Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крывавыя катлы вайны вачыма ўкраінскіх салдат


Крэмль працягвае настойваць, што нібыта ня мае дачыненьня да збройнага канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Між тым здабыткам галоснасьці ўсё часьцей становяцца факты прысутнасьці расейскіх падразьдзяленьняў на Данбасе — салдаты падрабязна расказваюць пра мабілізацыю на вайну. Пра руку Масквы кажуць добраахвотнікі і байцы Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны: па іх словах, апалчэнцы ня здольныя ваяваць на ўзроўні прафэсіяналаў, а ўкраінцам супрацьстаіць добра падрыхтаваны праціўнік.

Сваім ўражаньнямі зь перадавой дзеляцца галоўны сяржант выведнага ўзводу 128-й горна-пяхотнай брыгады Сяргей Лугера і старшына, камандзір аддзяленьня таго ж узводу Ігар Доўбыш. Абодва прайшлі самыя гарачыя пункты, атрымалі раненьні ў баях за Дэбальцава, а пасьля ўсталяваньня хісткага міру па ратацыі выведзеныя на «вялікую зямлю».

Суразмоўцы расказваюць ня толькі пра стаўленьне да агрэсара, але і саромяць штабістаў, многія зь якіх паказалі сябе прафэсійна непадрыхтаванымі. У прыватнасьці, жаўнеры перакананыя, што можна было пазьбегчы «крывавых катлоў», уратаваўшы сотні жыцьцяў.

Пра «катлы» і асабісты інтарэс военачальнікаў

Лугера: Было цалкам рэальна пазьбегнуць Ілавайску і Дэбальцава. Сутнасьць у наступным. Інфармацыя пра падрыхтоўку Дэбальцаўскага катла ў нас як разьведчыкаў была ўжо амаль 4 месяцы таму. Былі мапы, былі палонныя, якія пра гэта гаварылі, былі GPS-навігатары, якімі яны намацвалі мясцовасьць і рыхтавалі спробы прарыву. Апроч таго, нейкія напрамкі перакрывалі, мініравалі, каб мы потым туды не прарваліся. Іншымі словамі, была доўгатэрміновая падрыхтоўка, і гэтай інфармацыі ад нас паступала зь лішкам. Прычым ня толькі мы давалі, розныя іншыя падразьдзяленьні былі задзейнічаныя: агентурная выведка, контравыведка давалі тое ж самае. Разумееце, інфармацыі было валам — рэакцыі не было ніякай. Вось чаму я лічу, што ўсё было загадзя сплянавана, вось чаму тут могуць быць задзейнічаныя грошы. Сьвядома кідаць ката ў мех у такой сытуацыі ніхто ня будзе, рызыкоўна. А значыць, нехта з усяго гэтага меў пэўныя інтарэсы. Я збольшага вобразна кажу пра грошы, але адназначна чыясьці выгада ў гэтым інтарэсе. Бо пакінуць такую колькасьць людзей, каб іх разьмясілі, — гэта трэба мець вельмі высокую матывацыю. Таму што за гэта калі-небудзь давядзецца адказаць.

Сяргей Лугера

Сяргей Лугера

Доўбыш: Вы ведаеце, мала каму хочацца паміраць проста таму, што хтосьці, умоўна кажучы, узяў грошы за тваё жыцьцё. Я вам кажу шчыра, і мяне, думаю, падтрымаюць усе астатнія. Калі ваяваць, калі гэта вайна і яна менавіта такая, якой павінна быць, — калі ласка, мы будзем адстрэльвацца да апошняга патрона, тут без пытаньняў. Але калі цябе проста прадаюць, каб цябе расстралялі і зрабілі героя (пасьмяротна) — маўляў, пацаны, малайцы, стараліся, але не змаглі — то гэта бесчалавечная прафанацыя. Чаму? Таму што чалавека ўзнагародзіць пры жыцьці мы ня можам, мы толькі пасьмяротна ўзнагароджваем; толькі сваім жыцьцём чалавек можа зарабіць вось гэтыя ўзнагароды. Сумна і крыўдна.

Пра ачышчэньне, маральны дух і кіраваны страх

Лугера: На маральны дух уплываюць многія фактары, але ж зразумейце — нічога не бывае адразу. То бок армія пасьля такога працяглага застою толькі пачынае рэфармавацца. Армія, народ, улада пасьля столькіх гадоў бардаку нарэшце становіцца на шлях ачышчэньня. Канечне, сумна, што гэтае ачышчэньне праходзіць крывёю. Але ад гэтага нікуды не падзенесься, у нас такая гісторыя, у нас такая зямля, ва ўсе вякі гэта праходзіла праз кроў. Застаецца толькі верыць, што пасьля цемры заўсёды наступае сьвітаньне. Таму цяпер ідзе рэформа, якая павінна аддзяліць зерне ад рознай заразы. Так, людзі паміраюць, але ад гэтага нікуды не схаваесься. Вайна.

Ігар Доўбыш

Ігар Доўбыш

Доўбыш: Што тычыцца духу. Зразумела, што падціскае ў тым ліку і маральна. Але ўсё хутка адсейваецца, калі пачынаеш працаваць — абстрэл, атака. Калі сканцэнтраваны, ты гэта ўсё проста выкідаеш з галавы і робіш тое, што ад цябе патрабуецца. Ня ведаю, як у іншых часьцях, але там, дзе былі мы, хлопцы трымаліся малайцом. Зразумела, што ўсё бывае і розныя людзі трапляюцца, але іх настолькі мала, што стараесься нават не заўважаць. Так, селі, паабураліся між сабой, крыўдна ў душы, але праца пайшла — і ўсё, ты адключаесься... Само сабой, страх прысутнічае. Як мне падаецца, толькі ў ідыёта ня можа быць гэтага адчуваньня. А ў дадзеным выпадку страх — гэта спосаб самазахаваньня. Пачынаеш больш абвострана думаць, як правільна зрабіць, як прыкрыць сябра, бо сябра прыкрые цябе. Давесьці да аўтаматызму гэтую зьвязку, адшліфаваць. Вось гэта і ёсьць праца ў ваенных умовах. Страх зразумелы, але ж трэба ўмець яго кантраляваць, прыводзіць усё ў норму.

Пра «ўмоўных» ворагаў і «паважаных» праціўнікаў

Доўбыш: З таго боку асабіста для мяне — праціўнік. Нават ня тое што кроўны вораг. Я не магу яго ненавідзець, рваць яго, грызьці зубамі — не, гэта проста праціўнік на вайне. Я выконваю сваю працу, па сваёй спэцыяльнасьці. Гэтаксама і ён адпрацоўвае па мне, выконвае заданьне сваіх камандзіраў. Такой нянавісьці, якую, дарэчы, бачыў зь іх боку, у мяне няма. А вось яны нашых палонных «трохсотых» (клясыфікацыя параненых — РС) вярнулі нам «двухсотымі» (забітымі — РС), з кантрольным стрэлам у галаву. Навошта, калі ён і так мёртвы, дабіваць у галаву? А калі яны так зрабілі, значыць, былі хлопцы «трохсотымі», параненымі. А колькі абразаюць, зьдзекуюцца. Двух пацаноў хавалі, дык яны ім вушы паабразалі, не хачу гаварыць, што яшчэ адрэзалі. Гэта няправільна. Праціўнік ёсьць праціўнік, адпрацаваў — рыхтуйся да новага бою, навошта яго ненавідзець аж да такой ступені? Мы працуем па адной схеме.

Навошта, калі ён і так мёртвы, дабіваць у галаву? А калі яны так зрабілі, значыць, былі хлопцы «трохсотымі», параненымі.

Лугера: Мая асабістая думка адносна ўсіх гэтых Гіві, Матаролаў, «байкераў-рокераў» (канкрэтныя і абагульненыя баевікі, якія бравіруюць забойствамі ўкраінцаў — РС) — гэта ўсё клясна, чувакі працуюць на камэру. Але ўсяму ёсьць адказ, калі ня ў гэтым сьвеце, то рагаты дзядзька зь віламі па-любому смалу для яго ўжо рыхтуе і будзе штрыкаць яму ва ўсе дзіркі. Я скажу адно: сутнасьць у тым, што калісьці гэтаму ўсё ж прыйдзе канец. Паглядзіце, як правіла, яны там паміж сабой толкам разабрацца ня могуць. Ну добра, Гіві — піяршчык, якая да яго агрэсія? Я яго, ведаеце, успрымаю гэткім дурачком, які разьлічвае на нейкую рэкляму, але свае ж потым яго і закатуюць. Таму што такі прыбабахнуты чувак нікому не патрэбны. Ну вось выклаў ён відэа. Чаго ён гэтым дабіваецца? Ён што, умацоўвае маральны дух? Ды не, толькі азлабляе супраць сябе. Нехта ж яго знойдзе, зловіць некалі. Будзе ісьці па горадзе таварыш Гіві, а насустрач яму — Федзя Пятроў, які толькі праспаўся з бадуна: «Опанькі, дык гэта ж Гіві, які нашых пацаноў у расход пускаў, а ну сюды!» За вуха яго, за вугал — і давай там на рамяні распускаць. Так і будзе. А злосьці да яго няма, ён проста сам для сябе піша гісторыю.

Пра ультрасучасную зброю «шахтараў-апалчэнцаў»

Лугера: Тое, што там нібыта ваююць «узброеныя шахтары» — гэта поўная брахня. Я вам скажу такое. Прыкладам, ёсьць лінія дамоў. Яны з таго боку ведаюць, што на гэтай лініі дзесьці стаіць наш танчык, і пачынаюць працаваць у шахматным парадку. Значыць: у адзін бок чалавек прайшоў мінамётам, праклаў дарогу, а потым дакладна гэтаксама назад, як па шахматнай дошцы. Проста нейкі левы ваяка, які дзесьці адбыў тыднёвую падрыхтоўку стральбы зь мінамёта, так не прастраляе, разумееце? Ігар таксама расказваў, што ўжо былі апрабаваныя новыя міны, якія выбухаюць на падлёце і так сякуць, што ні акопы не дапамагаюць, ні нейкія іншыя прымітыўныя ўмацаваньні. Вось яны ў Дэбальцаве і Ілавайску ўжо імі і клалі, таўклі па-багатаму. Іншымі словамі, прыехалі туды хлопцы, перад якімі паставілі задачу зьмяць усё падчыстую. А з улікам таго, што яны, мабыць, ведалі, што адказу ня будзе, то зрабілі гэта без аніякіх праблемаў. Танчык адзін выйшаў, потым другі, сталі на пагорку і пачалі «прасаваць». Візуальна іх бачылі, але з гранатамёта дальнасьць папросту не дазваляла іх дастаць. Гэта трэба было ці таксама такім жа танчыкам выходзіць, ці артылерыяй крыць. Дык што ж гэта за «шахтары»?

Пра салідарных беларусаў і «рацыянальных» чачэнцаў

Лугера: Ёсьць беларусы, людзі прыяжджаюць, каб падтрымаць. Нават скажу больш: адмыслова прыяжджалі зь Беларусі ў Кіеў, перадавалі з валянтэрамі прадукты, лекі, яшчэ нешта. То бок, не называючы сябе, але робячы гэта цалкам сьвядома. Я пра такія выпадкі ведаю, бо кантактаваў зь людзьмі, мне расказвалі. Прычым перадачы досыць важкія, два ці нават тры бусы пад завязку ўпакаваныя — пачынаючы ад нейкай дробязі і заканчваючы прадуктамі. Ня ведаю, пастаўлена гэта на паток ці была разавая акцыя, але хлопцы асабліва падкрэсьлівалі, што зь Беларусі. Тое, што беларусы ваююць у добраахвотных батальёнах — таксама дакладна ведаю, неаднаразова перасякаліся. Зрэшты, ня толькі беларусы, людзі адусюль ёсьць. Таму што бачаць сытуацыю, ня могуць заставацца абыякавымі.

Зрэшты, ня толькі беларусы, людзі адусюль ёсьць. Таму што бачаць сытуацыю, ня могуць заставацца абыякавымі

Доўбыш: Адносна іншаземцаў, якія ваююць за «сэпараў». На ўзроўні дывэрсійна-выведных групаў шчыльна сутыкаліся з расейскімі апалчэнцамі. Увогуле наёмнікаў там усялякіх — тыя ж сэрбы, тыя ж кадыраўцы, як іх звычайна называюць па тэлевізары. Дарэчы, ведаю, што ёсьць каўказцы і на нашым баку, цэлы батальён імя Шэйха Мансура. Праўда, не зусім у курсе, ці там абхазы, ці чачэнцы, у любым выпадку — людзі з Каўказу. Што тычыцца чачэнаў на тым баку, то яшчэ ў Нікішыне, дзе нас крыху папрасавалі, некалькі разоў чулі, як яны крычалі: «Гатовтэс, бошкі рэзат будэм». Ну, на псыхіку спрабавалі ціснуць. Мабыць, проста не зразумелі, што мы ня новенькія, ужо абстраляныя, хлопцаў гэта толькі завяло. Магу сказаць, што чачэнцаў ніводнага сярод «двухсотых», «трохсотых» ня бачыў. Яны толькі ў інтэрнэце паказваюць: калі разьбілі калёну, параненых дабівалі, больш ні на што ня здатныя. У мяне склалася такое адчуваньне, што гэта людзі бяз гонару, баязьліўцы, груба кажучы. У бой, мне падаецца, баяцца ісьці. Зразумела, што апалчэнцаў прасьцей паслаць на бойню. А вось расейцы добра працуюць, трэба аддаць належнае — добрыя салдаты, падрыхтаваныя.

