Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вось ужо чацьвёрты дзень бальшыня павільёнаў у гандлёвых цэнтрах, дзе працуюць індывідуальныя прадпрымальнікі, зачыненыя.

Вось ужо чацьвёрты дзень бальшыня павільёнаў у гандлёвых цэнтрах, дзе працуюць індывідуальныя прадпрымальнікі, зачыненыя. Аб’явы на ралетах інфармуюць, што гаспадары ў бестэрміновым адпачынку. Людзі ня вераць абяцаньням чыноўнікаў, што жорсткіх рэпрэсіяў за адсутнасьць сэртыфікатаў на тавары лёгкай прамысловасьці ня будзе.

Адзін з рэдкіх гандляроў цэнтру «Атлянтык», спадар Сяргей, кажа, што працаваць сёньня не зьбіраецца, зайшоў на некалькі гадзін прыбрацца ў сваім «катуху». Лічыць, што да канца месяца лепш вытрымаць паўзу, пакуль ня зьявіцца нейкая пэўнасьць, у якім рэчышчы плыць далей. Пакуль жа, па яго словах, абаротныя сродкі папросту вымываюцца, усё, што нагандлюеш, аддаецца на арэнду і падаткі. І пры гэтым ніякай гарантыі, што тавар увогуле ня пойдзе ў даход дзяржавы — за гандаль без сэртыфікатаў наглядныя органы пагражалі суровымі санкцыямі:

Як ні парадаксальна, цяпер выгадней не працаваць увогуле, бо ўсё раздаецца налева і направа.

«Як ні парадаксальна, цяпер выгадней не працаваць увогуле, бо ўсё раздаецца налева і направа. На жаль, у нас не атрымалася на гэтую зіму кудысьці зьехаць, але наступную не зьбіраемся проста так сядзець: возьмем перапынак месяцы на тры, можа нават на паўгода, але факт, што ня будзем займацца глупствам, абаротныя сродкі пражыраць, раздаваць, аплочваць камфортнае жыцьцё чыноўнікаў. Бо атрымліваецца, што ні тавару, ні грошай. А так зьедзем, вернемся, зможам прадаць тавар з „рэшты“. У чалавека тыя ж дзьве рукі, дзьве нагі, мода моцна не памяняецца; крыху шырэйшыя плечы, крыху ніжэйшая талія — незаўважна. Насамрэч існаваньне праблематычнае, прычым на ўсіх цэнтрах. Гэта ж ня тое, што дзесьці ў адным месцы лепш, а ў іншым горш: аднолькава дрэнна ўсюды».

Фармальна дазвол на гандаль без суправаджальных дакумэнтаў «іпэшнікі» атрымалі — праўда, пакуль толькі на словах. У Міністэрстве падаткаў і збораў запэўніваюць, што бліжэйшым часам адпаведныя папраўкі будуць легалізаваныя і іх давядуць да ведама прадпрымальнікаў. Апошнія верыць у добрую волю дзяржавы адмаўляюцца, нагадваючы, што пасьля падобных абяцанак іх ужо ня раз падманвалі.

У гандлёвым комплексе «Паркінг» зачыненая абсалютная бальшыня павільёнаў. Спадар Генадзь якраз наклейвае на дзьверы аркуш з ужо тыповым тэкстам: «З тэхнічных прычынаў зачынены да 31 сакавіка». Прашу яго ацаніць ініцыятыву кантрольнага ведамства: за права гандляваць без дакумэнтаў — падвойны адзіны падатак і падвышаны фіксаваны ПДВ. Не сьмяротна, кажа суразмоўца, бо ўсё ж таньней, чым плаціць за сэртыфікат. Але калі скласьці астатнія выдаткі, уключна з арэндай, то лічба вымалёўваецца немалая:

Але навошта гэта дзяржаве? Ня ўклаўшы ні капейкі грошай, толькі душачы і выціскаючы сокі, дзяржава сама пілуе пад сабой сук.

