Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мае ўлюбёныя кружэлкі


Упершыню гэтая рубрыка — «Мае ўлюбёныя кружэлкі» — зьявілася ў мяне ў «Па-над бар’ерамі» чвэрць стагодзьдзя таму. Я тады працаваў у лёнданскім бюро радыё «Свабода». Маімі першымі аўтарамі, што распавядалі гісторыі, якія асацыююцца з той або іншай музыкай, былі брытанцы. Памятаю, як лёнданскі тэлерэжысэр Тэрэза, якая вырасла ў Паўднёвай Афрыцы, распавядала пра сваю цемнаскурую няньку. Гэтая нянька насіла маленечкую Тэрэзу на сьпіне і пры гэтым сьпявала афрыканскія мэлёдыі. Так Тэрэза засвоіла навуку лёгкай хады, свайго роду танцу, які гучыць у целе ўдзень і ўначы. Славіст Доналд з горыччу казаў пра друзлую кіслую глебу ангельскай музычнай культуры і з зайздрасьцю аб кампазыцыях Бартака і Шастаковіча. Перакладчыца Сэлі прыгадвала бацькоўскі прайгравальнік з загнутай мэталічнай рукой і карундовой іголкай, і сутоньне лёнданскага прадмесьця, з падмяшаным да іх фартэпіянным трыё Шубэрта. Алег Сяргеевіч Пракоф’еў прынёс у студыю зроблены ў Ватыкане грамафонны запіс апошняга сьпевака-кастрата Алесандра Марэскі, які сьпяваў чыстым, далікатным, «нетутэйшым» голасам.

Я пачуў і даў у эфір сотні выдатных гісторый пра ўлюбёныя кружэлкі. З асаблівым трапятаньнем я думаю пра тых, хто ўжо памёр, але пакінуў мне музыку, якая дагэтуль час ад часу гучыць у «Па-над бар’ерамі». Сярод іх — музыкант Аляксандар Якулаў. Яго арыштавалі ў 1949 годзе, абвінаваціўшы ў нізкапаклонстве перад Бахам, Моцартам, Рыхардам Штраўсам. У цёмнай адзіночнай камэры ў Суханаве музыка клясыкаў дапамагла Якулаву выжыць. Ён граў яе ў сваім уяўленьні. У лягеры музыка таксама выратавала Якулава: зэкі запатрабавалі ад адміністрацыі вызваліць музыканта ад працы на шахце. Ён граў за кавалак хлеба, за адсырэлую бульбіну, за кацінае мяса. Украінцам-бандэраўцам граў танга «Гуцулка Ксеня», вертухаям, пакуль яны галілі лабкі акторкам, пасольскі жонкам і студэнткам — танга «La Cumparsita». І толькі аднойчы ён адмовіўся граць: калі ў лягеры абвясьцілі сьмяротны прысуд двум маладым паэтам, якія напісалі сатырычныя вершы пра правадыра. «Рукі апусьціліся, — прыгадваў Якулаў -. Абышлося карцэрам».

Дзякуючы «Маім улюбёным кружэлкам» я зразумеў, якую важную і складаную ролю адыгрываюць музычна-акустычныя вобразы ў жыцьці чалавека. Кожны аўтар прыходзіў са сваёй гісторыяй: апошнім каханьнем, сьмерцю блізкага чалавека, першым скачком з парашутам, рызыкоўнымі ўцёкамі на Захад. І ўсе гэтыя маналёгі, як у кіно, гучалі пад акампанэмэнт музыкі. Гэтую музыку апавядальнікі насілі ў сабе, яна гучала зь іх. Так, так, музыка, якую мы слухаем, рэзануе з музыкай, якую мы тоім у сабе. Гэта акустычная пройма, слыхавы міраж, гукавы зьлепак душы.

Пераклад: Сяргей Шупа
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG