беларусі захоўваецца фэмінізацыя нізкааплатнай працы. І з гэтым таксама трэба нешта рабіць. Беларусь увесь час змагаецца за так званы «патэнцыял чалавечага разьвіцьця». Дык вось, каб гэты патэнцыял чалавечага разьвіцьця прасоўваць, трэба, каб жанчыны, занятыя ў адукацыі і ахове здароўя, атрымлівалі прыстойныя заробкі, а ня нізкія (як гэта прынята ў сацыяльнай сфэры).

Ёсьць праблема хатняга гвалту. Згодна з дасьледаваньнямі, тры чвэрці ахвяраў сямейна-бытавых злачынстваў — жанчыны, кожная чацьвёртая жанчына цярпіць фізычны гвалт у сям’і.

Правы ў жанчын і мужчын быццам бы роўныя. Але ў нас, да прыкладу, няроўныя ўмовы для паступленьня ў так званыя «мілітарысцкія» ВНУ. Калі мы паглядзім, якія прахадны бал для дзяўчат і для хлопцаў у Акадэмію МУС ці Вайсковую акадэмію, відавочна, што тут адкрытая дыскрымінацыя — прахадны бал для дзяўчат нашмат вышэйшы. І з гэтым можна зьвяртацца ў суд. І ў мяне вялікае пытаньне: чаму гэтага ніхто ня робіць? З аднаго боку — так, жанчыны могуць ісьці ў міліцыю, але куды, у якія службы? Гэта прамое парушэньне канстытуцыйных правоў жанчын.

У Беларусі таксама захоўваецца пералік забароненых для жанчын прафэсіяў. Гэта рудымэнт савецкага часу, і замест таго каб гэты сьпіс адмяніць і задумацца пра тое, як мэханізаваць гэтую небясьпечную працу (калі яна небясьпечная для жанчын, яна небясьпечная і для мужчын), — замест гэтага нашы дэпутаты чарговым разам зацьвярджаюць сьпіс забароненых для жанчын прафэсіяў, а гэта таксама дыскрымінацыя.

Так што ёсьць з чым змагацца, і ня толькі фэміністкам, але і проста жанчынам".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG