Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моўчан і Naka не дамовіліся пра «Малітву». 24 сакавіка будзе суд


Гурт Naka на канцэрце-прэзэнтацыі праекту «Re: Песьняры»

Гурт Naka на канцэрце-прэзэнтацыі праекту «Re: Песьняры»

3-га сакавіка адбылася дасудовая размова ў справе кампазытара Алега Моўчана, які падаў у суд на вакалістку гурту Naka Насту Шпакоўскую.

Як паведамляе музычны партал tuzin.fm, падчас размовы ў Вярхоўным судзе судзьдзя Іна Цысік выслухала довады абодвух бакоў. Наста Шпакоўская прызнала факт перапрацоўкі кампазыцыі Моўчана «Малітва», якую выканала падчас канцэрту-прэзэнтацыі праекту «Re: Песьняры», але палічыла суму кампэнсацыі, якую просіць кампазытар, неадэкватнай.

Сьпявачка зьвярнула ўвагу на тое, што іх праца ў межах праекту ня мела на мэце камэрцыйнай нажывы і зьяўлялася данінай павагі творчасьці ансамбля «Песьняры». Твор быў выкананы адзін раз з пэўнай нагоды і ў музыкаў не было мэты выдаваць яго і распаўсюджваць. Наста выказала гатоўнасьць сплаціць кампэнсацыю ў памеры 1 мільёну рублёў.

Алег Моўчан з такой сумай не пагадзіўся і спаслаўся на тое, што мае аплаціць паслугі нанятага ў гэтай справе адкавата. Таму патрабуе 18 мільёнаў за адзінкавае выкананьне сваёй песьні, на якую ён мае выключныя правы. У гэтым моманце суду давядзецца разабрацца, бо Моўчан ня раз прызнаваўся ў інтэрвію, што стварыў яе на замову Мулявіна ў той час, калі працаваў у складзе «Песьняроў».

Наста прызнае сваю памылку: «Мы не падумалі пра тое, што твор, які зьяўляецца важным для ўсіх беларусаў, можа належаць аднаму канкрэтнаму чалавеку, які пісаў яго на замову іншага чалавека, працуючы ў дзяржаўным ансамблі».

Першае судовае паседжаньне ў гэтай справе прызначана на 24 сакавіка. Суд мае намер дапытаць у якасьці сьведкаў кіраўніка і прадусара праекту «Re: Песьняры» Сяргея Будкіна, а таксама музыкаў гурту Naka, якія выканалі разам з Настай на сцэне «Малітву».

XS
SM
MD
LG