Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На найбуйнейшым фэстывалі дакумэнтальных фільмаў пра правы чалавека «Адзін сьвет» прэзэнтавалі дакумэнтальную стужку пра Беларусь.

Фільм зьняў італьянскі рэжысэр Люіджы Мілярдзі. У інтэрвію Радыё Свабода ён распавёў, што Беларусь яго зацікавіла перадусім «савецкім мінулым і атмасфэрай яшчэ з часоў да так званай перабудовы». А таксама тым, што ў Беларусі нашмат менш вядомых эўрапейскіх і сусьветных брэндаў. Яшчэ адна прычына – гэта палітычная сытуацыя ў краіне. Паводле Люіджы Мілярдзі, «ён ніколі ня жыў у краіне, дзе ёсьць дыктатура», а таму яму было цікава даведацца, як выглядае жыцьцё ў Беларусі.

Здымачная група і сам рэжысэр наведалі Беларусь некалькі разоў. Агулам яны пражылі ў краіне каля двух месяцаў. Італьянцы запісалі шэраг інтэрвію з музыкамі, журналістамі, акторамі, мастакамі, праваабаронцамі, сярод іх – Зьміцер Вайцюшкевіч, Яўген Карняг, Валянцін Стэфановіч ды іншыя. Фільм апавядае пра незалежную культуру, а таксама пра ўмовы і абмежаваньні, у якіх яна існуе.

Міхаіл Гулін

Міхаіл Гулін

Госьцем прэм'ернага паказу ў Празе быў беларускі сучасны мастак Міхаіл Гулін, які таксама стаў героем фільму. У дакумэнтальным кіно апісваецца выпадак з пэрформансам, пасьля якога Гуліна затрымалі, судзілі, а пасьля звольнілі з працы.

Афіцыйна Гуліна абвінавацілі ў непадпарадкаваньні міліцыі праз тое, што ён зладзіў творчую акцыю «Пэрсанальны манумэнт». Мастак разам з валянтэрамі насіў па горадзе жоўтыя і ружовыя геамэтрычныя фігуры, усталёўваў іх на плошчах і фатаграфаваў. Выснова, якую робяць у фільме яго героі, такая: «Незалежнае мастацтва ў Беларусі выклікае страх ва ўладаў, бо яны яго не разумеюць, а геамэтрычныя фігуры – таксама пад забаронай».

«Я хацеў паглядзець, ці можа просты грамадзянін, індывідуум, па сваім жаданьні ўдзельнічаць у зьмене аблічча гораду. Я хадзіў са сваімі аб'ектамі, усталёўваў іх у розных месцах гораду і глядзеў на рэакцыю людзей, фіксаваў свой манумэнт, зьмяняў аблічча гораду. Але высьветлілася, што я яшчэ пратэставаў горад на прадмет свабоды-несвабоды і магчымасьці выказацца», – распавёў Міхаіл Гулін пра свой пэрформанс, за які быў затрыманы ў Менску.

Другім госьцем падчас прэм'ернага паказу ў Празе быў журналіст Радыё Свабода Франак Вячорка. Зь ім італьянцы сустрэліся падчас свайго апошняга прыезду перад Чэмпіянатам сьвету па хакеі, які праходзіў увесну 2014 году. Акурат тады журналіста шукала міліцыя, каб прэвэнтыўна затрымаць – гэтая гісторыя таксама ўвайшла ў дакумэнтальны фільм.

Францішак Вячорка, адказваючы на пытаньні пасьля паказу фільму, адзначыў:

«Калі б у нас была свабода, мы маглі б выбіраць, якая культура нам бліжэйшая. У Беларусі культура дзеліцца ў залежнасьці ад палітычынай прыналежнасьці: афіцыёзная і незалежная. Трэба, каб кожны чалавек меў магчымасьць выбіраць тое, што яму бліжэйшае. Каб быў выбар – акрамя беларускай афіцыйнай і нізкапробнай расейскай.

Наступны паказ фільму «Made in BY» адбудзецца ў Празе 10 сакавіка. Апроч таго, дакумэнтальную стужку прэзэнтуюць у іншых чэскіх гарадах і школах.

Інтэрвію з італьянскім рэжысэрам Люіджы Мілярдзі чытайце на сайце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG