Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аповед украінскага гвардзейца: «Мы разумелі: альбо яны нас, альбо мы іх. Мы паклалі 80 чалавек» ВІДЭА


Прарасейскія сэпаратысты, 2 траўеня 2015 году у Славянску.

Прарасейскія сэпаратысты, 2 траўеня 2015 году у Славянску.

Саша, некалі былы гандлёвы дырэктар у фірме, якая распаўсюджвала сродкі гігіены, спачатку стаў адным з кіраўнікоў сотні на Майдане, а потым добраахвотнікам Нацыянальнай гвардыі, які адправіўся ваяваць на ўсход Украіны. Ён распавёў журналістам Белсату пра свой шлях ад бізнэсоўца да абаронцы Бацькаўшчыны. Прапануем вам фрагмэнт расповеду пра ягоныя прыгоды ў шэрагах Нацыянальнай гвардыі.

14 гадзінаў нянавісьці

28 або 29 траўня нас прывезлі пад Славянск, а потым пасадзілі ў верталёты і даставілі кудысьці ў голае поле, дзе ішлі сапраўдныя баі. Тым ня менш мы былі ў добрым настроі, мы ўсе гэтага чакалі. Мы не меркавалі, што нас могуць выслаць на першую лінію, мы думалі, што будзем проста дзяжурыць на пастах. Мы трапілі ў Андрэеўку, на мост паміж Славянскам і Краматорскам, дзе жаўнеры 95-га паветрана-дэсантнага атраду знішчылі блёк-пост сэпаратыстаў. Як толькі дэсантнікі занялі мост, іх акружылі так званыя «мірныя» грамадзяне з крыкамі: «Слава Пуціну, слава Расеі». Жаўнеры ня спалі другую ноч і папрасілі, каб мы аддзялілі іх ад цывільных асобаў. Тыя безь перапынку намагаліся нам нешта сказаць. І мы, якія перажылі Майдан, мусілі цягам 14 гадзінаў выслухоўваць, што мы «під...расы», «фашысты», «прыйшлі на іх зямлю і скінулі іх прэзыдэнта». Слова «Майдан» яны вымаўлялі з вялікай злосьцю і нянавісьцю. Сярод іх бегалі платныя правакатары, якія кіравалі «натоўпам», удзельнікі якога ўвесь час зьмяняліся. Кожную гадзіну яны нібы выплюхвалі на нас цэбары з памыямі. Потым яны перагарадзілі нам дарогу з аднаго боку лякаматывам (побач быў чыгуначны шлях), а з іншага — грузавіком. З часам у натоўпе зьявіліся злачынцы і былыя турэмныя зьняволеныя, якіх выдаваў іхны жаргон. Ім аднекуль даставілі скрынкі, у якіх, як мы падазравалі, былі бутэлькі з запальнай сумесьсю. Неўзабаве зьявіліся паведамленьні, што непадалёк невядомыя напалі на нашых вайскоўцаў ды захапілі два аўтамабілі і зброю. Тут усё мела разыграцца паводле Крымскага сцэнара — акружыць і раззброіць.

Інцыдэнт

Калі з дапамогай да нас пад’яжджаў чарговы аддзел 95-га атраду, адзін з найбольш актыўных правакатараў кінуўся на капот «Хамэра», які ехаў спераду. Мужчына трапіў пад колы — аўта праехалася яму па нагах. Сярод тых, хто нас заблякаваў, узьняўся крык, патрабаваньні, каб мы выдалі кіроўцу «Хамэра». Яны пагражалі, што яго разарвуць. Усё пачалося наноў. Да нас прыяжджалі таксама прадстаўнікі самазваных уладаў са Славянску і Краматорску. Было ясна відаць, што гэта былыя вязьні, якія на турэмным жаргоне патрабавалі, каб мы здаліся.