«Калі сакавік нічога ня вырашыць, тут зачыненых павільёнаў будзе яшчэ больш. Дакладней, усе сыдуць. Хто ад гэтага выйграе? Тое, што ў пралёце мы — гэта зразумела. Але навошта гэта дзяржаве? Ня ўклаўшы ні капейкі грошай, толькі душачы і выціскаючы сокі, дзяржава сама пілуе пад сабой сук. Мы ўжо сумна сьмяемся, што пасьля таго як увялі падаткі на даўгі, хутка і на паветра будзе. Трызьненне поўнае. Сытуацыя ахавая, бо ўсюды, куды ні плюнь, людзі абкладзеныя паборамі, штрафамі, канфіскацыямі. Ды я ня супраць гэтай дзяржаве плаціць — умоўна кажучы, падаткі ці яшчэ што. Але зрабіце тады арэнду самую нізкую. Якая мне розьніца — аддаваць гэтыя грошы арэндадаўцу ці аддаць дзяржаве? Проста трэба, каб быў балянс прымальны. То бок знайсьці такую разумную суму, якую прадпрымальнік у сёньняшніх умовах можа пацягнуць».

Прадпрымальнікі наракаюць: атрымаць сэртыфікат на аптовых рынках у Расеі, адкуль тавар пераважна і трапляе ў Беларусь, надзвычай праблематычна — расейцы такой праблемай не заклапочаныя. Калі ж афармляць паперы ў Беларусі, выдаткі робяцца сувымернымі з коштам тавару, а значыць, на выхадзе цэньнік аўтаматычна падвойваецца і перакладаецца на пакупніка. Пры тым, што пакупніцкая здольнасьць насельніцтва зусім не паляпшаецца.

Гандляр цэнтру «Зеркало» спадар Анатоль самотна стаіць ля зачыненай крамкі — прыйшоў, як кажа, па звычцы, збольшага пагаварыць з калегамі, абмеркаваць сытуацыю. Адчыняць краму не рызыкуе — баіцца «аблавы». Расказвае, што яго ўжо ў сталым веку прымусіла ўзяцца за камэрцыю:

Мая пэнсія — 2 мільёны рублёў. А ў мяне чацьвёра дзяцей, чацьвёра ўнукаў. І што, я да ўласнага ўнука з пустымі рукамі прыйду? Таму вымушаны быў ісьці, каб зарабіць яшчэ хоць пару мільёнаў.

«Мая пэнсія — 2 мільёны рублёў. А ў мяне чацьвёра дзяцей, чацьвёра ўнукаў. І што, я да ўласнага ўнука з пустымі рукамі прыйду? Таму вымушаны быў ісьці, каб зарабіць яшчэ хоць пару мільёнаў. Я ўсё жыцьцё адпрацаваў на дзяржаўным прадпрыемстве. І што мне ўрэшце далі? Казаў ужо — 2 мільёны. За тое, што адпакутаваў у шкоднай сетцы. Паверце, пэнсіянэры не ад добрага жыцьця шукаюць варыянты. Быў бы я малады, мог бы і кувалдай працаваць, дзе-небудзь на будоўлі ўладкавацца. А мне ўжо амаль 70 гадоў, я проста фізычна не пацягну. Цяпер згадваем: калі даляр быў 3 тысячы, жыцьцё было нядрэннае. Стаў 8 тысяч — перажылі, тым больш Лукашэнка хутка дадаў пэнсію, было 100 даляраў, стала 200, на гэтыя грошы ў нашай краіне жыць усё ж можна. А цяпер 2 мільёны пры курсе 15 тысяч, крыху больш за 100 даляраў. Дык за адну толькі кватэру аплата якімі тэмпамі расьце! Жыроўкі прыходзяць па 500–700 тысяч».

Ад 1 сакавіка набыў моц прэзыдэнцкі ўказ № 222, згодна зь якім гандляры абавязваліся мець адмысловыя сэртыфікаты паходжаньня і якасьці на кожную адзінку тавару. Прадпрымальнікі спрабавалі аспрэчыць навацыі, заяўляючы, што не былі нават далучаныя да абмеркаваньня наступстваў такога кроку.

Тым ня меней зацікаўленыя ведамствы не пайшлі насустрач гандлярам, адмовіўшыся працягнуць тэрмін рэалізацыі так званых «астаткаў» — тавараў, завезеных да 1 ліпеня, калі Аляксандар Лукашэнка падпісаў дакумэнт. Ад 1 сакавіка «іпэшнікі» ў бальшыні сваёй сабатуюць працу, патрабуючы скасаваць ці істотна скарэктаваць указ. Профільныя ведамствы абяцаюць «нешта прыдумаць», але пакуль сытуацыя няпэўная.

Тым часам большая палова асартымэнту ў гандлёвых цэнтрах аўтаматычна атрымала крымінальнае адценьне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG