Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі цкуюць Андрэя Макарэвіча за інтэрвію «Будзьме»


Андрэй Макарэвіч падчас канцэрту ў Менску ў верасьні 2014 году

Андрэй Макарэвіч падчас канцэрту ў Менску ў верасьні 2014 году

«Макарэвіч: У расейцаў ад часоў татарскага ярма засталася звычка гадзіць, а ў Беларусі — эўрапейскі аазіс» — пад такім загалоўкам увечары 4 сакавіка зьявілася паведамленьне расейскага агенцтва Regnum, у якім цытаваліся вырваныя з кантэксту словы музыкі Андрэя Макарэвіча.

3 сакавіка ў сеціве была прэзэнтаваная беларускамоўная песьня славутага музыкі — Андрэй Макарэвіч перасьпяваў па-беларуску «Сьнег», стары хіт свайго гурту «Машина Времени». Разам з песьняй на сайце «Будзьма беларусамі» з’явілася разгорнутая гутарка са спеваком, які ў прыватнасьці расказаў пра свае беларускія карані і стаўленьне да Беларусі.

— У той самай праграме «Дрэва жыцьця» чатырохгадовай даўніны вы кажаце цікавую фразу пра тое, што розьніцы між беларусамі і расейцамі па сутнасьці няма. Ці зьмянілася вашае меркаваньне на гэты конт сёньня?

Розьніца ёсьць, канечне. Нават хаця б у стаўленьні да прыроды. У вас гэтае стаўленьне эўрапейскае. У нас жа сапсаванае стаўленьне да прыроды качэўнікамі. Качэўнікі прызвычаіліся гадзіць, бо яны не сядзяць на месцах — яны заўтра едуць далей. Дык чаго клапаціцца пра чысьціню. Падазраю, што ў расейцаў гэта засталося з часоў татарскага ярма. У вас таксама гісторыя няпростая, тут то Польшча была, то Беларусь, але ўсё ж гэта Эўропа.

Вырваўшы апошнюю фразу з кантэксту і зрабіўшы акцэнт на дзеяслове «гадзіць» аўтары «Рэгнуму» запусьцілі новую хвалю цкаваньня Андрэя Макарэвіча, піша «Будзьма». Ужо сёньня на сайце найбуйнейшага расейскага інфармацыйнага агенцтва Lenta.ru зьявілася навіна пад загалоўкам: «Макарэвіч расказаў пра звычку расейцаў гадзіць».

Навіна за лічаныя гадзіны сабрала болей за тысячу каментароў, якія збольшага носяць абражальны для музыкі характар.

У выніку музыка быў вымушаны «апраўдвацца за свае словы» ў эфіры радыё «Говорит Москва», тлумачачы, што нікога не хацеў пакрыўдзіць.
«Я нічога крыўднага не меў на ўвазе, кажучы гэта. Гэта проста пэўныя рысы, якія склаліся гістарычна і перадаюцца ў спадчыну», — сказаў музыка.

Інфармацыя пра гэта ізноў зьявілася на сайце Lenta.ru, гэтым разам пад загалоўкам: «Макарэвіч адмовіўся прызнаваць зьняважлівымі словы пра звычку расейцаў гадзіць».

Андрэй Макарэвіч трапіў пад прэсінг расійскіх СМІ праз тое, што не падтрымаў палітыку Расеі ва Украіне. У прыватнасьці некаторыя прапагандысцкія тэлеканалы называюць яго «сябрам хунты», а канцэрты гурту «Машина Времени» адмяняюцца адзін за адным.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG