Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Паплечнік забітага Нямцова абяцае апублікаваць яго даклад пра расейскую ваенную прысутнасьць ва Ўкраіне


Ільля Яшын на месцы забойства Барыса Нямцова

Ільля Яшын на месцы забойства Барыса Нямцова

Расейскі апазыцыянэр Ільля Яшын паабяцаў апублікаваць даклад пра Ўкраіну, падрыхтаваны яго забітым паплечнікам Барысам Нямцовым. Пра гэта Яшын паведаміў брытанскай газэце The Times.

Паводле апазыцыянэра, у дакумэнце ўтрымліваюцца доказы расейскай вайсковай прысутнасьці на Данбасе.

Яшын адзначыў, што адзіная поўная вэрсія дакладу захоўвалася на кампутары ў кватэры Нямцова. Пры гэтым жорсткі дыск кампутара пасьля гібелі палітыка забралі сьледчыя. Тым ня менш, паводле Яшына, усе сабраныя Нямцовым доказы захаваныя, і паплечнікі забітага палітыка паспрабуюць зь іх дапамогай аднавіць дакумэнт.

Пра падрыхтоўку Нямцовым дакладу па Ўкраіне стала вядома ў ноч гібелі палітыка. Паведамлялася, што дакумэнт зьмяшчае паказаньні бацькоў расейскіх вайскоўцаў, якія загінулі на Данбасе.

Сабраныя ім доказы прысутнасьці расейскіх вайскоўцаў на Данбасе называліся ў якасьці магчымых прычын забойства Нямцова. У прыватнасьці, такую вэрсію агучыў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Барыс Нямцоў быў забіты чатырма стрэламі ў сьпіну ў цэнтры Масквы позна ўвечары 27 лютага. Расейскія сьледчыя разглядаюць некалькі вэрсій злачынства, але падрыхтаваны Нямцовым даклад у ліку магчымых матываў афіцыйна не фігураваў.

XS
SM
MD
LG