Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кучма: Сусьветная супольнасьць заплюшчыла вочы на тое, што расейцы парушылі менскі пратакол і працягнулі вайну


Леанід Кучма

Леанід Кучма

Былы прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма рэпрэзэнтуе сваю краіну на перамовах трохбаковых кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе. У інтэрвію Радыё Свабода Кучма заявіў, што Расея парушыла ўмовы мірнага пагадненьня.

— Па-мойму, сёньня ніхто ў сьвеце не сумняваецца, што там на Данбасе ваююць прафэсійныя расейскія вайскоўцы, што там страляе зброя, прычым самая сучасная. Калі ўкраінцы ваююць зброяй ХХ стагодзьдзя, то сёньня на тэрыторыі Данбасу ёсьць ужо зброя XXI стагодзьдзя, і абсалютна зразумела, што яна расейская. А тое, што Расея ўзяла для сябе правіла, што яны там быццам не ваююць і гэта чыста грамадзянскі канфлікт, — калі б гэта быў чыста грамадзянскі канфлікт унутры Украіны, то ён даўным-даўно б скончыўся, у жніўні мінулага году, як вы разумееце. І ў жніўні мінулага году Расея паказала ўсяму сьвету, што яна непасрэдна ўдзельнічае ў гэтым канфлікце, і чым тады скончылася, мы памятаем, на жаль: я маю на ўвазе «Ілавайскі кацёл», дзе загінула вельмі шмат і ўкраінскіх ваенных, і грамадзянскіх асоб. Ніхто ў сьвеце ня ставіць пад сумнеў і не абмяркоўвае сёньня, ці ёсьць там расейцы ці не. Мне сёньня толькі далі прачытаць інтэрвію расейскага танкіста ў «Новай газэце». Страшна глядзець на фатаграфію і чытаць вельмі цяжка. Якая ж там прапаганда, каб з Расеі ехалі сюды ваяваць?

— Вы згадалі Ілавайск, а што адбылося ў Дэбальцаве, якая падаплёка, чаму такое кровапраліцьце ўжо пасьля падпісаньня пагадненьняў?

— Я не вайсковы чалавек, хоць усё жыцьцё працаваў у вайскова-прамысловым комплексе. Напэўна, украінскі бок, наш Генэральны штаб павінны былі глядзець вельмі ўважліва на карту і на мясцовасьць, што там у прынцыпе закладзена магчымасьць катла. Пасьля падпісаньня ў Менску пагадненьняў аб адводзе цяжкіх відаў узбраеньня на пэўную адлегласьць, у тым ліку гэта тычылася і Дэбальцава, расейцы груба парушылі менскі пратакол, гэта значыць, яны працягнулі вайну. А скончылася гэтая вайна — сотнямі салдат, якія засталіся на полі бою. Вось вынік гэтых некалькіх дзён, вынік жаданьня ўзяць пад кантроль чыгуначны вузел, на які яны глядзяць як на нешта пэрспэктыўнае. А я ня думаю, што гэта вялікая пэрспэктыва з пункту гледжаньня будучыні Данбасу. У гэтай сытуацыі незразумелая рэакцыя міжнароднай супольнасьці, калі выразна і ясна відаць голым вокам, што груба парушаная мірная дамова, а рэакцыя: хлопцы, давайце жыць дружна. Я такіх падыходаў не разумею. Калі мы і далей будзем глядзець на ўсё, што адбываецца ў Данбасе праз прызму такіх поглядаў, то я ня думаю, што мы дасягнем канчатковай мэты, а канчатковая мэта — гэта мір.

Чытаць гутарку цалкам

XS
SM
MD
LG