Пра алькаголь і спосабы эмацыйнай разгрузкі

Лугера: Скажу шчыра — алькаголь там забаронены, з гэтым вельмі строга. Ёсьць, вядома, па сваёй сутнасьці людзі, якія злоўжывалі яшчэ на «гражданцы», але справа ў тым, што калі ты п’еш, то, як бы гэта дакладней сказаць...

Доўбыш: Ты труп...

Лугера: Ну вось Ігар сказаў коратка, што я хацеў разгарнуць (абодва сьмяюцца). Спэцыфіка працы і дзеяньняў такая, што піць папросту нельга. На Новы год шампанскага крыху выпілі, і ўсё. Як расслабляемся? Жартуем, дурэем. Гэта тут мы сядзім — здаровыя дзядзькі, сур’ёзныя, а там мы як дзеці. Можам адзін аднаго пакруціць, у кучу малу заваліцца — відаць, дзіка глядзіцца, калі натоўп дарослых мужыкоў валяецца, шалее. Сябрук наш Віталік дагэтуль згадвае, што я не падразьлічыў і галаву яму пакусаў, як сабака. Ну, а як яшчэ? Дурасьць у добрым сэнсе, гумар — тое, што сапраўды ратуе. Скідваем крыху ўвесь дэпрэсьняк — і ўжо нармальна. А што алькаголь? Так, выпіў, яно табе галаву задурманіла, а дзесьці трэба дзейнічаць, нейкі абстрэл — ты ўжо ня зробіш гэта хутка і добра. Да таго ж на наступную раніцу прачынаесься — і перад вачыма тая самая карціна, алькаголь не ўратуе. Таму трэба акцэнтавацца на ўзаемінах, на сяброўстве, на ўзаемавыручцы. Нешта разам будуеш, нейкія пазыцыі, гэта таксама адцягвае ад непатрэбных думак. Вось так дзень за днём і ідзе.

Пра менскія дамоўленасьці і «бяздонную бочку»

Лугера: У цяперашняй сытуацыі цяжка нешта нават прагназаваць — пры якім раскладзе лепш будзе, а пры якім горш. Усё запушчана да такой ступені, што нешта адкруціць назад надзвычай праблематычна. Трэба было вырашаць і заканчваць тады, як гэта толькі пачыналася, як гэта яшчэ было антытэрарыстычнай апэрацыяй, а не было, як цяпер, вайной. Пытаньне заключаецца ў тым, якія канкрэтна пляны ў Пуціна. Курсуе інфармацыя, што Расея нібыта рыхтуе войскі для ўваходу на харкаўскі кірунак, на Марыюпаль. Так ці не, для нас галоўнае, каб гэтую цішыню выкарысталі правільна — для падрыхтоўкі рэзэрву, для ўмацаваньня пазыцый і г.д. А далей будзем глядзець, як карта ляжа. Я чамусьці думаю, што з таго боку яны ўжо проста так ня будуць спыняцца, ёсьць пэўныя мэты, і на паўдарозе згортвацца проста нелягічна. Гэта, ведаеце, як шкадлівы кот. Адну лапку паставіў — ага, не аблаялі, другую паставіў — сьцярпелі, то чаго не залезьці ў сьмятану цалкам? У нашым выпадку тое самае: калі няма нармальнага адпору — будуць спрабаваць. Зрэшты, наступае час фізычнага і маральнага зьнясіленьня, паўстае пытаньне фінансаваньня той бестэрміновай апэрацыі. Тэхніку перакідваць, грошы плаціць — усяму ёсьць мяжа, бяздоннай бочкі няма. Так ці інакш, некалі сам па сабе прыйдзе час, калі яны выдыхнуцца і будуць згодныя размаўляць. А ўсе гэтыя менскія дамоўленасьці, якія нядаўна адбыліся, асабіста я лічу пустым звонам.

XS
SM
MD
LG