Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Італьянец распавёў, як здымаў фільм пра Беларусь: «Мы сталі сапраўднымі параноікамі ў апошнія дні»


«Эўрапейская Паўночная Карэя», «апошняя дыктатура Эўропы», «краіна-прывід». Гэтак дакумэнтальны фільм «Made in BY» італьянскага рэжысэра Люіджы Мілярдзі апісаны на сайце.

Сам рэжысэр і здымачная група некалькі разоў наведалі Беларусь, агулам яны жылі тут каля двух месяцаў. Цягам гэтага часу размаўлялі зь незалежнымі творцамі — мастакамі, музыкамі, журналістамі, фатографамі, у тым ліку са Зьмітром Вайцюшкевічам, Артурам Клінавым, Лявонам Вольскім, Аляксандрам Памідоравым, Юрыем Хашчавацкім, Валянцінам Стэфановічам ды іншымі.

Навошта італьянцы паехалі здымаць фільм пра Беларусь, што іх найбольш уразіла і чаму яны называюць яе «Эўрапейскай Паўночнай Карэяй»? Пра гэта Радыё Свабода паразмаўляла з рэжысэрам фільму «Made in BY» Люіджы Мілярдзі.

— Чаму вы абралі Беларусь? Гэтая краіна даволі нетыповая для сучасных дакумэнталістаў.

— Мяне заўсёды вельмі захапляла гісторыя і культура былога Савецкага Саюзу, і Беларусь, на мой погляд, была месцам, дзе я мог дагэтуль пабываць у экзатычнай атмасфэры яшчэ часоў перад гэтак званай перабудовай. У Беларусь дагэтуль няма ані IKEA, Zara, H&M, Ryanair, ані Шэнгенскага пагадненьня. Гэта можа быць кепска для беларускага грамадзяніна, але — хоць гэта і цынічна — гэта добра для антраполяга. Іншы аспэкт, які мяне вельмі зацікавіў, гэта назіраньне за тым, як моцна палітычная сыстэма ўплывае на культурнае жыцьцё і як можа творчасьць выжыць у герархічным рэжыме.

— Вы прыехалі ў Беларусь і жылі там нейкі час. Што вас найбольш зьдзівіла?

— На першы погляд, Беларусь падавалася мне наборам прыгожых карцінак з футурыстычнага фільму 20-х гадоў Фрыца Лянга і запраектаваным Ле Карбюзье. Тое, што я ўбачыў, калі прыляцеў у Менск, было чымсьці велічным і жалобным адначасова — гэта фасады з граніту шмат якіх будынкаў і гвазьдзікі на вітрынах кветкавых крамаў у падземных пераходах. Беларусь мне падалася хутчэй не краінай утопіі, а краінай негэнтрапіі, дзе ўсё засталося бязь зьменаў цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў. Гэтак жа японскія жаўнеры пакінулі выспы, якія ўтрымлівалі цягам 30 гадоў пасьля заканчэньня вайны, беларусы, як мне падаецца, засталіся верныя лініі, нягледзячы на новы напрамак, прыняты гісторыяй і адстаўкі ўласнага генэрала.

Нягледзячы на рамантычны сцэнар фільму, у мяне склалася ўражаньне, што Беларусь мае моцную, глыбокую і цікавую культуру, якую варта адкрываць. Я ніколі ня жыў у краіне, у якой ёсьць дыктатура. Я размаўляў са многімі людзьмі ў Беларусі і стараўся больш зразумець сытуацыю. З часам я разумеў усё больш, як гэта выглядае.

— І як на ваш погляд, усё гэта выглядае?

— Цяжка абагульніць, але мне падаецца, што мы можам назіраць моцны ўплыў палітыкі на жыцьцё. Я таксама сустрэў шмат мастакоў, таму што гэты праект датычыць мастацтва, культуры. Таму я мяркую, што гэты моцны ўплыў палітыкі ёсьць таксама на мастацтва, культуру і на ўсё астатняе — на моду, графічны дызайн і гэтак далей. Ёсьць гэты стэрэатып, што ў цяжкіх умовах цяжка стварыць добрыя творы мастацтва. Але я мяркую, што ў Беларусь ёсьць моцная незалежная культура. Але нават калі мастакі не займаюцца аніякім палітычным мастацтвам, то палітыка таксама мае на іх уплыў. Гэта і цэнзура, і самацэнзура.

Люіджы Мілярдзі

Люіджы Мілярдзі

— На сайце фільму вы кажаце пра Беларусь як пра «Эўрапейскую Паўночную Карэю», але калі вы прыехалі туды, вы ўбачылі асяродкі незалежнай культуры, мастацтва. Ці зьмянілася вашае меркаваньне пра Беларусь у гэтым кантэксьце?

— Калі казаць пра палітычныя рэчы, мне падаецца, што Беларусь засталася больш у савецкім пэрыядзе, чым Масква, хоць там таксама цяжка ствараць мастацтва. Сытуацыя, вядома, разьвіваецца вельмі хутка, але з 2013 году, я мяркую, Лукашэнка атрымаў яшчэ больш улады, міжнародных крэдытаў — таксама дзякуючы вайне ва Ўкраіне, таму цяпер ёсьць нават менш шанцаў для радыкальных палітычных пераменаў у кароткатэрміновай пэрспэктыве.

— Ці былі ў вас якія-небудзь праблемы ў Беларусі, калі вы рабілі фільм?

— Не, у нас не было якіх-небудзь праблем, таксама таму, што мы прыехалі ў Беларусь у якасьці турыстаў, ведаючы, што нам было бы нашмат больш складана, калі б мы прыехалі як журналісты. Нягледзячы на тое, што нічога ня здарылася, мушу прызнаць, што мы сталіся сапраўднымі параноікамі ў апошнія дні здымкаў, асабліва пасьля размовы з Францішкам Вячоркам і Паўлам Вінаградавым. Мы пачалі чуць дзіўныя гукі ў нашых мабільных тэлефонах, падчас карыстаньня інтэрнэтам пачалі здарацца дзіўныя праблемы. Мы ня ведаем, ці за намі сачылі, але страх страціць запісаны матэрыял даў нам сапраўды вострыя адчуваньні.

— Які пасыл вашага фільму гледачам? Для каго вы зьнялі фільм?

— Я спрабаваў наколькі мог, каб ня даць якога-небудзь перадузятага палітычнага пасланьня гледачам, але палітыка зьяўляецца непазьбежнай дзейнай асобай у фільме. Я спрабаваў перамясьціць фокус на культуру і на жыцьцё маладых людзей, якія падзяляюць мае каштоўнасьці і мары, як і многіх эўрапейцаў. І гэта мэта фільму: больш даведацца пра гэтых людзей і гэтыя гісторыі. Таму гэта фільм для такіх італьянцаў і эўрапейцаў, як я. Я дакладна не здымаў фільму для актывістаў ці праваабаронцаў.

5 і 10 сакавіка фільм «Made in BY» пакажуць на найбуйнейшым фэстывалі дакумэнтальных фільмаў пра правы чалавека «Адзін сьвет», які праходзіць у Празе, а таксама іншых чэскіх гарадах. Гэта найбуйнейшы кінафэстываль такога кшталту ў сьвеце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG