Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская армія сёньня сьвятая з ног да галавы, сусальным золатам пакрытая і зацалаваная як царкоўны абраз. У кожнага роду войскаў свой афіцыйна зацьверджаны праваслаўны сьвяты, за яго малебны і яму падзякі за перамогі расейскай зброі на вучэньнях і ў гібрыдных баёх. Дайшла чарга ўжо кожнай славутай зброі прызначыць асабістага сьвятога: аўтамату Калашнікава, «Буку» і «Граду».

Але не сьпяшайцеся з «Букамі», хлопцы! Сабраліся Пуцін, Шайгу і патрыярх. На парадку дня пошукі сьвятога для новага роду войскаў «спэцапэрацый», які хрышчэньне атрымаў у Крыме годам раней. Указ я падпісаў аб сьвяце іхнім, кажа Пуцін, давайце зараз мазгуйце — хто са сьвятых яшчэ не заняты, каб адпаведнае было пакравіцельства над нашымі спрытнымі зялёнымі чалавечкамі.

І задумаліся запрошаныя міністар абароны і кіраўнік царкоўны. Пры апошнім цары існаваў архангел Міхаіл, галоўны на небе для ўсіх, хто ў вайсковай форме. А мы цяпер замянілі яго на Георгія Пабеданосца, пакравіцеля ўсіх узброеных сілаў адначасова і сухапутных армій у прыватнасьці. Хоць раней, пры цары, быў Георгі заступнікам нашага слаўнага казацтва. Далей: у паветрана-дэсантных ёсьць прарок Ільля, у ракетных войскаў з боегалоўкамі — сьвятая вялікамучаніца Варвара, ва ўнутраных войскаў — роўнаапостальны князь Уладзімір. Так, пачакайце. Памежная служба ФСБ мае прападобнага Ільлю Мурамца…

Тут бярэ голас патрыярх: дазвольце зачытаць, бязь лішняй сьціпласьці, апошні такі дакумэнт наконт нашай марской пяхоты. Так, зараз, вось: «Вашэ прэпадобіе! Цяперашнім паведамляю Вам рэзалюцыю сьвяцейшага патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла (мяне), накладзеную на вашым рапарце адносна нябеснага пакравіцеля марской пяхоты ВМФ. Бласлаўляецца ёй ў якасьці нябеснага пакравіцеля вызначыць сьвятога благавернага князя Аляксандра Неўскага. Зь любоўю аб Госпадзе ўпраўляючы справамі Маскоўскай патрыярхіі мітрапаліт Саранскі і Мардоўскі». Усё акуратна было зроблена, як мае быць, марская пяхота ўдзячная нашай праваслаўнай царкве за такую ласку.

Давялося і міністру абароны падаць свой голас, не выпадала маўчаць у такіх надзвычай важных справах. Справа далікатная. Нельга сварыць армію. Каб ня дай Бог не пабіліся зноў як танкісты з артылерыстамі за свайго Ільлю Мурамца, добра хоць што памежнікі былі далёка на заставах. Што значыць: сьмерці падобна накіроўваць аднаго заступніка ў розныя войскі адначасова. У марфлоце ў нас жа апостал Андрэй Першазванны, а ў марской пяхоты свой, адметны, бо інакш былі б крыўды. Думаю, што дрэнная ідэя, каб у марской пяхоты і ў «спэцапэрацыях» быў адзін і той жа, трэба ім прыдумаць абавязкова свайго. Але я ў сьвятцах, шчыра, слабавата сябе адчуваю, гэта няхай царква мудруе.

Міністар абароны вырашыў пад заслону пахваліць царкоўнікаў: вось асабліва якасна выйшла з ракетнымі войскамі стратэгічнага прызначэньня, таварышы. Сьвята ракетчыкаў прыпала на 17 сьнежня, зазірнулі ў царкоўныя кнігі, а там жа дзень памяці вялікамучаніцы Варвары! Такое супадзеньне ўдалае! І цяпер на кожным падземным камандным пункце ёсьць абавязкова яе ікона. І ўдалае мастацкае супадзеньне: славутая каса Варвары накладаецца на шлейф ракеты. Гэта было ў дзясятку!

Патрыярху прыемна пачуць пахвальбу і ён вырашыў нагадаць, што пасьля разгрому белай арміі ў Крыме «не у дел» засталіся Флор і Лаўр, якія апякалі коньніцу Дзянікіна і Ўрангеля. Тым больш, коньніцы ўвогуле ня стала даўным-даўно. Можа іх даць у «спэцапэрацыі»? Тым больш з Крымам зьвязана?.. Та-а-ак, бачу пытаньне не прапрацаванае, зморшчыўся Пуцін, давядзецца зноў зьбірацца, але каб ужо паставіць кропку, глядзіце. Ёсьць нейкія іншыя пытаньні?

«Ёсьць, таварыш галоўнакамандуючы», абзываецца міністар абароны. Хачу нагадаць пра мае «арктычныя войскі», яны, канечне, зусім зялёныя пакуль, «без году неделя», але ім таксама свой сьвяты не зашкодзіць. Ва ўмовах вечнай мерзлаты і Поўначы трэба абавязкова, каб нехта цябе аберагаў ад маразоў і патэнцыйнага праціўніка.

«І ад белых мядзьведзяў каб мелі абарону, гаворыш?» — пытаецца з усьмешкай Пуцін: Ну добра, зь імі лягчэй за ўсё будзе: няхай Дзед Мароз будзе ім пакравіцелем і нябесным заступнікам. Ён жа таксама сьвятым быў некалі? Згодны?» «Так точна!».

XS
SM
MD
LG