Першы выстрал

Калі настаў вечар, мы пастанавілі пакінуць мост. З двух бакоў ад яго прыхільнікі сэпаратыстаў паклалі шыны. Да таго ж пачалася моцная залева. Мы ж мелі адзін камплект уніформы і змоклі да ніткі. Некалькі гадзінаў, калоцячыся ад холаду, мы вялі перамовы з цывільнымі, пазьней пад’ехалі крымінальнікі. Яны сказалі: «Мы выпусьцім дэсантнікаў, але Нацгвардыя застаецца». Тады ўпершыню я адчуў вялікі гонар, што я — з гвардыі. Наступная група «перагаворнікаў» запатрабавала, каб мы вынялі магазыны са стрэльбаў. Трэцяя група дамагалася, каб мы аддалі ўсю зброю. Тым часам сьцямнела, і на мост пачалі прабірацца былыя турэмнікі. Потым зьявіліся нейкія казакі, які хваліліся, што ўжо зьбілі два нашыя верталёты, і нам таксама будзе «п...зьдзец». Я ўдзячны Кульчыцкаму, які даў загад адкрыць агонь у крытычнай сытуацыі. Дэсантнікі ня мелі такога выразнага распараджэньня.

Матэрыял пра падзеі ў Андрэеўцы зрабіў таксама расейскі дзяржаўны тэлеканал (ад 2:58 зьяўляецца Саша):

Я ня ўдзельнічаў у перамовах, бо ў мяне не было адпаведнага вайсковага званьня. Тым ня менш, я запытаў жаўнера, які праходзіў побач, як выглядае сытуацыя. Ён адказаў, што нас ня выпусьцяць. 10 сэкундаў мне хапіла, каб зразумець, што нам канец. Мы зноў прыладзілі магазыны. Тады я перажыў самыя нэрвовыя 10 хвілінаў майго жыцця. Раптам 250 вайскоўцаў пачалі ўсе разам страляць у паветра. Я спачатку не разумеў: навошта? Кожны выстраляў па паўтара магазіна, а кожны трэці патрон быў светлавы. Гук быў незвычайны. А тыя п...дарасы (сэпаратысты — Belsat.eu) пачалі цешыцца і пляскаць у ладкі, думаючы, што мы проста выстрэльваем нашыя боепрыпасы.

Прарыў з боем

Нашыя браневікі былі падрыхтаваныя да выезду, але тыя, хто трымаў нас у аблозе, заблякавалі колы. Я хадзіў паміж машынамі і страляў па-над галовамі тых, хто круціўся каля іх. Я выйшаў у галаву калёны, а сьпераду стаялі толькі радавыя, камандзіры былі ў машынах. Я закрычаў: «Ачысьціць дарогу, выходзім!». Мы адсоўвалі шыны, а зь іншага боку іх кідалі назад на асфальт. Выскачыў нейкі мужык, пачаў рваць на грудзях кашулю і моцна крычаць. Дэсантнікі падаліся ўперад, і раптам пачуўся стрэл — аднаго зь іх забілі. Каля нас прызямліўся кактэйль Молатава, які, аднак, сэпаратысты забыліся падпаліць. Потым прыляцеў яшчэ адзін, які трапіў у дэсантніка побач са мною. Я адскочыў, зачапіўшыся нагою за напалову спаленую шыну. Я ўпаў, і гэта, можа быць, уратавала мне жыцьцё. Я кінуўся да дэсантнікаў з пытаньнем: «Хто можа страляць у людзей?» Нехта ўклаў мне ў руку дзьве шумавыя гранаты. Я кінуў у натоўп. У той самы момант іншыя зразумелі, што нас ня выпусцяць, і пачалі страляць. Я і яшчэ некалькі чалавек ачышчалі дарогу ад шынаў. Я даў каманду, каб машыны ехалі. Тады мы ўжо пракладалі дарогу Калашнікавымі. Паводле дадзеных выведкі, мы паклалі 80 чалавек. Мы разумелі: альбо яны нас, альбо мы іх. Мы ехалі наперад, трушчачы аўты, што блякавалі дарогу.​

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG