Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёндану прапануюць «Акт Нямцова» супраць брудных грошай Расеі


Журналіст Джым Армітэдж прапанаваў ураду Вялікабрытаніі прыняць так званы «Акт Нямцова», які блякаваў бы мільярды, адмываныя расейцамі ў Лёндане. Між тым Крэмль заклікае сьвет не палітызаваць забойства Нямцова.

Пасьля забойства расейскага апазыцыянэра Барыса Нямцова, бізнэс-рэдактар брытанскай газэты Independent Джым Армітэдж у сваім артыкуле прапанаваў стварэньне «Акту Нямцова» ў Вялікабрытаніі. Гэты дакумэнт уводзіў бы законы аб барацьбе з расейскімі, і ня толькі, нелегальнымі грашмі ў краіне. Армітэдж лічыць, што брытанскі ўрад абавязаны распрацаваць больш суровую палітыку выкарыстаньня замежных сродкаў на тэрыторыі Вялікабрытаніі.

«Мы маем маральны абавязак перад Барысам Нямцовым памятаць, што, нягледзячы на тое, што апошнім часам ён выкарыстоўваў свой запал на барацьбу з вайной ва Ўкраіне, яго доўгатэрміновым праектам была барацьба з павальнай карупцыяй у сваёй краіне», — напісаў журналіст.

Паводле Армітэджа, лёнданскі фінансавы сэктар ахвоча прымае мільярды даляраў, якія карупцыянеры «адпампоўваюць» у зьбяднелых грамадзян.

«Мяне, шчыра кажучы, вельмі засмуцілі і зачапілі падзеі пятнічнай ночы. Мяне злуе, што так шмат грошай, скрадзеных ад людзей у Расеі або іншых былых савецкіх дзяржавах, урэшце адмываюцца празь Лёндан», — сказаў Армітэдж у інтэрвію ўкраінскай службе Радыё Свабода.

Зь ім пагаджаецца Эдвард Лукас, старэйшы віцэ-прэзыдэнт Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі, аўтар кнігі «Новая халодная вайна», які лічыць Лёндан вельмі важным цэнтрам для адмываньня расейскіх грошай.

Ён зьвяртае асаблівую ўвагу на брытанскі рынак нерухомасьці, агенты якога, паводле Лукаса, не правяраюць асобы сваіх кліентаў або крыніцы іх грошай.

«Расейцам вельмі лёгка ўкласьці 10 ці 20 мільёнаў у нерухомасьць шляхам стварэньня афшорнай кампаніі і ўкладаньня ў яе грошай. Затым з дапамогай гэтай самай кампаніі яны могуць набыць добры дом або кватэру клясы люкс у Лёндане», — сказаў Лукас ў гутарцы з Радыё Свабода.

«Акт Нямцова»

Армітэдж адзначае, што цяперашні ўрад Вялікабрытаніі робіць больш для барацьбы зь нелегальнымі грашмі, чым папярэдні. Журналіст лічыць, што ўвядзеньне «Акту Нямцова» можа дапамагчы ў гэтай справе.

Для пачатку, піша Армітэдж, варта ўвесьці пяць наступных нормаў:

Па-першае, закон павінен забараніць валодаць маёмасьцю ад імя замежнай кампаніі ці, прынамсі, абавязкова апублікаваць імёны бэнэфіцыярных уладальнікаў гэтай кампаніі.

«Замест таго, каб націснуць і прадухіліць утойваньне іх імёнаў, урад вырашыў зарабіць грошай, увёўшы за гэта дадатковы падатак. Гэты новы падатак прынёс больш за 150 мільёнаў даляраў у брытанскую казну. Амаль у пяць разоў больш, чым чакаў урад», — кажа Армітэдж.

Па-другое, прапануе журналіст, варта кампутарызаваць Рэгістрацыйную палату, якая правярала б і параўноўвала заяўкі і дакумэнты.

Па-трэцяе, варта ўвесьці больш хуткае замарожваньне актываў у Вялікабрытаніі пасьля рэвалюцый ці палітычных узрушэньняў. «Канада і Швэйцарыя, дзе гэтыя правілы дзейнічаюць, замарозілі актывы ўкраінскага дэспата Віктара Януковіча і яго прыхільнікаў амаль на два тыдні раней, чым Вялікабрытанія, пасьля рэвалюцыі ва Ўкраіне», — напісаў Армітэдж.

Па-чацьвертае, актывы тых замежных палітыкаў і чыноўнікаў, якія ня могуць даказаць законнае паходжаньне сваіх сродкаў, варта замарожваць, лічыць журналіст.

І ўрэшце, па-пятае, напісаў Армітэдж, усе дадзеныя дзяржаўнага рэестру кампаній і зямельнага кадастру варта зрабіць публічнымі, каб любы мог дасьледаваць, адкуль паходзяць грошы падазроных асоб або кампаній.

Вялікабрытанія мае праявіць самапавагу

Эдвард Лукас лічыць, што ўвядзеньне такога «Акту Нямцова» — добрая ідэя, бо такая палітыка стане сыгналам для рэжыму Пуціна аб тым, што Вялікабрытанія настроена сур’ёзна і мае самапавагу.

Ён адзначыў, што ня варта прымяншаць і ролю лёнданскіх банкіраў, юрыстаў і бухгалтараў, якія спрыяюць выкраданьню мільярдаў долараў з расейскага бюджэту.

«Такім чынам, на маю думку, было б вельмі добра ўшанаваць сьмерць Барыса Нямцова шляхам узмацненьня рэжыму санкцый супраць брудных расейскіх грошай. Аднак санкцыі павінны быць ня толькі супраць грошай, але і супраць жыхароў Захаду, якія палягчаюць іх уліваньне ў міжнародную фінансавую сыстэму», — сказаў Лукас.

Тым ня менш, брытанскі экспэрт ня ўпэўнены, што такая палітыка будзе ажыцьцяўляцца, бо лёнданскае Сіці ведае, як клапаціцца аб сваіх інтарэсах. Акрамя таго, за апошнія 25 гадоў у Вялікабрытаніі зьявілася шмат людзей з уласнымі таямніцамі ў адносінах да Расеі.

«Аднак, мне здаецца, што мы павінны паспрабаваць, а калі не, то мы проста кажам, што наша нацыянальная бясьпека і самапавага значаць для нас менш, чым лёгкія грошы, атрыманыя ад адмываньня выкрадзеных сродкаў. Гэта стала б ганьбай для нашай краіны», — сказаў Лукас.

Сумняваецца ў рэалістычнасьці праекту і сам аўтар «Акту Нямцова». «Існуе ўстойлівае зацікаўленьне працягваць гандаль з дапамогай гэтых грошай у Лёндане. Мы атрымліваем шмат падатковых даходаў ад юрыдычных фірмаў, дзяржаўных агентаў, агенцтваў, якія займаюцца стварэньнем карпарацый, і ўсіх тых людзей, якія атрымліваюць прыбытак ад гэтага гандлю», — сказаў Армітэдж.

Лукас дадае, што доля расейскіх грошай у Лёндане не такая ўжо і вялікая, бо празь Сіці праходзяць сродкі з Кітаю, Савудаўскай Арабіі і іншых краін сьвету. Аднак увядзеньне санкцый нават супраць такой сумы будзе мець пэўны эфэкт.

«Я думаю, што ў комплексе гэтыя санкцыі стануць магутным урокам для рэжыму Пуціна, які, хоць і спрабуе цяпер быць антызаходнім, выкарыстоўвае Захад для навучаньня сваіх дзяцей, захоўваньня несправядліва заробленых сродкаў і для адпачынку», — адзначыў Лукас.

Расія заклікае «не палітызаваць» забойства Нямцова

У сваю чаргу, міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, выступаючы ў Радзе па правах чалавека ААН у Жэнэве заявіў, што праблемы, зьвязаныя з правамі чалавека, да якіх ён аднёс і забойства Нямцова, нельга палітызаваць.

«Недапушчальна спэкуляваць на высокіх прынцыпах абароны правоў чалавека для дасягненьня палітычных ці эканамічных мэтаў, для абгрунтаваньня ўмяшаньня ва ўнутраныя справы сувэрэнных дзяржаў, аднабаковых, прымусовых захадаў, а тым больш, сілавых дзеяньняў, якія вядуць да пакутаў простых людзей. І ўжо зусім блюзьнерскім зьяўляецца выкарыстоўваць такія трагедыі, як подлае забойства Барыса Нямцова, для спробаў падмяняць органы сьледзтва і правасудзьдзя, высоўваючы адкрыта палітызаваныя, галаслоўныя і правакацыйныя інтэрпрэтацыі», — сказаў Лаўроў.

Ён запэўніў, што «бруднае злачынства» — забойства апазыцыянэра — будуць расьсьледаваць з усёй строгасьцю закону, а вінаватыя ня сыдуць ад адказнасьці.

XS
SM
MD
LG